Ураджэнцы Брагіншчыны: імя Уладзіміра Чапегі на радзіме не забытае

Грамадства

capega

Існуе выслоўе: “Усе дарогі вядуць у Рым”, якое мае пад сабой фактычную аснову. У старажытнасці Рым з’яўляўся цэнтрам імперыі, першыя дарогі злучылі яго з іншымі буйнымі гарадамі. Таму падарожнік, які трапіў на рымскую дарогу, мог бы без вялікіх намаганняў дабрацца да сталіцы старажытнай дзяржавы. У апошнія гады гэта, выслоўе набыло наша, беларускае гучанне: Беларусь як транзітная дзяржава, праз якую праляглі галоўныя шляхі, што злучаюць Захад з Усходам, або ўсе дарогі вядуць у Мінск у сувязі з палітычнымі абставінамі ў свеце.
У сакавіку бягучага года праводзіўся раённы конкурс “Гавары са мной па-беларуску”, адной з тэм для дзесяцікласнікаў была “Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз” (У. Караткевіч), г.зн., на сваю Радзіму. Доўга думалі вучні, пра каго б расказаць, перабіралі ў памяці імёны вядомых беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, дзеячаў, а хацелася знайсці імя сваё, з Брагіншчыны. І знайшлі.
Аказваецца, у Сяльцы нарадзіўся і жыў Уладзімір Пятровіч Чапега, вядомы беларускі перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, які пасля заканчэння школы паступіў у Мінскі інстытут замежных моў. Скончыўшы яго ў 1964 годзе, працаваў выкладчыкам у гэтым жа інстытуце. Затым, у 1973 годзе, экстэрнам скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, пасля служыў перакладчыкам у гарнізонах Беларусі і Германіі. Ажаніўся з нямецкай перакладчыцай Гундулай Рандаў і застаўся на яе радзіме. Амаль паўвека займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Дзякуючы яму, на нямецкай мове выйшлі два тамы твораў Васіля Быкава, раман Івана Мележа “Людзі на балоце”, кніга Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, беларускія народныя казкі і многія іншыя. Наш зямляк таксама перакладаў і творы з нямецкай мовы на беларускую, навелу Стэфана Цвэйга “Нябачная калекцыя” ў яго перакладзе вывучалі вучні ў 10 класе.

konkurc 3
Жыў Уладзімір Пятровіч у Германіі, у горадзе Нойштрэліц, а сэрцам і душою быў дома, у Беларусі. Прыязджаў па справах у Мінск, прывозіў сваю жонку Гундулу і ў Сялец, дзеля яе зрабіў балкончык у бацькавай хаце, адзіны ў вёсцы. Час ішоў, памерлі бацькі. Але ўсё роўна цягнула родная зямля, часта снілася дарога дадому. У апошні прыезд наведаў мясцовую бібліятэку, падараваў дзве кнігі ў перакладзе з нямецкай мовы на беларускую, усім цікавіўся, удыхаў роднае паветра, набіраўся сіл, абяцаў вярнуцца…
Аднак цяжкая хвароба не дала такой магчымасці. У 2014 годзе У.П. Чапегі не стала, ён пахаваны на Нямеччыне. На раённым конкурсе і расказала пра нашага знакамітага земляка Юлія Бузько, вучаніца 10 класа, якая, дарэчы, заняла першае месца.
На гэтым, здаецца, і ўсё. Аднак конкурс меў працяг. Загадчыца Сялецкай бібліятэкі Валянціна Ананьеўна Бондар з’яўляецца сяброўкай сястры Уладзіміра Чапегі – Ніны, якая пражывае ў Мінску. Валянціна Ананьеўна патэлефанавала ёй і расказала пра наш конкурс, пра тое, што вучні мясцовай школы зацікавіліся яе братам, расказалі аб ім не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Гэтую навіну Ніна ўспрыняла з радасцю. Звязалася з сынамі Уладзіміра Чапегі, якія пражываюць у Германіі. І дзявятага мая дэлегацыя з шасці чалавек прыбыла ў Сялец, у тым ліку і дзеці нашага земляка – Ігар і Валянцін. Яны прайшлі па ўсіх мясцінах, дзе некалі хадзіў іх бацька, усклалі кветкі на магілкі продкаў, зрабілі шмат фотаздымкаў.

konkurc

konkurc 4
А на наступны дзень госці наведалі мясцовую бібліятэку, дзе адбылся сустрэча з вяскоўцамі. Успаміналі цікавыя гісторыі, расказвалі пра жыццё Уладзіміра Пятровіча, сельскія жыхары бліжэй пазнаёміліся з сынамі перакладчыка. Дарэчы, Валянцін цікавіцца беларускай мовай, культурай, літаратурай, этнаграфіяй. Але ўсе з нецярпеннем чакалі дэманстрацыі мультымедыйнага эсэ нашай вучаніцы “Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз”. Сыны Уладзіміра Чапегі былі вельмі ўдзячны школьнікам, што імя іх бацькі не забытае на радзіме, яго памятаюць. А вяскоўцы могуць ганарыцца сваім земляком, які ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Пры праглядзе апошняга слайда “Я вярнуўся”, дзе адзінокі бусел ляціць над нашым полем, усе нібы адчулі побач вядомага літаратара, дарога якога вядзе дадому…
Усхваляваныя, але задаволеныя, вярталіся госці дадому. Яны ўзялі з сабой нашу творчую работу і часцінку душэўнай цеплыні беларускага народа. Валянцін хоча напісаць кнігу пра бацьку.

Галіна ГАЎРЫЛЕНКА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры Малейкаўскай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *