Ураджэнцы Брагіншчыны: Анатоль Юніцкі і яго дарогі

Грамадства

Unicky

Паветраныя дарогі, па якіх рухаецца транспарт. Многія скажуць, што гэта – фантастыка, такое не ўкладваецца ў галаве. Але геніяльны беларускі вучоны і вынаходнік Анатоль Юніцкі, ураджэнец Брагіншчыны, ужо амаль сорак год прапаноўвае чалавецтву будаваць менавіта такія трасы. Ён займаецца распрацоўкамі ў сферы струнных тэхналогій, і з іх чацвёртым, найбольш прагрэсіўным пакаленнем, што атрымала назву «RSW»:  Rail Sky Way – «Рэльсавая нябесная дарога», было прынята рашэнне выходзіць на сусветны рынак.

 

«Нулявы кіламетр»

Інавацыйны праект вучонага атрымаў прапіску ў Мінскай вобласці, дзе зараз, каля Мар’інай Горкі, вядзецца будаўніцтва ЭкаТэхнаПарка, на якім і плануецца прадэманстраваць транспарт будучага. У кастрычніку мінулага года тут адбылося ўрачыстае адкрыццё сімвалічнага «Нулявога кіламетра» – пліты плошчай 250 квадратных метраў у выглядзе маштабнай карты Беларусі з бронзавым знакам у форме Зямнога шара, якая паклала пачатак першай у гісторыі струннай дарозе Sky Way. Удзел у цырымоніі, акрамя стваральніка тэхналогіі, прынялі кіраўнікі кампаній-партнёраў, замежныя інвестары з Расіі, Германіі, Нарвегіі, Казахстана, Літвы, Эстоніі, многіх іншых краін.

Гэтая падзея стала для Анатоля Юніцкага пачаткам рэалізацыі яго мары. А для ўсіх нас, магчыма, пачаткам новага жыцця, новага спосабу мыслення, бо паветраныя дарогі і іх інфраструктура сапраўды не маюць аналагаў у свеце.

Паспрабуем уявіць, як усё будзе…

 

nulew

Па паветры – на юнібусах

Rail Sky Way, ці рэльсавая нябесная дарога – транспартная сістэма, рух па якой ажыццяўляецца пры дапамозе падвесных струнаў-рэльсаў, нацягнутых паміж апорамі. Чалавек зможа такім чынам перамяшчацца ў спецыяльных паяздах-юнібусах (ад прозвішча вынаходніка, дарэчы, і з’явілася прыстаўка юні-). Транспарт новага пакалення, не толькі гарадскі, але і грузавы, а таксама высокахуткасны, будзе рухацца аўтаматычна, без вадзіцеля, і развіваць хуткасць да 500 км у гадзіну. А сама транспартная сістэма абыдзецца ў разы танней, чым аўтамабільныя ці чыгуначныя шляхі. Яшчэ адна адметная характарыстыка – высокі ўзровень рэнтабельнасці.

Ёсць, безумоўна, і шэраг іншых пераваг. Напрыклад, малая залежнасць пры стварэнні такіх дарог ад рэльефу мясцовасці, кліматычных умоў. Ідэальная роўнасць шляху стварае камфорт і бяспеку. Нябесная дарога дазваляе ўзводзіць лінейныя гарады. А самае галоўнае – экалагічнасць тэхналогіі. У зоне будаўніцтва транспартных эстакад не парушыцца прыродны ландшафт, флора і фаўна. Інавацыі і тэхналогіі, па меркаванні Анатоля Эдуардавіча, павінны працаваць, не знішчаючы навакольнае асяроддзе, а захоўваючы яго для наступных пакаленняў.

Такім чынам, Беларусь стала месцам, дзе будуецца цэнтр практычнай рэалізацыі інавацый Sky Way, іх міжнароднай сертыфікацыі і экспертызы, што, хочацца спадзявацца, дапаможа не толькі прыцягнуць шматмільярдныя інвестыцыі, але і вывесці краіну на больш высокі ўзровень, паставіўшы яе ў рад самых тэхналагічна развітых дзяржаў, забяспечыць нашым нашчадкам экалагічна чыстую, бяспечную, камфортную будучыню.

tranc

Апярэджваючы час

Не дзіўна, што многія называлі праекты Юніцкага бязглуздымі, утапічнымі. Яго нават абвінавачвалі ў махлярстве – такія людзі не заўсёды «ўпісваліся» ў камуністычную сістэму. Былі і неразуменні, і чыноўніцкія перашкоды, і адсутнасць кампрамісу там, дзе сутыкаюцца грошы і вынаходствы, і няўдалыя спробы прыцягнуць буйных інвестараў, і пустыя абяцанні… Але ўсё-такі радасна, што не адышоў ён ад сваёй ідэі, не стаміўся, змагаючыся за яе, знайшоў сілы для далейшых дзеянняў. А ўсе выпрабаванні, як лічыць сам вучоны, дапамаглі  яму яшчэ больш умацавацца ў сваёй пазіцыі, загартаваць сябе і толькі ўзмацнілі жаданне ўвасобіць у рэальнасць спраектаваную сістэму струннага транспарту.

– Колькі гадоў ён нёс на плячах «Залаты каўчэг» – рухавік сусветнай цывілізацыі, магутны інструмент і памочнік у аблягчэнні жыцця людзей,  – адзначыць мэтанакіраванасць земляка лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, пісьменнік Віктар Казько. – А гэта ўжо гаворыць аб нашай нацыянальнай рысе характару як беларуса – цягавітасці, напорыстасці і ўпартасці. Чым мы заўсёды славіліся. І хто прыдумаў пра нас байку, што мы «памяркоўныя і талерантныя»? 

Няма ніякага сумнення ў тым, што вынаходства Юніцкага апярэджвала час. І, магчыма, ужо заўтра яго імя стане побач з імем канструктара Каралёва, стваральніка верталётаў Сікорскага і іншых геніяльных людзей, якія прынеслі славу сваёй радзіме і ўсяму чалавецтву. Ды ці вядома вам, паважаныя чытачы, што месцам нараджэння гэтага сусветна вядомага вучонага, члена федэрацыі касманаўтыкі СССР, генеральнага каструктара ЗАТ «Струнныя тэхналогіі», аўтара не менш чым 140 вынаходстваў, 18 манаграфій і 200 навуковых работ, з’яўляецца вёска Крукі? Цяпер ужо, праўда, выселеная, але не забыць, не выкінуць яе з душы…

Сярод лясоў і балот

Няма нічога выпадковага ў гэтым свеце, – заўсёды сцвярджаў і сцвярджае Анатоль Юніцкі. Калі б склалася інакш жыццё ў бацькі, то ён не трапіў бы ў Брагінскі раён у якасці меліяратара, на той час – Камарынскі Палескай вобласці. Не сустрэў бы ў Круках Юлю, якую пакахаў і якая стала яму жонкай. І не нарадзіўся б ён, Анатоль.

Менавіта ў гэтай вёсцы, сярод лясоў і балот, і прайшло дзяцінства будучага вучонага. Праўда, тады ён яшчэ не ведаў свайго прызначэння. Вельмі любіў прыроду, хадзіць на рыбалку. Разам з сястрой Тамарай бегалі босымі ад ранняй вясны да глыбокай восені. Збіралі ягады і грыбы. З ранніх гадоў Толік дапамагаў па гаспадарцы маці, якая была загружана працай у калгасе. Прырода ўзнагародзіла яго дапытлівым розумам і неверагоднай здольнасць бачыць у звычайных рэчах тое, што не прыкмячалі іншыя. Цяга да вынаходніцтва жыла ў ім з дзяцінства. Марыў пра космас, шукаў тлумачэнні з’явам прыроды ў кнігах, вывучаў працы знакамітых вучоных… І здзіўляў усіх сваёй эрудыцыяй.

На радзіму, у Крукі

Напярэдадні журботнага юбілею – 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС – Анатоль Куніцкі вырашыў пабываць на малой радзіме. У Брагінскі раён накіраваўся разам са сваім сябрам, празаікам і паэтам, публіцыстам і мастаком, членам Саюза пісьменнікаў СССР і Рэспублікі Беларусь Анатолем Бароўскім, аператарамі здымачнай групы і загадчыкам аддзела Sky Way. Адпаведныя дакументы на наведванне забруджанай тэрыторыі атрымалі ў галоўнага спецыяліста Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення Івана Шыпілы і – у дарогу.

– Крукі сустрэлі нас маўкліва і пагрозліва. Вуліц вёскі не стала – яны густа зараслі дрэвамі, голле цесна сплялося між сабой. Не чуваць голасу птушак – няма людзей, няма і птахаў. А школа, у якой вучыўся Анатоль Юніцкі да шостага класа, амаль развалілася, патанула ў дзікіх дрэвах, стала ніжэйшай ростам, – падзяліўся Анатоль Бароўскі.

Цяжкае, панурае ўражанне пакінула сустрэча з роднай вёскай у душы Юніцкага. «Мы хадзілі па занядбалых і струхлелых хатах, на падлозе валяліся лялькі, кніжкі, газеты… А ў класе, дзе я некалі сядзеў за партай, пуста, і толькі чарнобыльская атрутная пылота параскідана паўсюль…

На сцяне – сямейнае фота ў рамачцы, людзі спехам выязджалі і, мусіць, не паспелі забраць. Дзе вы цяпер, людзі на фота, – ці жывыя хоць, ці загубіла вас чарнобыльская бяда?

Я чую дзіцячыя галасы вучняў-аднагодкаў, чую голас дырэктара школы і нашых настаўнікаў, а душа заходзіцца і не адпускае боль, – чаму, чаму так здарылася на маёй такой прыгожай зямлі?

Чую галасы сваіх сябрукоў Колькі Пугача, Валодзькі Кузьмянка і Віцькі Драпезы. Мы з імі адшуквалі ў акопах патроны, здабывалі порах. А потым будавалі ракеты і запускалі іх у паветра.

У маіх руках – фота той далёкай пары, калі я вучыўся ў трэцім класе, і ў цэнтры – нашая настаўніца Паліна Аляксандраўна. Яе рука ляжыць на маім плячы, і я сёння адчуваю яе цёплы мацярынскі дотык… Аднакласнікі мае, дарагія мае крукоўцы, дзе вы цяпер? Як з вамі спаткацца, як убачыцца?

Дзіўна, але я чуў, як слаба білася сэрца маёй вёскі. Я не адшукаў сваёй хаты, не было яе і знаку. Толькі рэштка засталася ад печы, некалькі цаглінаў. Я ўзяў тую цаглінку і пацалаваў яе, не баючыся радыяцыі. Колькі разоў печ ратавала нас з сястрычкай Тамарай ад прастудных хваробаў, сагравала ў лютыя маразы. Дзякуй, печачка, даруй, што не ўбярог я цябе, даруй…

Выязджаючы з зоны, я маўчаў. І слова не мог вымавіць, бо смылела душа, разрывалася сэрца».

На добрую памяць

У Брагінскай раённай бібліятэцы госці пакінулі на добрую памяць два выданні Анатоля Бароўскага: кнігу «Мы – Юніцкія» і яе новы, перапрацаваны і дапоўнены варыянт – «Юніцкага нябесныя дарогі», з якіх чытачы могуць больш падрабязна даведацца пра нашага земляка, які імкнуўся ў космас і будуе сёння струнныя дарогі. Відаць, таму што пісьменніка і вучонага на працягу многіх гадоў звязвае цеснае сяброўства, кнігі, заснаваныя на дакументальных падзеях, атрымаліся такімі цёплымі і шчырымі. З вялікім інтарэсам і задавальненнем, па праўдзе кажучы, чытала і сама. Пра лёс некалькіх пакаленняў Юніцкіх, іх няпростых жыццёвых дарогах. Пра тое, як нараджалася галоўная мара нашага земляка і як няпроста было вучонаму змагацца з чыноўніцкай машынай і нячыстымі на руку партнёрамі, як жыццё нечакана сутыкала з патрэбнымі людзьмі… Зрэшты, вазьміце ў рукі самі, перагарніце старонкі, пачытайце. Каб глыбей зразумець, што за чалавек нарадзіўся ў Круках, і адчуць глабальныя змены на нашай планеце.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *