У прафсаюзныя лідары Сяргея Сарычава прывялі арганізатарскія здольнасці і ўменне згуртаваць калектыў

Праздники и будни

l___0003

Да працы ў якасці ляснічага Сяргей Сарычаў прыступіў з энтузіязмам. Актыўны і мэтанакіраваны, бойкі і энергічны, ён адразу ж нацэліў калектыў на плённую работу. Будзь то ахоўныя мерапрыемствы, работы па добраўпарадкаванні ці выкананне прагнозных паказчыкаў – ні адна з пастаўленых задач не павінна насіць другарадны характар. У Камарынскім лясніцтве, дарэчы, зараз яшчэ разгарнуўся і рамонт, а гэта, вядома, дадатковыя клопаты і турботы. Ды не работай адзінай, па меркаванні Сяргея Анатольевіча, павінен жыць калектыў. Такой пазіцыі ён прытрымліваецца і як старшыня прафкама ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, і як заўзяты прыхільнік спорту.

Сваю дзейнасць ва ўстанове гэты чалавек пачаў пятнаццаць гадоў таму са станочніка ў цэху па перапрацоўцы драўніны, потым быў майстрам лесу, інжынерам па ахове працы, а з 24 жніўня бягучага года – ляснічы. Другую вышэйшую адукацыю, ужо па спецыяльнасці, атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. А ў прафсаюзныя лідары яго прывялі арганізатарскія здольнасці і ўменне згуртаваць калектыў, натхніць яго на добрыя здзяйсненні. І як не парадавацца, калі ўсе разам дасягаюць перамог.

Ужо другі год запар каманда Камарынскага лясгаса вяртаецца з “сярэбранай” перамогай з абласных спаборніцтваў, што праходзяць паміж вальшчыкамі лесу. Аналагічны вынік у 2015-м быў дасягнуты і ў абласной летняй спартакіядзе сярод прадпрыемстваў лясной гаспадаркі Гомельшчыны. Сёлета, праўда, пазіцыю некалькі знізілі – сёмае месца з 21-го. Затое двум нашым прадстаўнікам – Андрэю Крусу і Аляксандру Працко – выпаў гонар прыняць удзел у рэспубліканскім адкрытым чэмпіянаце “Лесаруб-2016”, які праходзіў у жніўні ў Брэсце. Прычым каманду Гомельскай вобласці да спаборніцтваў рыхтаваў менавіта Сяргей Сарычаў, і ў выніку – трэцяе прызавое месца.

Штогод пільна сочыць ён і за Сусветным чэмпіянатам вальшчыкаў лесу, які сёлета праходзіў у Польшчы, таму ў дзень нашай сустрэчы не мог не падзяліцца прыемнай навіной: беларусы сталі першымі. Ці не ўпэўнены доказ, што ў лясной галіне працуюць сапраўдныя прафесіяналы?

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *