На жыццёвы прастор – з ведамі

Грамадства

globuc

Сёння з дзяцінствам развітаюцца юнакі і дзяўчаты, якія больш ніколі не пераступяць парог сваіх навучальных устаноў у якасці вучняў.Для іх будзе гучаць апошні званок. 

У гэты дзень пераплятуцца самыя розныя эмоцыі і пачуцці: радасць – ад пачатку жаданага летняга адпачынку, гонар – ад дасягнутых поспехаў, сум – ад развітання з дзяцінствам… На ўрачыстую лінейку ў школьным двары збяруцца вучні, іх бацькі, педагогі, госці. І нехта падумае: як імкліва праносяцца вёсны! Яшчэ, здаецца зусім нядаўна гэтыя юнакі і дзяўчаты стаялі на месцы цяперашніх першакласнікаў, а сёння ўжо ўступаюць у дарослае жыццё, поўнае цяжкасцей, нечаканых паваротаў, самастойных рашэнняў. Яны, вядома, стануць галоўнымі героямі дня.

Сёлета адзінаццатыя класы ў нашым раёне заканчваюць 138 вучняў, дзявятыя – 173. Менавіта ім будуць адрасаваны самыя важныя словы ад прадстаўнікоў мясцовай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. І,вядома ж, ад настаўнікаў, якія ведаюць усе асаблівасці характараў, моцныя і слабыя бакі сваіх сваіх выхаванцаў: на вачах раслі, памыляліся, вучыліся… Не заўсёды былі стараннымі і паслухмянымі. Але так шкада развітвацца, балюча адрываць ад сэрца.

Пасталеўшыя, яны падзякуюць сваім педагогам за веру ў іх здольнасці і бясконцую дабрыню, строгасць і цярплівасць, настойлівасць і патрабавальнасць. За тое, што гадамі выхоўвалі ў іх лепшыя чалавечыя якасці, усялялі ўпэўненасць у сваіх сілах, вялі па шляху ведаў.

Бацькам, безумоўна, захочацца, каб іх сыны і дачкі яшчэ хоць на нейкі час затрымаліся ў дзяцінстве: па шчацэ скоціцца няпрошаная сляза. Як не пабыць у гэты дзень разам з пасталелымі нашчадкамі, не раздзяліць з імі радасць урачыстасці і лёгкі смутак. Найбольш паспяховыя выпускнікі, дарэчы, атрымаюць грашовыя прэміі райвыканкама.

Па добрай традыцыі заахвоцяць і вучняў, якія з’яўляюцца гонарам сваіх устаноў адукацыі – дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, творчасці, спорце і г.д. Многім бацькам уручаць лісты з падзякай за дастойнае выхаванне сваіх дзяцей. Будуць таксама адзначана стараннасць, плённая праца педагогаў.

Урачыстыя лінейкі зменяць мерапрыемствы, якія ўжо пройдуць унутры памяшканняў і раскрыюць талент, творчыя здольнасці, сцэнічнае майстэрства вучняў. Але спачатку – развітальная песня апошняга званка… Падвядзецца рыса школьнаму марафону даўжынёю ў дзевяць ці адзінаццаць гадоў.

Здаецца, планы намечаны, мэты вызначаны, але хваляванне перад будучым не знікае: што там, наперадзе, пасля экзаменаў і выпускнога балю? Усё павінна атрымацца, як задумалі. Калі ўзяць з сабой у дарогу трывалыя веды, стараннасць, настойлівасць у дасягненні мэтаў. Ключ да поспеху – у асабістых руках.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *