Сустрэчы з чытачамі для супрацоўнікаў раёнкі сталі традыцыйнымі. Гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з тымі, для каго мы ствараем газету. Мы раімся з нашымі падпісчыкамі, гатовы выслухаць і прыняць да ведама любыя слушныя парады і заўвагі. У чарговы раз пераканаліся: “Маяк Палесся” для многіх – любімая газета, і мы павінны ўсё зрабіць для таго, каб апраўдаць спадзяванні нашых чытачоў.
У мінулы чацвер мы разам з работнікамі аддзялення сувязі райцэнтра праводзілі дзень падпісчыка. Брагінчане падчас сустрэчы выказвалі цёплыя словы ў адрас супрацоўнікаў газеты. Прагучалі пажаданні, каб “Маяк Палесся” працягваў ісці ў нагу з часам, быў жаданым госцем у кожным доме і дапамагаў вырашаць злабадзённыя пытанні.
– Вельмі люблю чытаць “Маяк Палесся”, – прызналася прадавец магазіна №58 Ларыса Бабіч. – Тут можна знайсці ўсе навіны нашага раёна і даведацца, калі і дзе будуць праходзіць розныя мерапрыемствы. Прыемна бачыць на старонках газеты матэрыялы пра людзей, якіх ты добра ведаеш. А ў адным з нумароў нават фотаздымак сыночка свайго ўгледзела.
Дні падпісчыка – добрая традыцыя. Чытачы могуць наладзіць не толькі канструктыўны дыялог з аўтарамі, сказаць добрае слова, але і ўзняць хвалюючыя пытанні на старонках мясцовай газеты. Аформіўшы падпіску, яны забяспечваюць сябе інфармацыяй. Ды і зручней, калі газета прыходзіць прама дамоў. Дарэчы, кожны, хто падпісаўся ў гэты дзень, атрымаў падарунак ад раёнкі.
Шчыра кажучы, падчас акцыі мы яшчэ раз пераканаліся, што нашы намаганні не дарэмныя: без інфармацыі сёння нельга. Хто валодае ёю, той валодае светам.
Яшчэ ёсць час, каб выпісаць “Маяк Палесся”. Паспяшайцеся на пошту і будзьце ў курсе ўсіх навін. Заставайцеся з намі!
Галіна ШАЎЧЭНКА
Фота аўтара,
Ірыны Стычынскай