Падворак Багданы Патарочы з Буркоў упрыгожвае буйства зеляніны і кветак

Грамадства

0100001012

Адзін з самых зялёных гарадоў Латвіі – Огрэ, адкуль пераехала на Брагіншчыну Багдана Анатольеўна Патароча разам з мужам, пачынаў сваё развіццё як курорт яшчэ з моманту заснавання. Дзякуючы мяккаму клімату і блізкасці ад Рыгі, ён заўсёды быў месцам адпачынку і дачным пасёлкам сталічных жыхароў. Старадаўняя архітэктура, маляўнічае наваколле ў акружэнні гор, лясоў і рэк, гаючае паветра – усё выклікала пачуццё нейкай ідыліі, супакаення. І мясцовае насельніцтва проста не мела права парушаць гэту гармонію: кожны імкнуўся азеляніць тэрыторыю вакол свайго дома, прыдаць яму асаблівую выразнасць, усё ўтрымліваць у ідэальнай чысціні і парадку. Нездарма Багдана Анатольеўна называе Огрэ горадам-садам.

Так атрымалася, што менавіта тут, у Латвіі, і пакахалі адзін аднаго маладыя беларус і ўкраінка. Яна сюды прыехала працаваць настаўніцай, а ён быў мараком. І ўжо сам статус населенага пункта, які адразу ж аблюбавалі і дзе прайшлі лепшыя гады гэтай сямейнай пары, абавязваў трымаць марку. Як у такой навакольнай прыгажосці заставацца пасіўнымі сузіральнікамі!

Каб уласны дом і зямельныя ўладанні выглядалі не горш за іншыя, працаваць даводзілася шмат. І ў садзе, і на агародзе ды падворку – ва ўсім руплівыя гаспадары імкнуліся да дасканаласці. Багдана Анатольеўна нават вымушана была не раз змяняць месца работы, каб больш часу заставалася на хатнія справы і зямельныя клопаты. У гэтым бачыла залог сямейнага дабрабыту, знаходзіла задавальненне і асалоду для душы.

Так ішлі гады. А яны, на жаль, пагаршаюць самаадчуванне, прымушаюць нас развітвацца з роднымі: на Украіне Багдана Анатольеўна і Эдуард Міхайлавіч пахавалі сваіх маці. У мужа, якога стала падводзіць здароўе, з’явілася нястрымнае жаданне вярнуцца на радзіму – у Брагінскі раён. Так і зрабілі.

Ужо амаль пяць гадоў, як сям’я Патарочаў жыве па вуліцы Кааператыўнай у Бурках. Дом, які тут купілі, і навакольную тэрыторыю не пазнаць – яны трапілі ў працавітыя рукі, да старанных, неабыякавых людзей.

Спачатку, праўда, і саміх убачанае палохала: непраходныя зараслі ды занядбаныя пабудовы – гаспадары даўно пакінулі гэты свет. І, здавалася, цуд пераўтварэння апусцелых уладанняў проста немагчымы. Але новыя жыхары аказаліся не з тых, кім будуць авалодваць роспач і безнадзейнайсць. Да справы яны прыступілі па прынцыпе «вочы баяцца, а рукі робяць».

0100001012_10100001012_20100001012_30100001012_4

Першым чынам пазбавіліся ад пустазелля, якое ўжо вымахала ў рост чалавека, выкарчавалі залішнія дрэвы, ачысцілі ўчастак ад іншай непатрэбнай расліннасці. Потым паставілі сваёй задачай дабіцца належнага камфорту ў доме – у пакоях з’явіліся газавае ацяпленне, вада, іншыя бытавыя выгоды. На думку разважлівай і мудрай Багданы Анатольеўны, гэта асабліва важна і запатрабавана на схіле гадоў, калі, магчыма, не ва ўсім будзеш разлічваць на ўласныя сілы.

Яшчэ калі пражывалі ў Латвіі, усе свае творчыя задумы і ідэі ў афармленні падворка Эдуард Міхайлавіч увасабляў з дапамогай электралобзіка. А жонка ў гэтым працоўным працэсе была незаменнай памочніцай, і такая практыка на новым месцы аказалася якраз дарэчы. Калі здароўе мужа стала пагаршацца, усе клопаты па абсталяванні сядзібы, вырабе драўляных дэкаратыўных канструкцый Багдана Анатольеўна ўзяла на сябе. І цяпер нават цяжка паверыць, што гарманічна аформлены ганак, агароджа, летні пакой, вынікі іншых будаўніча-рамонтных работ – справа не мужчынскіх, а жаночых рук. Не менш умелых і майстравітых.

А як не звярнуць увагу на ідэальную дагледжанасць зямельнага ўчастка, на якім ужо ўладарыць не бур’ян, а сакавітая садавіна і гародніна, буйства зеляніны і кветак. Апошніх, дарэчы, на падворку – некалькі дзясяткаў: лілеі, гваздзікі, гладыёлусы, клемацісы, крокусы… Але любімыя ў гаспадыні – ружы. Мноства кветак яна высаджвала і на былым месцы жыхарства, таму традыцыі з пераездам змяняць не стала. Іх казачная прыгажосць, багацце араматаў і насычаная палітра колераў ствараюць святочную атмасферу, уздымаюць настрой.

Вось так, дзякуючы працалюбству, натхненню, смелым ідэям людзей пачцівага ўзросту, дом у Бурках атрымаў другое дыханне. І па сутнасці стаў увасабленнем поглядаў на жыццё самой сям’і, якая ўмее радавацца кожнаму дню і даражаць светлымі чалавечымі пачуццямі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *