У Брагіне прайшоў рэгіянальны фестываль “У асяроддзі сяброў”

Праздники и будни

Fest_4

У чацвёрты раз сабраў ён у раённым доме культуры аматараў народнага мастацтва, традыцый і абрадаў. Яго ўдзельнікі – людзі “сярэбранага” ўзросту, тыя, хто прайшоў вялікі жыццёвы і працоўны шлях.

Фестываль у чарговы раз прадэманстраваў, што на Гомельшчыне шмат людзей, не толькі багатых талентамі і душэўнай прыгажосцю, але і гатовых адрадзіць амаль забытыя народныя традыцыі. Сапраўды, у беларусаў мноства абрадаў і святаў, пра якія мы або нічога не ведаем, або ведаем вельмі мала. І каму, як не прадстаўнікам старэйшага пакалення далучаць да гэтага культурнага багацця моладзь, даючы ёй магчымасць ганарыцца самабытнасцю роднай зямлі.

У падарожжа па цудоўным Гомельскім краі гледачоў запрасілі вядучыя Мікалай і Жанна Чубсы. Але перад гэтым гасцей і ўдзельнікаў фестывалю віталі хлебам-соллю дзяўчаты ў нацыянальных строях, а таксама выхаванцы цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці з песняй “Купалінка”.

Fest_1

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, і, звяртаючыся да прысутных, яго дырэктар Сяргей Пархамец адзначыў, што нішто так яскрава не характарызуе народ, як святы, якія ён любіць і адзначае. Менавіта яны адлюстроўваюць і характар, і самабытнасць людзей. Гэта тое, што адрознівае беларусаў ад іншых народаў. Сяргей Міхайлавіч таксама заўважыў, што вельмі рады бачыць на гасціннай брагінскай зямлі ўсіх канкурсантаў, пажадаў ім поспехаў, самых яркіх уражанняў і выдатнага настрою.

Нашы продкі пакінулі нам у спадчыну сапраўды багатую культуру, шматлікія звычаі і яскравы фальклор. Так, прадстаўнікі Чыгуначнага раёна г. Гомеля і Нараўлянскага раёна расказалі пра цуды купальскай ночы, папараць-кветку ды варажбу з вянкамі.

А вось удзельнікі з Лельчыц запрасілі прысутных на зажынкі. Гэты абрад заўсёды выконваўся напярэдадні жніва. Жанчыны перад тым, як накіравацца ў поле, абавязкова чыталі малітву, а першы зжаты сноп неслі дадому і ставілі ў кут. На Спас яго асвячалі ў царкве, а потым абмалочвалі і змешвалі з насеннем наступнага года. Вядома, абрад суправаджаўся рознымі зажыначнымі песнямі.

“Некалі ў сваты хадзілі пасля заходу сонца, каб нікога па дарозе не сустрэць”, – сцвярджаюць прадстаўнікі Хойніцкага раёна. Чаму? Баяліся сурокаў. І каб абрад прайшоў паспяхова, на шляху да хаты будучай нявесты прадстаўнікам жаніха нельга было ні з кім размаўляць. Само ж сватаўство ажыццяўляла жанчына, якая карысталася павагай у вёсцы і мела ў гэтай справе вялікі вопыт.

З цікавасцю сачылі гледачы і журы за абрадам “Завіванне вёлец” ў выкананні брагінчан. Перад вяселлем у доме нявесты збіраліся жанчыны і ўпрыгожвалі галінку дрэва, якую выкупляў бацька дзяўчыны. Пасля ён запрашаў гасцей да стала. Падчас застолля жанчыны давалі нявесце парады, як патрэбна сябе паводзіць у шлюбе.

А вы ведаеце, што раней дзяцей у шасцігадовым узросце “прысвячалі” да новай вопраткі? Аказваецца, да гэтага ўзросту і хлопчыкаў, і дзяўчынак апраналі аднолькава ­ – у доўгія сарочкі. І толькі калі дзіцяці спаўнялася шэсць гадоў, праводзілі спецыяльны абрад: дзяўчынка атрымлівала ў падарунак ад хроснай спаднічку з кофтай, а хлопчык – штаны з кашуляй. З гэтага часу малых ужо далучалі да хатніх спраў: дачка дапамагала маці, а сын – бацьку. Такі абрад правялі на сцэне прадстаўнікі Мазырскага раёна.

Fest_2Fest_3Fest_5Fest_6Fest_7Fest_8Fest_9Fest_10Fest_11

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 13 калектываў. Народныя напевы і танцы на працягу мерапрыемства стваралі ў зале атмасферу радасці і душэўнай цеплыні. У кожным руху на сцэне прысутнічала частка гісторыі, у кожным радку песні – каштоўнасць… Перад журы стаяла сапраўды няпростая задача – вылучыць лепшых. У выніку абмеркавання першае месца было прысуджана калектыву з Лельчыц, другое ­– з Жыткавіч, трэцяе – з Мазыра. А прыз сімпатый гледачоў накіраваўся ў Калінкавічы. Пераможцы атрымалі граматы ад Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і падарункі. Спонсарамі фестывалю выступілі грамадскія аб’яднанні “Белая Русь” і “Беларускі зялёны крыж”, Брагінскі цэх філіяла Гомельскага КХП “ААТ “Гомельхлебапрадукт” (узначальвае Людміла Асыка), а таксама прадпрымальнікі Аляксандр Лявіцкі, Леанід Сцепанюк і Надзея Кучаравая.

Фестываль “У асяроддзі сяброў” стаў святам, якое аб’яднала і закружыла ўдзельнікаў і гледачоў у дружным карагодзе бясконцай любові і незгасальнай цікавасці да беларускай культуры. Заклікала шанаваць тое, што было створана талентам народа на працягу многіх стагоддзяў, бачыць непарыўную сувязь паміж мінулым і сучасным.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *