Тэма тыдня: завершана рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Тема недели

belta

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання завяршылася 11 жніўня. З гэтага моманту наваспечаныя прэтэндэнты на месца ў парламенце пры падтрымцы давераных асоб змогуць пачаць агітацыю. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына расказала аб выніках этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і іншых момантах выбарчай кампаніі.

У Беларусі для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах зарэгістраваны 521 кандыдат

Аб гэтым паведаміла 12 жніўня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

«Зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах», — сказала кіраўнік ЦВК. У цэлым яна пазітыўна ацэньвае колькасць канчатковых прэтэндэнтаў на месца ў парламенце, паколькі працэнт адмовы ў рэгістрацыі невысокі. «Працэнтныя адносіны адмоў — 14,8 працэнта, што на 10 працэнтаў менш, чым чатыры гады таму. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах было зарэгістравана 363 кандыдаты, адмоў было 122, або 24,7 працэнта», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Усяго ў гэтым годзе кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек, што на 130 больш, чым на выбарах у 2012 годзе. Пры гэтым у выбаркамы паступіла 765 камплектаў дакументаў, што сведчыць аб розных спосабах вылучэння.

Кандыдаты будуць змагацца за 110 месц у парламенце.

Ярмошына расказала аб партрэце кандыдата ў дэпутаты

Жанчын сярод зарэгістраваных кандыдатаў — 24,8 працэнта. «Гэта менш як трэць, але давайце не будзем забываць, што доля жанчын у парламенце можа быць большай. Жанчыны могуць заняць і да 50 працэнтаў са 110 месц у парламенце, калі яны будуць выбраны выбаршчыкамі», — звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына 12 жніўня ў час анлайн-канферэнцыі на тэму «Парламенцкія выбары-2016» на сайце БЕЛТА.

Моладзі сярод зарэгістраваных кандыдатаў — 9,8 працэнта (крыху больш, чым у 2012 годзе, калі гэты паказчык склаў 9,1 працэнта), пенсіянераў — 8,1 працэнта (42 чалавекі).

У якасці кандыдатаў зарэгістраваны 31 беспрацоўны (6 працэнтаў).

Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (адукацыя, культура, навука, ахова здароўя) склалі 18,2 працэнта (95 чалавек), дзяржорганаў — 9,8 працэнта (51 чалавек). Даволі шмат работнікаў прамысловасці — 17,3 працэнта (90 чалавек). Прадпрымальнікі склалі 6,7 працэнта (35 чалавек). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 136 чалавек (26,1 працэнта).

Вылучаны палітычнымі партыямі 52,5 працэнта зарэгістраваных (прыблізна гэтак жа, як і ў 2012 годзе). У цэлым жа членамі партый з’яўляюцца 63,7 працэнта зарэгістраваных кандыдатаў (332 чалавекі).

Ацэньваючы колькасць людзей, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ў гэтай сітуацыі нельга кіравацца толькі лічбамі. «Самае галоўнае — прычыны (адмовы ў рэгістрацыі. — Заўвага БЕЛТА). Калі адмовы абгрунтаваны і адпавядаюць рэаліям, значыць, гэта нармальна. Калі ёсць адмовы, прыцягнутыя за вушы, будуць разбірацца тэрытарыяльныя камісіі, потым суды. Зразумела, такая сітуацыя не можа задавальняць ні мяне, ні выбаршчыкаў», — сказала старшыня ЦВК.

Умовы вылучэння роўныя для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты

«Я абсалютна ўпэўнена, што ўсе заканадаўчыя, арганізацыйныя і прававыя перадумовы былі роўныя. І гэта з’яўляецца тым самым галоўным, што можа запатрабаваць ад дзяржавы выбаршчык і кандыдат у дэпутаты», — заявіла Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне, ці былі створаны роўныя ўмовы для вылучэння апазіцыйных і праўладных кандыдатаў.

Разам з тым старшыня ЦВК падкрэсліла, што абсалютнай роўнасці пры вылучэнні быць не можа, таму што не роўныя самі кандыдаты. «Дырэктара завода вылучыць яго працоўны калектыў, кіраўніка грамадскага аб’яднання або лідара партыі падтрымае яго структура, а беспрацоўнага вылучаць няма каму. Таму абсалютнай роўнасці не існуе. Усё вызначае асоба самога кандыдата», — звярнула ўвагу яна.

Асабісты фінансавы фонд кандыдата можа цалкам фарміравацца за яго кошт — ЦВК

 У якасці прыкладу Лідзія Ярмошына прывяла выпадак, калі кандыдат адкрыў рахунак, унёс на яго грошы, праплаціў агітацыйную прадукцыю і адразу закрыў рахунак. «Ён не хоча, каб туды паступалі нейкія ананімныя сродкі, каб яго нехта дыскрэдытаваў, каб ён потым тлумачыў. Напэўна, ён не вельмі давярае гэтаму адкрытаму працэсу ўнясення сродкаў і жадае ўсё рабіць сваімі чыстымі, праверанымі грашамі. Гэта яго права. Менавіта таму я так настойвала, калі абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні фондаў, каб гэты фонд дазвалялі цалкам фарміраваць за кошт сродкаў самога кандыдата», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Асабістыя фонды таксама могуць фарміравацца за кошт добраахвотных ахвяраванняў фізічных і юрыдычных асоб. Гранічная сума ўсіх расходаў са сродкаў выбарчага фонду кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не можа перавышаць 1000 БВ, што складае Br21 тыс. з улікам дэнамінацыі.

Са сродкаў выбарчага фонду могуць фінансавацца выраб друкаваных матэрыялаў, арэнда памяшканняў, абсталявання, аплата работ (паслуг), транспарту, аргтэхнікі, пакрыццё іншых расходаў, звязаных непасрэдна з правядзеннем кандыдатам у дэпутаты мерапрыемстваў агітацыйнага характару. Прэтэндэнту на месца ў парламенце забараняецца выкарыстоўваць іншыя грашовыя сродкі для правядзення перадвыбарнай агітацыі, акрамя тых, якія паступілі ў выбарчы фонд.

Спецыяльны фінансавы рахунак для стварэння фонду можна адкрыць у аддзяленні Беларусбанка.

Супраць «навігатара» па выступленнях кандыдатаў на сайце ЦВК пярэчанняў не паступала

Адно з пытанняў у час анлайн-канферэнцыі на тэму «Парламенцкія выбары-2016» датычылася стварэння на сайце ЦВК спецыяльнага раздзела, дзе можна знайсці «каардынаты» кожнага выступлення кандыдатаў, якое паступіла ў рэдакцыі газет. Мяркуецца, што гэта, у тым ліку, дапаможа пазбегнуць паўторнай бясплатнай публікацыі перадвыбарных праграм у дзяржаўных СМІ.

У папярэднюю парламенцкую кампанію выпадкаў двайнога апублікавання не было, канстатавала Лідзія Ярмошына, але гэта было магчыма ў акругах, дзе сканцэнтравана некалькі адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў, значыць, ёсць некалькі газет. «Новаўвядзенне супраць двайнога апублікавання перадвыбарных праграм — не абмежаванне для кандыдатаў. Таму што кантроль з боку ЦВК прадугледжвае толькі інфармацыю на сайце аб усіх выступленнях кандыдатаў у дэпутаты, — адзначыла кіраўнік ЦВК. — Я не атрымала ніводнага пярэчання ні ад наглядальнікаў, ні ад патэнцыяльных кандыдатаў наконт гэтага новаўвядзення».

Паводле яе слоў, бясплатная публікацыя перадвыбарных праграм кандыдатаў у дэпутаты ў дзяржаўных СМІ — добра для іх і дадатковая рэклама.

У рэгіёнах для вядзення перадвыбарнай агітацыі створаны ліберальныя ўмовы

Аб гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам пасля анлайн-канферэнцыі, прысвечанай парламенцкім выбарам у Беларусі.

«Месц для агітацыі дастаткова, і усе, нават апаненты ўлады, адзначаюць, што ў гэтым годзе створаны больш ліберальныя ўмовы», — заўважыла Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, пры вызначэнні месц для агітацыі ўлады ў рэгіёнах па рэкамендацыі ЦВК кіраваліся «мінскім прынцыпам» — дазволена ўсюды, акрамя тых месц, дзе забаронена. «Гэтак праводзіўся і збор подпісаў. Вядома, не ўсе (у рэгіёнах. — Заўвага БЕЛТА) былі настолькі шырокія ў прадастаўленні прывілей, але тым не менш месц прадастаўлена значна больш. Проста значна менш кандыдатаў жадаюць гэтым скарыстацца. Але калі хочаш агітаваць — калі ласка», — сказала яна.

Растлумачваючы прычыны адмовы некаторых кандыдатаў у дэпутаты ўдзельнічаць у будучых тэледэбатах, Лідзія Ярмошына выказала меркаванне, што прадстаўнікі палітычных партый, якія зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў, не вельмі хочуць дыскутаваць адзін з адным, але вельмі хочуць паразмаўляць з праўладным кандыдатам. «Хоць я лічу, што, калі табе няма чаго сказаць, нападаць на ўладу — гэта самае простае. Самае простае — гэта негатыўная агітацыя, калі ты абвінавачваеш ва ўсіх бедах апанента і выглядаеш на яго фоне белым і пушыстым», — лічыць яна.

Пры гэтым, на думку Лідзіі Ярмошынай, «галоўнае ў тэледэбатах — усё ж такі паказаць выбаршчыкам, што ты хочаш і можаш зрабіць, што ты можаш прапанаваць грамадству і выбаршчыкам».

Тэледэбаты — адна з самых відовішчных форм вядзення перадвыбарнай агітацыі, якая, напрыклад, выкарыстоўвалася на прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе. На выбарах у Палату прадстаўнікоў, якія адбудуцца 11 верасня, парадак правядзення тэледэбатаў вызначаецца адпаведнай рэгіянальнай тэлерадыёкампаніяй.

Супраць прымушэння кандыдатаў у дэпутаты да ўдзелу ў тэледэбатах

«Удзел у выбарах з’яўляецца свабодным, як і ў перадвыбарных мерапрыемствах. Я супраць любога прымушэння», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

«Калі кандыдат адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах, то выбаршчык мае права зрабіць адпаведную ацэнку яго асобы. Можа, ён адмаўляецца зусім абгрунтавана? — сказала кіраўнік ЦВК. — Напрыклад, кандыдат у дэпутаты канкурыруе з чалавекам, які вызначаецца залішняй канфліктнасцю. Прыйсці і быць зняважаным, уніжаным, аблаяным — гэта аднолькавыя ўмовы вядзення дэбатаў? Не, вядома».

Лідзія Ярмошына лічыць, што «любы кандыдат (скажам, старшыня райвыканкама, кіраўнік, палітык) не павінен баяцца адкрытых пытанняў, павінен умець адкрыта апаніраваць». Але гэта вельмі індывідуальна, дадала яна.

Мажарытарная сістэма больш выгадная выбаршчыку

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, пераход на прапарцыянальную сістэму патрэбны, каб партыі развіваліся, удзельнічалі ў выбарах — гэта адзінае абгрунтаванне для такога кроку. «Але мы бачым, што партыі ў нас не дэградуюць, яны развіваюцца і пачынаюць удзельнічаць у выбарах яшчэ больш актыўна. Дык навошта мы будзем укараняць прапарцыянальную сістэму і ў той жа час пазбаўляць выбаршчыка такіх рэчаў, як персанальны погляд, персанальны выбар кандыдата, персанальная адказнасць? Гэта ўсё тое, што дае мажарытарная сістэма, што дорага выбаршчыку», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што на постсавецкай прасторы — масавая з’ява, калі ўкаранілі прапарцыянальную сістэму, а потым сталі пераходзіць да змешанай або мажарытарнай. «Такі крок быў патрэбны не ўраду (яму якраз больш зручная прапарцыянальная сістэма), гэта патрэбна выбаршчыку», — лічыць яна.

Чым менш абмежаванняў для наглядальнікаў на выбарах, тым больш непрадузяты іх погляд 

«Чым больш свабоды, чым менш абмежаванняў і кантролю з боку ўлады, тым больш свабодна адчувае сябе наглядальнік, тым больш непрадузятым з’яўляецца яго погляд, таму што ён абсалютна рознабаковы ў сваіх кантактах і можа атрымаць інфармацыю ад любых людзей і арганізацый», — сказала Лідзія Ярмошына.

Разам з тым старшыня ЦВК адзначыла, што не можа ацэньваць работу наглядальнікаў на выбарах у Беларусі. «Больш таго — не маю права гэта рабіць. Бо ў гэтым выпадку яны назіраюць за дзейнасцю дзяржаўных улад і выбарчых камісій, а не я. Магу сказаць, што яны працуюць абсалютна аўтаномна, па сваёй праграме, не ўзгадняючы яе з Цэнтральнай выбарчай камісіяй», — звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, раней ЦВК часцей кантактавала з наглядальнікамі, аднак у эпоху інтэрнэту ўсё змянілася. «Цяпер яны бачаць літаральна ўсё: праграму дзеянняў, тэлефоны, расклады, рэжымы работы акруговых і тэрытарыяльных камісій. І яны самі выходзяць непасрэдна на гэтыя арганізацыі, самі кантактуюць з імі. Кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ я бачыла адзін раз: пры прадстаўленні. Цяпер яна працуе разам са сваёй місіяй самастойна. Да нас прыходзяць асобныя эксперты, але яны прыходзяць у асноўным у наш прававы аддзел, каб пракансультавацца з юрыстамі, узяць у іх нейкую інфармацыю, скапіраваць скаргі, якія паступаюць у ЦВК, і адказы на іх, — растлумачыла старшыня Цэнтрвыбаркама. — Наколькі я ведаю, сёння яны сустракаюцца з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда. Яны сустракаюцца з дыпламатамі, палітычнымі партыямі. Я ведаю, што ў іх павінна з’явіцца ў бліжэйшы час прамежкавая справаздача. І гэта адзінае сведчанне для ЦВК таго, што яны прысутнічаюць».

ЦВК: з ліку зарэгістраваных кандыдатаў 28 — дзеючыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў 28 чалавек з’яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дзеючага склікання. Такая інфармацыя размешчана 12 жніўня на сайце Цэнтрвыбаркама.

Зарэгістраваных кандыдатаў вылучылі: грамадзяне шляхам збору подпісаў — 199 (38,2 працэнта), працоўныя калектывы — 125 (24 працэнты), палітычныя партыі — 331 (63,5 працэнта). Сярод партыйцаў найбольшая колькасць зарэгістравана ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі — 77 чалавек (14,8 працэнта), ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 57 (10,9 працэнта) і ад Партыі БНФ — 49 (9,4 працэнта).

Сярод прэтэндэнтаў на парламенцкую пасаду 129 жанчын (24,8 працэнта), грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў — 52 (10 працэнтаў), з’яўляюцца дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў — 43 (8,3 працэнта).

Што датычыцца сфер дзейнасці, тут можна вылучыць наступныя катэгорыі: адукацыя, культура, навука, ахова здароўя — 95 чалавек (18,2 працэнта); гандаль, бытавое абслугоўванне насельніцтва — 24 (4,6 працэнта), дзяржаўныя органы — 51 (9,8 працэнта); праваахоўныя органы і ваенная служба — 8 (1,5 працэнта), прадпрымальнікі — 35 (6,7 працэнта); прамысловасць, транспарт, будаўніцтва — 90 (17,3 працэнта); сельская гаспадарка — 9 (1,7 працэнта). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 137 кандыдатаў (26,3 працэнта), непрацуючых — 30 чалавек (5,8 працэнта), пенсіянераў — 42 (8,1 працэнта).

ЦВК прааналізавала памылкі, дапушчаныя патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты ў дакументах на рэгістрацыю

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына ў відэазвароце, размешчаным 11 жніўня на інтэрнэт-партале Выбары-2016, расказала аб памылках, дапушчаных патэнцыяльнымі кандыдатамі ў дэпутаты ў дакументах на рэгістрацыю.

У прыватнасці, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што ў Беларусі завяршаецца перыяд рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. «Калі ацаніць ход праверкі дакументаў, прадстаўленых у мэтах абгрунтавання вылучэння, можна сказаць, што ў асноўным дакументы прадстаўлены якасныя і дазваляюць камісіям прымаць станоўчыя рашэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты», — заўважыла яна.

Пры гэтым памылкі, якія маюць месца, датычацца наступнага: не ўсе кандыдаты прадставілі неабходную колькасць подпісаў. «На жаль, ёсць факты, што сведчаць аб фальсіфікацыі подпісаў, калі грамадзяне ўключаюцца ў падпісныя лісты на падставе дакументаў, якіх не існуе або якія мелі месца ў іх мінулым. Гэта азначае, што ў грамадзян дакументы не браліся і подпісы, хутчэй за ўсё, яны не ставілі», — канстатавала кіраўнік ЦВК.

Другой падставай для адмовы ў рэгістрацыі, даволі распаўсюджанай, з’яўляецца прадстаўленне недакладнай дэкларацыі аб даходах і маёмасці, калі памылка ў названых даходах складае больш як 20 працэнтаў або не пазначаны нейкія здзелкі, праведзеныя з маёмасцю, аб якіх кандыдат проста забыў або якія не хацеў пазначыць.

Лідзія Ярмошына таксама са шкадаваннем адзначыла, што не ўсе патэнцыяльныя кандыдаты дастаткова добра вывучылі выбарчае заканадаўства і таму прадставілі няпоўны пакет дакументаў. Гэта датычыцца нават тых, хто вылучаўся ад палітычных партый. Напрыклад, не ўсе змаглі прадставіць статуты палітычных партый або дакументы аб вышэйшай адукацыі. Мае месца таксама выпадак, калі кандыдат не пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а больш як 17 гадоў знаходзіцца за мяжой, і ўсе дакументы прадстаўляў праз іншых асоб. «Усе гэтыя факты выяўляюцца. У выпадку калі яны з’яўляюцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі, кандыдатам адмаўляецца», — растлумачыла яна.

Між тым некаторыя кандыдаты знялі свае кандыдатуры з перадвыбарнай гонкі добраахвотна. Так, па горадзе Мінску адмовіліся рэгістравацца і праводзіць потым агітацыйную кампанію тры кандыдаты, чатыры кандыдаты адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах па Мінскай вобласці. Ёсць нешматлікія адмовы і па іншых рэгіёнах краіны.

Ярмошына спадзяецца, што кандыдаты ў дэпутаты не будуць падманваць давер выбаршчыкаў і здымацца з выбараў

Лідзія Ярмошына ў відэазвароце звярнула ўвагу, што ў ходзе рэгістрацыі акруговыя камісіі вельмі ўважліва працавалі з дакументамі патэнцыяльных кандыдатаў і фактаў неабгрунтаваных прыдзірак наконт гэтага няма. «Такім чынам, можна лічыць гэту выбарчую кампанію ліберальнай, дэмакратычнай», — сказала яна.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што ў Беларусі на гэтых выбарах няма ні адной безальтэрнатыўнай акругі. «Зразумела, ёсць некалькі акруг (на момант вылучэння іх было толькі дзве, можа, пасля рэгістрацыі гэта колькасць павялічыцца), дзе прэтэндуюць на пасаду дэпутата толькі два чалавекі. Але я спадзяюся, што змяншэнне колькасці кандыдатаў да моманту набліжэння даты выбараў не адбудзецца, а калі гэтыя факты будуць мець месца, яны будуць усе абгрунтаваны і кандыдаты не будуць падманваць давер выбаршчыкаў і здымаць свае кандыдатуры без дастатковых на тое прычын», — сказала яна.

У цэлым, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, конкурс на дэпутацкае крэсла даволі высокі.

«Ужо цяпер можна гаварыць, што ў горадзе Мінску на адно дэпутацкае месца прэтэндуе амаль 6 грамадзян Беларусі (5,7). Па астатніх рэгіёнах конкурс, як правіла, складае больш за чатыры чалавекі. Менш за ўсё пакуль паказвае кандыдатаў на адно дэпутацкае месца Мінская вобласць, дзе ў сярэднім конкурс складае 3,9. Але гэта больш шырокая альтэрнатыва, чым тая, якая была чатыры гады таму пры правядзенні парламенцкіх выбараў 2012 года», — дадала яна.

belta 2

Выступленні кандыдатаў у СМІ дапамогуць выбаршчыкам вызначыцца з перавагамі

Як адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама, адначасова з рэгістрацыяй кандыдатаў выбарчыя камісіі праводзяць жараб’ёўку тэлевізійнага і радыйнага часу. Кожны кандыдат атрымае пяць хвілін для выступлення па беларускім тэлебачанні і пяць хвілін для выступлення па радыё. Пры гэтым будуць задзейнічаны магчымасці, перш за ўсё, абласных тэлерадыёкампаній. Аднак кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца па Мінску, час будзе прадастаўлены ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3», а кандыдатам у дэпутаты, якія балаціруюцца па Мінскай вобласці, — у эфіры тэлеканала «СТБ» ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне».

Выступленні па тэлебачанні пакажуць у рабочыя дні з 15 жніўня па 2 верасня з 19.00 да 20.00. Эфірны час для выступленняў па радыё вызначаны таксама ў рабочыя дні з 15 жніўня па 2 верасня, але ўжо з раніцы — з 07.00 да 08.00.

Лідзія Ярмошына ўпэўнена, што выступленні кандыдатаў і іх тэледэбаты дапамогуць выбаршчыкам вызначыцца са сваімі перавагамі і зрабіць правільны выбар па выніках цяперашняй парламенцкай кампаніі. Яна таксама выказала надзею, што кандыдаты ўсё радзей будуць адмаўляцца ад такой эфектыўнай формы агітацыі, як тэледэбаты. Парадак правядзення тэледэбатаў вызначаецца аднаведнай тэлерадыёкампаніяй.

Што датычыцца скаргаў, якія паступаюць ад выбаршчыкаў па ходзе кампаніі, іх колькасць, паводле слоў старшыні ЦВК, невялікая. Пераважна скаргі, якія ў асноўным накіроўваюць наглядальнікі ад арганізацый і рухаў, што прадстаўляюць апазіцыйныя палітычныя сілы, з’яўляюцца надуманымі і не адпавядаюць тым абставінам, якія мелі месца ў ходзе выбарчай кампаніі, дадала Лідзія Ярмошына.

Кандыдаты ў дэпутаты пачалі прадастаўляць для апублікавання ў СМІ свае праграмы

Такая інфармацыя 10 жніўня размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.

Так, першая праграма паступіла напярэдадні ў рэдакцыю газеты «Рэспубліка» ад аднаго з зарэгістраваных кандыдатаў. Інфармацыя аб іншых прэтэндэнтах на парламенцкае месца, якія накіравалі свае праграмы ў мясцовыя або цэнтральныя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі (у залежнасці ад акругі, дзе яны вылучаліся), таксама будзе з’яўляцца на сайце Цэнтрвыбаркама.

Своеасаблівы даведнік па выступленнях кандыдатаў у дэпутаты — новаўвядзенне парламенцкай кампаніі бягучага года. На сайце ЦВК ёсць спецыяльная ўкладка, адкрыўшы якую, можна знайсці «каардынаты» кожнага з выступленняў, што паступілі ў рэдакцыі газет. Гэта зроблена, каб пазбегнуць двайнога апублікавання: кожная рэдакцыя, якая атрымала перадвыбарную праграму, зможа зайсці на сайт ЦВК і паглядзець, ці не паступала праграма раней у іншыя рэдакцыі. Адпаведна, калі раней кандыдат ужо выкарыстаў сваё права на бясплатнае апублікаванне, яму будзе адмоўлена.

Адразу пасля рэгістрацыі прэтэндэнты на месца ў парламенце маюць права пры дапамозе давераных асоб (іх можа быць да 15 чалавек) пачынаць перадвыбарную агітацыю.

Ёсць розныя варыянты вядзення перадвыбарнай агітацыі, якія ўключаюць выступленні перад выбаршчыкамі на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні, радыё, публікацыю праграмы сваёй будучай дзейнасці. Таксама можна ставіць перад адпаведнымі выбаркамамі пытанне аб прадастаўленні памяшканняў для сустрэч з выбаршчыкамі.

Кандыдат мае права самастойна вызначаць формы, віды і змест перадвыбарнай агітацыі, выконваючы пры гэтым патрабаванні заканадаўства аб выбарах, масавых мерапрыемствах і СМІ.

Напрыклад, што датычыцца перадвыбарных праграм, пры іх апублікаванні захоўваецца чарговасць паступлення. Аб’ём праграмы не можа перавышаць дзвюх машынапісных старонак (не больш як 4 тыс. знакаў з прабеламі пры камп’ютарным наборы). Тэкст перадвыбарнай праграмы, падпісаны кандыдатам у дэпутаты, не пазней за 21 жніўня на папяровым і электронным носьбітах павінен быць прадастаўлены ў рэдакцыю газеты.

Акрамя таго, кандыдат мае права на адно бясплатнае пяцімінутнае выступленне па тэлебачанні, на адно бясплатнае пяцімінутнае выступленне па радыё і на ўдзел у тэледэбатах. Дата і час выхаду ў эфір перадач з перадвыбарнымі выступленнямі кожнага з кандыдатаў вызначаюцца ў адпаведнасці з жараб’ёўкай, якая будзе праведзена акруговымі камісіямі.

Больш як 10,5 тыс. унутраных наглядальнікаў акрэдытаваны для маніторынгу выбараў у парламент

Больш як 10,5 тыс. нацыянальных наглядальнікаў акрэдытаваны для маніторынгу выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Такая інфармацыя размешчана 12 жніўня на сайце Цэнтрвыбаркама.

Грамадзяне шляхам падачы заявы акрэдытавалі 840 сваіх прадстаўнікоў, працоўныя калектывы — 379, палітычныя партыі — 1 345. Ад іншых грамадскіх аб’яднанняў акрэдытацыю атрымалі 7 945 чалавек.

Што датычыцца міжнародных наглядальнікаў, якія будуць задзейнічаны ў маніторынгу выбарчай кампаніі, іх, паводле апошняй інфармацыі, акрэдытавана ўжо больш за 320, аднак па меры набліжэння даты выбараў гэта колькасць будзе павялічвацца.

Ярмошына расказала прадстаўнікам ПАСЕ аб ходзе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына сустрэлася 10 жніўня з кіраўніком папярэдняй місіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Гізелай Вурм і іншымі членамі місіі.

«Паколькі прадстаўнікі ПАСЕ сустракаліся і з грамадскімі арганізацыямі, а не толькі з дзяржаўнымі органамі, у іх быў шэраг пытанняў, якія датычыліся парадку праходжання выбарчай кампаніі, — расказала Лідзія Ярмошына. — Яны праінфармаваны аб тым, як будзе ажыццяўляцца перадвыбарная агітацыя, якія магчымасці дзяржава для гэтага прадаставіла кандыдатам. Былі зададзены пытанні аб ходзе іх рэгістрацыі, аб падставах для адмовы ў рэгістрацыі, а таксама аб тым, якім чынам затым аспрэчваецца гэта рашэнне».

Акрамя таго, прадстаўнікі ПАСЕ пацікавіліся, як будзе весціся падлік галасоў, ці будзе ён адкрыты для наглядальнікаў, як ажыццяўляецца ўлік выбаршчыкаў, ці няма рызыкі двайной рэгістрацыі выбаршчыкаў і магчымасці двайнога галасавання.

У цэлым, на думку Лідзіі Ярмошынай, прадстаўнікі ПАСЕ ўдзячны за запрашэнне наведаць Беларусь, ацэньваюць гэта як жэст адкрытасці беларускага выбарчага працэсу і жаданне краіны знаходзіцца ў еўрапейскай сям’і.

Кіраўнікі маніторынгавых місій СНД і БДІПЧ АБСЕ правядуць сустрэчу 11 верасня

Аб гэтым паведамілі ў штабе місіі наглядальнікаў ад Садружнасці.

Пытанні падрыхтоўкі і правядзення маючых адбыцца парламенцкіх выбараў разглядаліся на сустрэчы прадстаўнікоў місіі СНД з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ Каэтанай дэ Зулуетай Оўтрам. «Бакі абмеркавалі ход выбарчай кампаніі, дамовіліся аб падтрыманні рабочых кантактаў і аб сустрэчы кіраўнікоў місіі ў дзень галасавання», — праінфармавалі ў штабе.

Цяпер місія наглядальнікаў ад СНД прадаўжае маніторынг падрыхтоўкі і правядзення электаральнай падзеі. Штаб місіі ўзаемадзейнічае з рэспубліканскімі органамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіць разгляд скаргаў, зваротаў і заяў, звязаных з парушэннем выбарчага заканадаўства.

Кіраўнік штаба місіі Яўген Слабада правёў сустрэчы з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда і Міністэрства ўнутраных спраў. У прыватнасці, ішла размова аб гатоўнасці судоў да аб’ектыўнага і непрадузятага разгляду ўсіх скаргаў, што паступаюць у ходзе выбарчай кампаніі. У МУС расказалі аб праводзімых мерапрыемствах, звязаных з забеспячэннем бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў.

Члены місіі таксама абмеркавалі ход выбарчай кампаніі з кіраўніцтвам выбарчага штаба Камуністычнай партыі Беларусі, РГА «Белая Русь».

Доўгатэрміновыя наглядальнікі ад Садружнасці прысутнічалі на пасяджэннях кожнай трэцяй акруговай выбарчай камісіі пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. На іх думку, усім кандыдатам былі створаны аднолькавыя прававыя ўмовы, і да рэгістрацыі прымяняліся аднолькавыя патрабаванні. Пасяджэнні праходзілі арганізавана і карэктна ў адносінах да кандыдатаў, адзначаецца высокая канкурэнцыя ў барацьбе за дэпутацкі мандат.

Фарміраванне маніторынгавай місіі СНД прадаўжаецца. Па стане на 12 жніўня ў яе складзе акрэдытаваны 243 наглядальнікі, якія прадстаўляюць Азербайджан, Казахстан, Расію, Туркменістан, МПА СНД, Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Выканкам СНД.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *