Арыенціры на будучае вызначылі педагагічныя работнікі Брагінскага раёна на жнівеньскай нарадзе

Общество

Жнівеньская нарада педагагічных работнікаў – гэта не старт і не фініш, а добрая традыцыя і даніна павагі людзям, якія заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці за сваю працу. Бо кожнаму дзіцяці на нашай планеце патрэбен чалавек, які возьме яго за руку і беражліва павядзе ў краіну ведаў, пазнаёміць з навакольным светам і навучыць дабрыні і іншым найважнейшым каштоўнасцям. Імя гэтаму чалавеку – Настаўнік.

Педагогі раёна сабраліся 30 жніўня, каб разам абмеркаваць поспехі і няўдачы, дасягненні і недапрацоўкі, падзяліцца вопытам і вызначыць арыенціры на будучае. Вёў нараду намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Яшчук.

Звяртаючыся да прысутных, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Калясан адзначыў, што ў раёне створаны неабходныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей, праяўляецца клопат аб іх здароўі і бяспецы, прымаюцца своечасовыя меры па прафiлактыцы негатыўных з’яў.

00000_0

Падводзячы вынікі працы за мінулы навучальны год, Аляксандр Іванавіч завастрыў увагу прысутных на выкананні пратакола даручэнняў старшыні райвыканкама, дадзеных на мінулай жнівеньскай нарадзе. Ён адзначыў, што дзейнасць аддзела і ўстаноў комплексна вывучалася прадстаўнікамі абласнога ўпраўлення. Школы прайшлі працэдуру пацвярджэння акрэдытацыі і атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Назіраецца станоўчая дынаміка па многіх напрамках дзейнасці. Гэта датычыць і прыцягнення спонсарскай і шэфскай дапамогі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, абнаўлення памяшканняў, добраўпарадкавання тэрыторый. На правядзенне бягучага рамонту ў 2016 г. выдзелена 210,0 млн рублёў бюджэтных асігнаванняў, якія выкарыстаны на 93,4%. Спонсарская дапамога склала 49,2 млн недэнамінаваных рублёў. Паказчык па пазабюджэтнай дзейнасці фактычна выкананы на 100%, сума даходаў ад яе за першае паўгоддзе – 62,2 млн недамінаваных рублёў.

Але ж галоўная задача – арганізацыя адукацыйнага працэсу і ўмацаванне здароўя дзяцей. Рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне якасці адукацыі. Гэта прывяло да павелічэння на 6% колькасці навучэнцаў, якія на іспытах мелі адзнакі 9-10 балаў. Але, як канстатваў Аляксандр Іванавіч, няма сёлета выпускнікоў, якія атрымалі медалі, і не павялічылася колькасць пераможцаў прадметных алімпіяд, на цэнтралізаваным тэсціраванні вынік зніжаны на тры балы.

Але рэзервы ёсць. Лепшыя вынікі на ЦТ атрымалі выпускнікі Мікуліцкай сярэдняй школы (сярэдні бал – 46). Гімназія ў гэтым годзе заняла толькі другую пазіцыю ў рэйтынгу раёна – 43,6 бала. Палепшылі вынікі ў параўнанні з мінулым годам у Хракавіцкай сярэдняй школе (з восьмага месца перамясціліся на трэцяе).

Важнай ацэнкай дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца выніковая атэстацыя выпускнікоў. Варта адзначыць мэтанакіраваную работу педагагічных калектываў Брагінскай, Камарынскай, Малажынскай школ, Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы па якаснай падрыхтоўцы вучняў у мінулым навучальным годзе да выпускных экзаменаў.

Аляксандр Іванавіч падрабязна спыніўся на адукацыйным росце кадраў, прафілактыцы супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, праблемах дашкольнай адукацыі, забеспячэнні метадычнымі дапаможнікамі.

Дырэктар Брагінскай сярэдняй школы Святлана Шкурко расказала аб дасягненнях педагагічнага калектыву, стварэнні ва ўстанове профільных груп.

Аб перспектывах развіцця спецыяльнай адукацыі ў раёне гаварыла дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Іна Бандолік. 171 дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымлівае спецыяльную адукацыю (у тым ліку 15 інвалідаў). Забяспечаны падвоз васьмі з іх у цэнтр. А большасць такіх дзяцей навучаюцца і атрымліваюць карэкцыйную дапамогу ва ўстановах па месцы жыхарства – у групах, класах інтэграванага навучання.

00000_4

На абласным узроўні адзначана работа педагагічнага калектыву Чамярыскаго дзіцячага сада – сярэдняй школы па стварэнні беларускамоўнай прасторы і выкарыстанні беларускай мовы ў адукацыйным працэсе. Дырэктар школы Святлана Кудранок падзялілася з калегамі напрацоўкамі калектыву.

Трывога за лёс дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, гучала ў выступленні дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярыны Скараход. На 1 жніўня іх у раёне пражывае 96 (46 сем’яў). Дзякуючы ўзаемадзеянню ўсіх зацікаўленых службаў сітуацыя ў дваццаці сем’ях нармалізавалася. Але ж даводзіцца канстатаваць: за 2015 год сем дзяцей уладкаваны ў замяшчальныя сем’і, трое ўсыноўлены. Толькі пашаны дастойны выхавальнікі ў прыёмных сем’ях: не кожны з нас зможа даць чужому дзіцяці цеплыню і клопат, правільнае выхаванне і дабрыню.

Перад педагогамі раёна выступіў таксама ўрач-педыятр Ігар Шыпілаў, які спыніўся на пытаннях здароўезберажэння.

Выразна акрэсліў задачы педагогаў на наступны навучальны год старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан. У сваім выступленні ён у першую чаргу спыніўся на дасягненнях раёна ў выкананні прагнозных паказчыкаў за апошнія гады. Значная роля ў жыцці грамадства адведзена педагогам. “Вы павінны заўсёды памятаць, што ад вашага прафесіяналізму і асабістых якасцяў залежаць паспяховасць вучняў і выніковасць работы адукацыйных устаноў раёна, а значыць, і будучыня нашай краіны”, – звярнуў увагу прысутных кіраўнік раённай вертыкалі.

Прыемным момантам жнівеньскай нарады стала ўручэнне заслужаных дыпломаў і ўзнагарод. Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу гучалі ў адрас настаўніц Буркоўскай сярэдняй школы і гімназіі Лідзіі Міхайлаўны Раманюк і Наталлі Леанідаўны Шэін (іх вучні атрымалі на трэцім этапе абласной алімпіяды дыпломы трэцяй ступені).

Ёсць у нас і іншыя дасягненні. Руслан Віктаравіч Раманюк, настаўнік Малейкаўскай сярэдняй школы, падрыхтаваў пераможцаў абласнога экалагічнага фестывалю “Зямля – наш агульны дом”. Вучні Дзіны Рыгораўны Прыходзькі, Вольгі Мікалаеўны Званок, Валянціны Іванаўны Краўчанкі, педагогаў Брагінскай сярэдняй школы, у абласных конкурсах атрымалі дыпломы трэцяй ступені. Такі ж вынік у вучаніцы Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, якую рыхтавала да конкурсу Надзея Фёдараўна Абросімава.

00000_3

Яркай перамогай стала трэцяе месца ў вобласці па выніках спартакіяды, пры гэтым у спаборніцтвах па летнім шматбор’і “Абаронца Айчыны” і лёгкаатлетычным кросе каманда нашага раёна займала другія месцы. Значная роля ў падборы каманд, матывацыі юных спартсменаў на поспех належыць дырэктару Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Мікалаю Сямёнавічу Шубянку. Прэмія Брагінскага раённага выканаўчага камітэта ўручана дванаццаці навучэнцам і сямі настаўнікам фізічнай культуры.

00000_6

Прадстаўнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Анатоль Зурабавіч Бежанішвілі ўручыў Ганаровыя граматы за плённую працу Марыі Уладзіміраўне Шэін, загадчыцы Іялчанскага дзіцячага сада, Дзмітрыю Паўлавічу Брэгіду, педагогу-арганізатару Малажынскай сярэдняй школы, Наталлі Аляксандраўне Сукач, настаўніцы сярэдняй школы райцэнтра.

00000_1

Сёлета на Брагіншчыну прыбыў 31 малады спецыяліст. З цёплымі словамі да іх звярнуўся педагог, які больш за 30 гадоў аддаў любімай справе, – настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры Чамярыскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Мікалай Уладзіміравіч Чарнабай.

00000_5

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Сямёнаўна Мялешка выказала цёплыя словы падзякі ў адрас педагогаў, якія атрымалі ў гэтым годзе ганаровае званне “Ветэран працы”. Не забыла яна і пра тых, хто прымаў актыўны ўдзел у жніве, дапамагаючы сяльгаспрадпрыемствам.

00000_2

Жнівеньская нарада настаўнікаў – значная падзея. Менавіта з яе, як правіла, пачынаецца вучэбны год для педагогаў. Кожны з іх ведае: каб выхаваць чалавека, неабходна на працягу адзінаццаці год штодзённа даваць чатыры ўрокі: здароўя, любові, мудрасці і працы. Дзейнасць настаўніка нейкім дзіўным чынам спалучае ў сабе маладосць душы і мудрасць слова, бесперапынную занятасць і штодзённае свята ведаў. Здаецца, мы ўжо ўсё ведаем пра асаблівасці гэтай нялёгкай справы. Але не гэта галоўнае. Настаўнік – не проста прафесія, а лад жыцця, і жыццё гэта аддадзена дзецям.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *