Камбайнеры прымалі віншаванні прама ў полі

Сельское хозяйство

0001_2

Лік камбайнераў-тысячнікаў у нашым раёне адкрылі Андрэй Гуз і Руслан Чарнянок з ААТ “Малажынскі”.

Нічога дзіўнага тут няма. Ведаючы, як яны працуюць, можна было здагадацца, што менавіта гэты экіпаж першым дасягне тысячнага рубяжа. Нагадаю, што Андрэй Гуз выходзіў пераможцам у рэспубліканскім спаборніцтве (другое месца) сярод маладых камбайнераў. Сёлета вясной ён сеяў кукурузу на імпартным агрэгаце, а гэтую работу даручыш не кожнаму.

Падзякаваць хлебаробам, пажадаць ім новых перамог, моцнага здароўя і ўдачы прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Шэйка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ігар Самбук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан, дырэктар ААТ “Малажынскі” Аляксандр Краўчанка і старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Паліна Пімінёнкава.

У полі, дзе яшчэ некалькі хвілін таму сцяной стаяла збажына, члены агітбрыгады аўтаклуба разгарнулі імправізаваную сцэну, размясцілі на стале духмяныя караваі, падрыхтаваліся да ўрачыстай сустрэчы герояў жніва. Ім давялося крыху пачакаць, пакуль пад’едуць камбайнеры і вадзіцелі. Хлебаробы даражаць зараз кожнай хвілінай, бо неба час ад часу зацягваюць хмары, і напружаны працоўны рытм перапыняе спорны дождж. Але ж паслухаць вясёлую песню ў выкананні самадзейных артыстаў заўсёды рады.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта першых тысячнікаў павіншаваў Васіль Шэйка, уручыў ім лісты з падзякай і падарункі. Віктар Балобан адрасаваў Андрэю Гузу і Руслану Чарнянку словы падзякі ад імя Гомельскага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў АПК. Падарункі для іх таксама закуплены, але будуць дастаўлены крыху пазней, калі колькасць камбайнераў-тысячнікаў павялічыцца. Майкі і галаўныя ўборы блакітнага колеру (як і ў мінулым годзе) для лідараў уборачнай кампаніі падрыхтаваў Беларускі прафсаюз работнікаў АПК.

0001_10001_50001_7

З асаблівай павагай да людзей, якія праслаўляюць гаспадарку, адносіцца дырэктар ААТ “Малажынскі” Аляксандр Краўчанка. Тут не шкадуюць грошай на падарункі. Памятаю, з якой шчодрасцю шанавалі летась усіх, каму пакарылася тысяча тон намалочанага або перавезенага зерня. Бягучы год – не выключэнне. “Старайцеся, – звярнуўся Аляксандр Пятровіч да падначаленых. – І вас таксама адзначаць за высокія паказчыкі на жніве”.

У бягучым годзе малажанцы плануюць давесці валавы збор зерня да дзесяці тысяч тон. Зжаць і абмалаціць ім неабходна больш за тры тысячы гектараў і, як падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі, выканаць дзяржзаказ, забяспечыць грамадскае пагалоўе зернефуражом. Няхай шанцуе ва ўсіх справах!

0001_3

У ААТ “Імя Жукава” віншаванні прымаў вадзіцель-тысячнік Аляксандр Смальцар. Дарэчы, у гэтай гаспадарцы ўсе “мазісты” (так паміж сабой называюць тых, хто эксплуатуе МАЗ-555) – прафесіяналы. Разрыў у паказчыках у іх нязначны, што сведчыць і аб адказнасці гэтых людзей, і аб іх маральных якасцях. Не ведаю, як зараз, а раней яны дзялілі прэміі пароўну паміж сабой і лічылі гэта справядлівым. Працавалі ўсе з аднолькавай стараннасцю, значыць, і павага павінна даставацца не аднаму.

P.S. У аўторак вечарам, 26 ліпеня, дырэктар ААТ “Малажынскі” павіншаваў яшчэ аднаго тысячніка – вадзіцеля Аляксандра Кудранка. Аўтамашынай МАЗ-555 ён перавёз на гэтую дату 1019 тон зерня. Разам са словамі падзякі за сумленную працу Аляксандр Іванавіч атрымаў падарунак.

0001_8

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *