На сенажацях Брагіншчыны

Грамадства

komb

Сянаж працаўнікі ААТ “Малажынскі” рыхтавалі непадалёк ад Брагіна, і, едучы па шашы ў бок Дубліна, не заўважыць тэхніку было нельга. На “Ягуары” працаваў адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Міхаіл Калясан, пераможца абласного і раённага спаборніцтваў на нарыхтоўцы зялёнай масы.

Як расказаў Міхаіл Іванавіч, камбайн замежнай вытворчасці эксплуатуе сёмы год, сам рыхтуе яго да зялёнага жніва, ведае ўсе слабыя месцы у гэтай разумнай машыны. Дарэчы, высокапрадукцыйнай, з кандыцыянерам у кабіне. І калі яго калегі могуць пераключацца на іншыя віды работ, Міхаіл Іванавіч будзе задзейнічаны на кармавым полі да белых мух.

Здробненую падвяленую масу адвозілі ад камбайна тры механізатары “Малажынскага”: Сяргей Цалуйка, Уладзімір Харко і Сяргей Ігнаценка. Нягледзячы на тое што адлегласць да сянажнай ёмістасці ў Дубліне невялікая, не паспявалі. Заўважыўшы на дарозе два трактары, якія накіроўваліся ў наш бок, растлумачыў: “Гэта тэхніка з “Пераможніка”. Як высветлілася, Аляксей Ціханчук і Ігар Башараў прыехалі на дапамогу малажынцам. Нарыхтоўка кармоў патрабуе зладжанай работы і строгага захавання тэхналогіі, таму сельгасвытворцы прыходзяць на дапамогу адзін аднаму. У ААТ “Пераможнік” няма грабель, якія ёсць у іх суседзяў. Вось і дамаўляюцца, як лепш арганізаваць вытворчы працэс на зялёным жніве з карысцю для абодвух акцыянерных таварыстваў.

Цяпер Міхаілу Калясану давядзецца працаваць у больш напружаным рытме, што для майстра сваёй справы прывычна і не выклікае цяжкасцяў. Пасля таго як Валерый Калясан нарыхтуе дастатковую колькасць зялёнай масы для падкормкі жывёле, ён далучыцца да гэтага звяна і будзе касіць травы напрамую.

Для ўдзельнікаў корманарыхтоўкі арганізавана гарачае харчаванне, ды і заробкі ў іх нядрэнныя.

…Паплыў па полі камбайн, побач з ім – трактар з прычэпам. Следам няспешна пайшоў бусел, нібы правяраючы, ці якасна ўбіраюць травы людзі. Прывычны для такой пары малюнак. І хаця праца на нарыхтоўцы кармоў нялёгкая, ёсць у ёй і рамантыка.

komb 2

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *