Цеплыня адносін: аквамарынавае вяселле адзначыць сямейная пара з Камарына

Грамадства

kaladaПара, якая пражыла разам 62 гады, па традыцыі святкуе аквамарынавае вяселле. І нездарма так кажуць, бо гэтаму каштоўнаму самацвету прыпісваюць магічныя ўласцівасці, якія робяць яго талісманам вернага кахання, засцерагальнікам сямейнага шчасця.

Менавіта такую гадавіну 17 чэрвеня будуць адзначаць Міхаіл Андрэевіч і Надзея Іванаўна Каляда з Камарына. Вось ужо больш чым паўвека яны крочаць па жыцці разам. Пражыць такі адрэзак часу поруч – гэта не толькі вялізнае шчасце, але і цяжкая паўсядзённая праца, якая не кожнаму пад сілу. Многім варта павучыцца ў іх сакрэту захаванасці ўзаемнага кахання і павагі. Радуе, што ў нашым раёне ёсць прыклады дружных сем’яў, дзе берагуць, шануюць і паважаюць адзін аднаго, дзе захоўваюцца лепшыя традыцыі і патрабавальна ставяцца ў першую чаргу да сябе.

kalada3
Міхаіл Андрэевіч нарадзіўся і жыў у вёсцы Кірава. Ваенную службу праходзіў у Маскве ў асобным шостым батальёне сувязі. Там ён атрымаў прафесію вадзіцеля. Пасля службы яшчэ тры гады працаваў у белакаменнай. Затым вярнуўся на радзіму, уладкаваўся ў калгас, дзе не адно дзесяцігоддзе правёў за баранкай аўтамабіля. “Яго вельмі паважалі, бо адказны быў і руплівы”, − з гонарам за мужа гаворыць Надзея Іванаўна. Крыху памаўчаўшы, працягвае: “Машын у той час мала было, на ўвесь калгас адна “палутарка”, і тая няспраўная. Старшыня яму сказаў: “Калі збярэш яе, атрымаеш новую.” І ён сабраў… А вось гэта яго ўзнагароды і дыпломы”, − у пацвярджэнне сваіх слоў жанчына паказвае працоўныя трафеі мужа. Сярод іх − ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, медаль “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, значок “За працу без аварый”.

kolada 4

 

kolada 5
Дарэчы, сама Надзея Іванаўна − з вёскі Верхнія Жары, што на мяжы з Украінай. Адсюль і асаблівасць яе маўлення. З адзінаццаці гадоў засталася адна, бо бацькоў прызналі кулакамі і саслалі. Нават цяжка і ўявіць, колькі гора прыпала на яе дзяцінства. У 24 гады выйшла замуж і пераехала да суджаннага ў Кірава. Першы час працавала звеннявой у калгасе, потым займалася хатняй гаспадаркай і дзецьмі. Іх у сям’і было трое. Таму і гаспадарку трымалі вялікую. “Адзенне і новае шыла, і са старога перарабляла вось на гэтай машынцы. Яе пасля вайны з Германіі прывезлі, − паказвае яна ў бок рарытэтнага “Зінгера”. – Шыла не толькі вопратку, але і тапкі, буркі, ткала, вязала з канаплі.”

kalada 2
Тканыя пакрывалы, палавікі, вышываная бялізна, яркія квяцістыя сукенкі, цеплыя бурачкі – усё створана руплівымі рукамі гаспадыні. Гэтыя рэчы і зараз ствараюць утульнасць і надаюць асаблівы каларыт дому. А нерастрачанныя любоў і ўвага, якіх ёй так не хапіла ў свой час, спаўна дасталіся дзецям і мужу.
“Бацькі выхавалі нас добрымі людзьмі, − кажа дачка Марыя Міхайлаўна. – З малых гадоў прывівалі любоў да працы, далі належную адукацыю. Тата заўсёды быў для нас прыкладам чалавека мэтанакіраванага і актыўнага. Акрамя работы, займаўся грамадскай дзейнасцю: дванаццаць год аддаў дэпутацкай справе. А якая маці гаспадыня! Якія смачныя ў яе бліны, піражкі і коржыкі…У тым, што я ўсё ўмею, яе заслуга.”
Гады, безумоўна, пакінулі свой адбітак, але, нягледзячы на гэта, Міхаіл Андрэевіч і Надзея Іванаўна шчаслівыя, сардэчныя і гасцінныя людзі. А іх дом − гэта поўная чаша, ад якой вее цеплынёй, дабрынёй і ўтульнасцю. І кожнаму, хто сюды завітае, яны рады. Можна казаць, што гэта асаблівасць беларускага менталітэту, але я цвёрда веру, што там, дзе жыве любоў, яе хапае на ўсіх.
Вялікая і дружная сям’я − бясцэнны скарб. Таму пару можна лічыць вельмі багатай. У іх трое дзяцей, пяць унукаў і адзінаццаць праўнукаў. І няма большай радасці, як сабраць усіх за адным сталом. Безумоўна, яны прыедуць на гадавіну вяселля, каб павіншаваць дарагіх сэрцу людзей і ў чарговы раз крыкнуць: “Горка!”

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *