Каля Асарэвіч арганізаваны дзіцячы турыстычны лагер

Спорт

Lager_0

У школьнікаў – самая любімая і бестурботная пара. Можна на цэлыя тры месяцы забыцца пра нудныя падручнікі і цяжкія заданні. Клічуць гульні і забавы, цікавыя заняткі і справы, свежае паветра, адпачынак у асяроддзі сяброў… Многім, дарэчы, выпаў шанц правесці дзевяць летніх дзён у вандроўным турыстычным лагеры палатачнага тыпу, які штогод арганізоўвае для сваіх выхаванцаў калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы паблізу вёскі Асарэвічы. І, здаецца, сама прырода навакольных мясцін настройвае вучняў на станоўчыя эмоцыі, прыдае сіл і здароўя.

Ужо па бадзёрым духу і прыўзнятым настроі хлопчыкаў і дзяўчынак можна было меркаваць: адпачынак пад адкрытым небам ім па душы. Тут калектывізму, самастойнасці вучацца не на словах, а на справах. Побач – ні прыбіральшчыц, ні повараў, ні занадта клапатлівых бацькоў. Уся “гаспадарка” трымаецца на ўласных руках: не нарыхтуеш, напрыклад, для кастра дроў – рызыкуеш застацца без абеда, не абсталюеш гульнявую пляцоўку – засумуеш па спартыўных баталіях і баявым камандным духу. Але такая рамантыка, як можна было заўважыць у дзень нашага прыезду ў лагер, дзецям падабаецца. Прываблівае і інтарэс жыцця на прыродзе, і захопленасць агульнай справай, і азарт у вырашэнні паўсядзённых праблем.

На беразе ракі размясціліся палаткі розных колераў і памераў, абсталяваны «кухня» і «сталовая», пляцоўкі для спартыўных і культурных мерапрыемстваў – усё зроблена юнымі асобамі пад кіраўніцтвам і пільным наглядам чатырох супрацоўнікаў ДЮСШ. Гультаёў і абібокаў лагер, безумоўна, не любіць. І гэта, з аднаго боку, выхоўвае пачуццё адказнасці, свядомую дысцыпліну, а з другога – выпрацоўвае ўменне пераадольваць цяжкасці, прыходзіць на выручку адзін аднаму.

Толькі за першую дзевяцідзёнку, з 3 па 11 чэрвеня, перавагу адпачынку ў турыстычным лагеры аддалі 40 юных брагінчан, у кожнага з якіх – сваё кола абавязкаў, свае справы і захапленні. Таму і сумаваць, як можна было ўпэўніцца ў момант нашай сустрэчы, не даводзілася нікому. Адны з запалам гулялі ў валейбол ці ганялі мяч па футбольным полі, другія нешта майстравалі ці сцішана сядзелі з вудамі каля ракі. Некалькі дзяўчынак якраз чысцілі на абед бульбу – для рыбнага супу. Знайшліся і такія, хто з ахвотай падзяліўся ўражаннямі ад папярэдніх дзён: найбольшае захапленне выклікалі конкурс малюнкаў і спаборніцтвы па плаванні. Апошнія, дарэчы, наладзіў для дзяцей старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Мікалай Катлабай. А вось і тройка пераможцаў: Дзяніс Даўжанок, Вячаслаў Цалуйка і Павел Лубкоў, якіх госць заахвоціў значкамі «Умею плаваць». Не была абмінута ўвагай таксама тэма правільных паводзінаў на вадзе, аб чым у тым ліку нагадвае і стэнд з нагляднасцю.

Lager_1Lager_2Lager_3Lager_4Lager_5Lager_6

Кожны дзень у лагеры, безумоўна, распісаны па гадзінах. І пачынаецца ён, як і павінна быць у юных спартсменаў, з зарадкі. Бытавыя клопаты змяняюцца гульнямі і конкурсамі, спаборніцтвамі і калектыўнымі справамі, пры спрыяльным надвор’і – купаннем у рацэ. І, вядома ж, нельга забываць пра трэніроўкі. А вечарам усе дружна збіраюцца каля кастра. Побач з падлеткамі, дарэчы, кругласутачна знаходзіцца адзін з супрацоўнікаў міліцыі.

Як расказаў дырэктар спартыўнай школы Уладзімір Корхаў, пабывалі ў гэтыя дні ў лагеры пад адкрытым небам супрацоўнікі Брагінскага РДК з канцэртам, а калектыў Асарэвіцкага дома народнай творчасці запрасіў юных турыстаў на культурнае мерапрыемства і дыскатэку ў сваю ўстанову.

Lager_7Lager_8Lager_9Каб пацікавіцца ўмовамі пражывання і адпачынку дзяцей, іх настроем, правесці прафілактычныя гутаркі, завіталі сюды таксама намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук, старшы ўчастковы інспектар ІСН Брагінскага РАУС Валерыя Кудрэнка, работнікі Новаіёлчанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. А старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Ясінская нават далучыліся разам з дзецьмі да працоўнага дэсанта: знайшлося нямала жадаючых накіравацца ў бліжэйшую ад Асарэвіч вёску – Галкі, каб навесці парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў, дзе пахавана 576 нашых вызваліцеляў, сем з якіх – Героі Савецкага Саюза. У работу ўсе ўключыліся з вялікім энтузіязмам.

Lager_10Lager_11Lager_12Lager_13Lager_14

Такія вось яны, дзевяць дзён, праведзеныя ў турыстычным лагеры. Для чарговай групы ў такім жа колькасным складзе адпачынак на ўлонні прыроды пачаўся ў мінулую суботу, а ў цэлым за тры змены тут плануецца аздаравіць 120 выхаванцаў спартыўнай школы, у тым ліку і з сельскай мясцовасці. На гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 96 мільёнаў рублёў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *