За спіртное жыхары раёна разлічваюцца тэлевізарамі і будаўнічымі матэрыяламі

Территория закона

alcoКалі душа просіць моцных напояў, а грошай, каб іх набыць, не хапае, з дому пачынаюць знікаць розныя каштоўныя і не вельмі рэчы. Зразумець чалавека, які гатовы абмяняць на бутэльку гарэлкі тэлевізар ці DVD-плеер, цяжка. Як і іншых лю-дзей, якія задзейнічаны ў гэтым бартарным працэсе. Вядома, і першыя, і другія шукаюць сваю выгаду. Але ж вынік такой сумніўнай здзелкі можа быць супрацьлеглым таму, на які спадзяюцца яе ўдзельнікі.

Як паведаміла начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС Алена КАТЛАБАЙ, падобныя выпадкі былі зарэгістраваны ў Гдзяні, Чамярысах, Хракавічах і Брагіне. Мясцовыя жыхары рэалізоўвалі алкагольныя напоі сваім аднавяскоўцам, прычым тыя маглі разлічыцца за гарэлку як грашамі, так і рознымі прадметамі побыту (вядома, больш-менш каштоўнымі). Не грэбавалі такія “бізнесмены” нават скрадзеным.

Кадр з фільма "Самагоншчыкі"
Кадр з фільма «Самагоншчыкі»

Згодна з ч. 4 артыкула 12.27 КаАП, за такую дзейнасць фізічная асоба, якая не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, можа ат-рымаць штраф у памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь. Пры гэтым прадугледжана канфіскацыя спіртнога, падрыхтаванага да продажу. Калі ж такі чалавек трапіць у поле зроку міліцыі двойчы за год, то яму ўжо давядзецца адказваць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, дзе памер штрафу можа дасягаць ста базавых велічынь (арт. 12.7 КаАП). І не важна, рэалізуе ён самаробны алкаголь ці перапрадае набыты ў магазіне. За гэта, дарэчы, прадугле-джана і крымінальная адказнасць.

– Жыхары раёна неаднаразова папярэджваліся аб адказнасці за самагонаварэнне, – гаворыць Алена Пятроўна. – Атрымаць штраф можна за любыя дзеянні, звязаныя з вырабам, продажам, захоўваннем ці набыццём самагонкі. Але ж многія, у каго мы яе знаходзім, па-ранейшаму спрабуюць запэўніць, што нічога не ведалі, прыдумваюць розныя “адмазкі”. Толькі ў законе выразна прапісана аб забароне, таму пакаранне непазбежна ў любым выпадку.

Нагадаем, што ў нашай краіне манаполія на выраб моцных алкагольных напояў належыць дзяржаве. Незаконная дзейнасць у даным накірунку вядзе да папярэджвання або штрафу да пяці базавых велічынь (арт. 12.43 КаАП), як і выраб брагі, захоўванне самагонных апаратаў. Больш таго, адміністрацыйным парушэннем лічыцца і набыццё алкаголю дамашняй вытворчасці. Таму, калі супрацоўнікі міліцыі знойдуць у вас хоць бы кроплю самагонкі, адказваць давядзецца, як кажуць, па ўсёй строгасці закона.

Адрасы самагоншчыкаў у РАУС, як правіла, даведваюцца дзякуючы паведамленням тых, хто стаміўся мірыцца з пастаяннымі п’янкамі блізкіх людзей. Многія, праўда, не жадаюць называць сваё імя, і гэта, па словах Алены Пятроўны, іх права. Інфармацыя ў любым выпадку правяраецца, большасць з яе пацвярджаецца. Самі ж арганізатары самагоннага бізнесу шчыра ўпэўнены, што нічога дрэннага яны не робяць, і, вядома ж, вельмі жадаюць даведацца, хто іх здае праваахоўнікам. Але імёны інфарматараў не выдаюцца.

Дарэчы, зусім нечаканую знаходку выявілі супрацоўнікі РАУС падчас рэйду па прадухіленні незаконнага абарачэння алкаголю, калі разам з атрадам міліцыі асобага прызначэння накіраваліся па чарговым адрасе. Жыхар Ніжніх Жароў захоўваў у маразільнай камеры забітую рысь з прыкметамі агнястрэльнага ранення. Але ж даны від дзікіх жывёл занесены ў Чырвоную кнігу, таму паляванне на іх забаронена. У адносінах да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Па словах Алены Пятроўны, яе здзіўляюць яшчэ і такія выпадкі, калі дарослыя дзеці, напрыклад, гатуюць брагу ці захоўваюць самагонку ў доме пажылых бацькоў, не задумваючыся, што да старых за гэтым напоем могуць наведвацца людзі рознага кантынгенту, патрывожыць нават ноччу; калі жонка займаецца такой справай пры мужы, які сябруе з зялёным змеем, і інш. Усяго ў раёне са студзеня па чэрвень 2016 года за незаконнае абарачэнне алкагольнай прадукцыі, захоўванне самагонных апаратаў да адказнасці прыцягнута 52 чалавекі, двое жыхароў раёна пайшлі з жыцця ад перадазіроўкі спіртнога.

Чаму ж людзі аддаюць перавагу самагонцы, часам – не надта высокай якасці? Таннасць, магчымасць набыць у любы час сутак, а калі няма грошай, то разлічыцца можна чым заўгодна… Між тым добра арганізаваны нелегальны бізнес прычыняе эканамічную шкоду дзяржаве, спрыяе дэградацыі грамадства, росту злачыннасці.

З 12 да 21 жніўня ў вобласці праводзіцца прафілактычная акцыя “П’янству – не”. У палку патрульна-паставой службы міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама кругласутачна працуе гарачая лінія. Па нумары 8 (0232) 46-44-44 можна праінфармаваць органы ўнутраных спраў пра факты незаконнай вытворчасці і месцах продажу алкагольнай прадукцыі, у тым ліку дамашняга вырабу, а таксама аб незаконным абарачэнні і ўжыванні наркатычных сродкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *