Золата адносін. Юбіляры з Рыжкава

Грамадства

coloto 2

“Залатыя” юбіляры Андрэй Пятровіч і Любоў Андрэеўна Тарасенкі нарадзіліся ў вёсцы Рыжкаў, дзе раслі і вучыліся,  стварылі сям’ю і з 1 мая 1966 года крочаць па жыцці разам.

Сам гаспадар з’явіўся на свет у грозным 41-м, бацьку не памятае, бо ён загінуў у 44-м. Маці выхоўвала яго адна. Скончыў Рыжкаўскую васьмігодку, Рудакоўскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, набыў прафесію вадзіцеля і  ўсё жыццё працаваў па спецыяльнасці ў калгасе “Чырвоны Кастрычнік”.

Аб гадах сваёй маладосці Любоў Андрэеўна ўспамінае з цеплынёй. Хаця яны і аднавясцоўцы, але  бліжэй з будучым мужам пазнаёміліся ў мясцовым клубе.  Дзяўчынка была старэйшая ў сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей. Бацька памёр рана,  і ёй давялося пайсці працаваць, каб дапамагаць матулі  падымаць малодшых.

Гісторыя сям’і Тарасенкаў пачалася з сяброўства, якое перарасло ў сімпатыю, а потым – у каханне. Агульны сябра Янка папрасіў Андрэя пагутарыць з Любай, спытаць, чаму яна не хоча з ім сустракацца. Той паабяцаў і пайшоў праводзіць мясцовую прыгажуню да роднага дома. А па дарозе спытаў: “Ну, а са мною сустракацца будзеш?”. З тае  пары  іх бачылі толькі разам. І працавалі сумленна, і весяліліся ад душы.

Рыжкаўскі сельскі клуб  мае сваю гісторыю. Па расказах старэйшх, у пасляваенны час  сюды збіралася моладзь з усіх навакольных вёсак. Людзі адзначалі святы, ладзілі вясёлыя танцы, спявалі песні. За шматгадовую працу ў гэтай установе культуры (каля трох дзесяцігоддзяў) Любоў Андрэеўна ўзнагароджана вялікай колькасцю грамат і лістоў з падзякай. Яе дзейнасць накіравана на вывучэнне, адраджэнне, захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культуры з улікам мясцовых традыцый.

Пры сельскім клубе дзейнічае фітагурток “Траўніца-здраўніца”, куды на “агеньчык” збіраюцца  аматары народных метадаў лячэння,  уласных рэцэптаў. Вяскоўцы мяняюцца інфармацыяй, душэўна спяваюць і падтрымліваюць адзін аднаго.

coloto 1

Рыжкаўцы юбіляраў цэняць і любяць. Тыя ж, у сваю чаргу, адзначаюць, што жыхары Брагіншчыны – ветлівыя,  чулыя, спагадлівыя і ім  проста  пашчасціла жыць сярод іх у акружэнні павагі і добразычлівасці.

У сям’і Тарасенкаў выхоўвалася двое  сыноў і дачка Валянціна, якая  зараз працуе намеснікам дырэктара ДУ “Брагінскі раённы дом культуры”.    Пятро жыве ў   Піцеры, Міхаіла, на жаль, пахавалі ў маладым узросце. Любоў Андрэеўна і Андрэй Пятровіч маюць чатырох  унукаў.

Цяпло і ўтульнасць бацкоўскага дома заўсёды цягнуць да роднага парога дзяцей. На  залатое вяселле самых  дарагіх і блізкіх сэрцу людзей, якімі для ўсіх нас з’яўляюцца  мама і тата, яны сабраліся  ў Рыжкаве са сваімі сем’ямі.

Муж і жонка, якія  разам паўвека,  лічаць, што галоўны сакрэт сямейнага шчасця – ва ўзаемаразуменні. Неабходна адзін аднаму ва ўсім уступаць, паважаць сваю палавінку,  радасці і нягоды  дзяліць папалам. Тады будуць  мір і лад у сям’і, а шлюб вытрымае ўсе нягоды.

 ЛюбоЎ Дубатдзел,

загадчыца адзела арганізацыйна-метадычнай работы ДУ “ Брагінскі РДК”

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *