Самае пачэснае месца на сваёй сядзібе Святлана Дашук з Буркоў адвяла лілеям

Грамадства

10000)1

Вытанчаныя, грацыёзныя, стройныя, нібы балерыны, лілеі зачароўваюць з першага погляду. І, здаецца, самі запрашаюць у гасцінны двор. Нездарма яшчэ з часоў старажытнасці гэтыя прынцэсы флоры лічыліся сімвалам высакароднасці, прыгажосці, дасканаласці. У Святланы Дашук з Буркоў да іх – асаблівае стаўленне. Як можна не любіць такое хараство!

Менавіта ім, велічным і ганарлівым, гаспадыня адвяла на сваёй сядзібе самае пачэснае месца. Лілеі былі першымі кветкамі, што ўпрыгожылі двор, як толькі разам з мужам засяліліся ў выдзеленае жыллё. Кіраўніцтва сельсавета тады, у дзевяностых, на маладых ускладвала асаблівую надзею: і вёска не апусцее, і дом атрымае другое жыццё. Яго папярэднія жыхары развіталіся з роднымі мясцінамі з-за паследкаў чарнобыльскай катастрофы. Многія, як вядома, у той час пакідалі пацярпелы раён. Але былі і такія, хто наперакор цяжкасцям і выпрабаванням заставаліся верным сваёй зямлі, для каго Брагіншчына станавілася другім домам.

10000)610000)3

Святлана Васільеўна, дарэчы, пераехала ў Буркі з Брэсцкай вобласці яшчэ ў 1987-м, як толькі закончыла сельскагаспадарчы тэхнікум. Лёс звёў яе з Віктарам, ураджэнцам гэтай вёскі і будучым мужам, падчас атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Калінкавічах: вучыліся не толькі на адным аддзяленні – па спецыяльнасці «агранамія», але і ў адной групе, былі актыўнымі ўдзельнікамі спартыўных спаборніцтваў. Разам прыехалі на Брагіншчыну, пачалі працоўную дзейнасць у мясцовым калгасе. І літаральна праз два гады сямейная пара ўжо радавалася атрыманаму дому – дагэтуль жылі з бацькамі Віктара.

Як і належыць дбайным, руплівым гаспадарам, усё тут прывялі ў ідэальны парадак, абсталявалі з душой. Каб і зручна, і ўтульна, і ў агульнай гармоніі. «Цяпер бытавыя выгоды ў пакоях, – зазначае жанчына, – не горшыя, чым у горадзе». А двор зіхаціць-пераліваецца ўсімі магчымымі колерамі кветак. Адных любіміц-лілей – каля дваццаці відаў. Яны, безумоўна, займаюць дамінуючае становішча і ствараюць адметную прыгажосць. Але нельга не прыкмеціць у гэтым рознакаляровым карагодзе і іншую расліннасць: ружы, гартэнзіі, касачы, хрызантэмы, партулак, клемаціс, бадан, туя… Хіба ўсё пералічыш! І, як прызнаецца сама гаспадыня, кветкі – яе слабасць. Ужо, здавалася б, мноства іх, раскошных, пахучых, яркіх, а душа ўсё роўна трапляе пад уладу чароўнай магіі флоры. Таму і няма на ўчастку ні кавалачка зямлі, які б пуставаў, не радаваў гаспадароў і прахожых.

10000)2

Буйства фарбаў, безумоўна, прыкоўвае позірк кожнага, чый шлях пралягае паўз дом Дашукоў. Тут ніколі не цураліся працы і імкнуліся рабіць усё, каб у сям’і, дзе падрастала трое дзяцей, панаваў дабрабыт. Клопаты на ўласным падворку на сяле, па сутнасці, з’яўляюцца «другой зменай». А калі яшчэ да кветніка дадаць турботы, звязаныя з доглядам хатняй жывёлы і птушкі, апрацоўкай каля гектара зямлі, то застаецца толькі здзіўляцца здольнасці нашых вяскоўцаў знаходзіць на ўсё час. І пры гэтым заставацца жыццярадаснымі, аптымістычнымі. Відаць, сама зямля, калі яе ахінуць любоўю і клопатам, прыдае энергіі і сіл.

10000)410000)5

Уставаць гаспадарам, каб паспець з усім справіцца і своечасова прыступіць да работы, даводзіцца, безумоўна, рана – у пяць гадзін. Віктар Пятровіч працуе ў ААТ “Імя Жукава” галоўным аграномам, а Святлана Васільеўна – вартаўніком. Дзесяць гадоў яна аддала справе агранома-аналітыка ў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін.

Такімі ж працалюбівымі, стараннымі, адказнымі выхавалі двух сыноў і дачку. Як і бацькі, яны заўсёды імкнуліся да актыўнага ладу жыцця, гарнуліся да спорту. Гэта, відаць, паўплывала і на прафесійны выбар: усе трое аддалі перавагу факультэту фізічнай культуры пры атрыманні вышэйшай адукацыі.

10000)810000)7

Няцяжка здагадацца, што дзеці праводзяць вольны час у бацькоўскім доме з вялікім задавальненнем. А для маленькай унучкі Машы летам тут і ўвогуле асаблівае раздолле: калі вакол прыгожа, то і настрой адпаведны.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *