Супрацоўнікі міліцыі просяць грамадзян быць уважлівымі з новымі грашамі

Территория закона

0000006

Ну вось, нарэшце дачакаліся – ужо тыдзень, як у банкаматах нам выдаюць купюры без чатырох нулёў. Аднак многія да новых грошай пакуль адносяцца падазрона. У мінулую пятніцу на базары, напрыклад, некаторыя прадаўцы прасілі разлічвацца старымі, больш звыклымі банкнотамі – асцерагаліся фальшывак.

Аб тым, што недобрасумленныя грамадзянне могуць выкарыстаць дэнамінацыю для незаконнага абагачэння, хвалююцца і праваахоўнікі.

– Найперш з хваляй махлярства могуць сутыкнуцца пажылыя людзі, – гаворыць старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Брагінскага РАУС Мікалай БРЭГІД. – Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, старыя грошы на новыя патрэбна мяняць толькі ў банках. Ніякія сацыяльныя ці іншыя службы з такой прапановай хадзіць па дамах не будуць. Таму, калі вам нехта прапануе такі абмен, ведайце: перад вамі – махляры. У гэтым выпадку трэба адразу тэлефанаваць у міліцыю.

Старыя і новыя грошы будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і без абмежаванняў прымацца ўсімі суб’ектамі гаспадарання да 31 снежня 2016 года. Гэта зроблена для таго, каб не выклікаць сярод насельніцтва ажыятаж. Мяркуецца, што на працягу шасці месяцаў беларусы паступова заменяць купюры на новыя.

Адзінае, што можа выклікаць дыскамфорт, гэта пераразлік грошай. Паколькі прыбраны адразу чатыры нулі, патрэбна быць пільнымі: пятьдзясят тысяч рублёў пераўтварыліся ў пяць рублёў, а не ў пяцьдзясят, як некаторыя могуць палічыць. А тысяча рублёў сёння – гэта ўсяго толькі 10 капеек.

Праваахоўнікі папярэджваюць грамадзян і наконт фаль-шываманетчыкаў. Уважліва прыглядайцеся да грошай – падробныя могуць быць надрукаваныя на звычайным каляровым прынтары. Дарэчы, у нашай краіне за падобнае злачынства прадугледжана досыць суровае пакаранне. Паводле артыкула 221 Крымінальнага кодэкса, за выраб або захоўванне з мэтай збыту ці збыт падробленай афіцыйнай грашовай адзінкі прадугледжана абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленне волі да сямі гадоў, пры гэтым магчыма канфіскацыя маёмасці.

Пры выяўленні фальшывых грошай не перадавайце іх іншай асобе, а неадкладна звяртайцеся ў міліцыю. Калі магчыма, паспрабуйце затрымаць збытчыка да прыезду праваахоўнікаў ці запомніце яго прыкметы.
Патрэбна быць уважлівымі і з манетамі. Так, нядаўна ў сацсетках з’явілася інфармацыя аб падмене 1 беларускага рубля расійскім.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *