Напярэдадні 1 верасня да хлопчыка, які выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і, завітаў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук. І місія ў яго была, што ні на ёсць, самая прыемная – уручыць будучаму школьніку прыгожы рукзак з наборам пісьмовых прыналежнасцяў ад прадстаўнікоў прафсаюза работнікаў дзяржорганаў.
Для першакласнікаў Дзень ведаў, – урачыстае свята, якое яны чакаюць з нецярплівасцю. Таму вельмі важна, каб ён запомніўся толькі радаснымі эмоцыямі і ўражаннямі, – лічыць Мікалай Васільевіч, які пажадаў Уладзіславу паспяховай вучобы і выдатных адзнак.
Дабрачынная акцыя “Збяром партфель першакласніку” праводзіцца на Брагіншчыне не ўпершыню. Яна накіравана на аказанне дапамогі мнагадзетным сем’ям, а таксама дзецям, якія выхоўваюцца ў прытулку, у падрыхтоўцы да аднаго з важных дзён у жыцці кожнага дзіцяці – 1 верасня. Прыемна, што і сёлета на заклік арганізатараў адгукнулася нямала неабыякавых людзей.
Акрамя гэтага, Мікалай Васільевіч прыняў удзел у сходзе грамадзян, які адбыўся ў той дзень у Асарэвічах. Былі абмеркаваны надзённыя праблемы, што хвалююць вяскоўцаў, а таксама шляхі іх вырашэння.