Кожнае трэцяе злачынства ў раёне здзяйсняецца ў нецвярозым стане

Территория закона

24 гадзіны ў суткі супрацоўнікі Брагінскага РАУС клапоцяцца пра спакой жыхароў раёна, нейтралізуюць бытавыя канфлікты, вядуць барацьбу з п’янствам, ахоўваюць грамадскі парадак. З вынікамі іх работы за тры кварталы 2016 года нас пазнаёміў начальнік аддзела Валерый ЧЭКАН.

00011

– Валерый Леанідавіч, раскрывальнасць злачынстваў – асноўны паказчык, па якім можна меркаваць аб эфектыўнасці работы РАУС. Калі ласка, спыніцеся на некаторых лічбах…

– За 9 месяцаў бягучага года ў нашым раёне здзейснена 118 злачынстваў. На жаль, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэтая лічба, няхай і нязначна, але павялічылася (на 2,6%). Затое дасягнута зніжэнне на 8,1% узроўню злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку. Павялічыўся працэнт раскрывальнасці: асобы, якія здзейснілі злачынствы, устаноўлены ў 73,5% выпадках.

– Якія злачынствы пераважаюць?

– Крадзяжы (складаюць 90%). Прысвойваюць усё: ад мабільных тэлефонаў да маторных лодак. Вядома, гэта рэчы, якія гаспадары пакідаюць без нагляду. Часцей прапажа выяўляецца праз суткі ці болей, калі ўжо цяжка ўстанавіць відавочцаў, сціраюцца сляды… Між тым два з трох крадзяжоў раскрываюцца. Гэта 62,2% ад агульнай лічбы.

– Спрыяльнай глебай, якая падсілкоўвае злачыннае асяроддзе, па-ранейшаму застаецца алкаголь?

– Людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, нярэдка становяцца зла-чынцамі, спрабуючы знайсці сродкі для існавання незаконным чынам. Прыкладна кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў нецвярозым стане (32% ад агульнай лічбы). І гэта нягледзячы на прымаемыя супрацоўнікамі РАУС меры. Так, мы пастаянна праводзім барацьбу з самагонаварэннем, ставім пытанні аб накіраванні аматараў моцных напояў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, абмежаванні іх у дзеяздольнасці і інш. На жаль, праблема п’янства і алкагалізму па-ранейшаму застаецца актуальнай для Брагіншчыны.

– Не сакрэт, што ў нашым раёне адзначаны факты сбыту і захоўвання наркатычных сродкаў.

– На жаль, для Брагіншчыны яны ўжо не з’яўляюцца рэдкасцю. У параўнанні з мінулагоднім перыядам колькасць такіх злачынстваў павялічылася з сямі да васьмі. Але калі раней яны часцей былі звязаны з марыхуанай, то сёння пераважае спайс. І захапляецца гэтым небяспечным рэчывам больш моладзь, якая, магчыма, не ў поўнай меры разумее яго шкоду, і не толькі для здароўя. Ужо не адзін жыхар раёна асуджаны да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі за захоўванне ці распаўсюджванне спайсаў. Вось і нядаўна яшчэ адзін брагінчанін накіраваны за краты на 12 з паловай гадоў.

– А што наконт падлеткавай злачыннасці?

– У гэтым пытанні мы змаглі дасягнуць станоўчых вынікаў. Так, у параўнанні з мінулагоднім перыядам колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, скрацілася з чатырох да двух. Адзін выпадак звязаны з захоўваннем наркатычных сродкаў, другі – крадзеж асабістай маёмасці. Сітуацыю ўдаецца кантраляваць, вядома ж, дзякуючы сумеснай дзейнасці ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.

– Адным з важных крытэрыяў ацэнкі работы міліцыі з’яўляецца меркаванне насельніцтва…

– Анкетаванне, якое праводзілася нядаўна, паказала, што большасць жыхароў раёна ацэньвае дзейнасць супрацоўнікаў РАУС станоўча, давер міліцыі выказалі 74% апытаных. Па гэтым паказчыку, дарэчы, наш аддзел займае другое месца ў вобласці. Расце і доля грамадзян, якія гавораць аб гатоўнасці садзейнічаць органам унутраных спраў у барацьбе са злачыннасцю. Работу па стварэнні партнёрскіх адносін з жыхарамі раёна мы, вядома ж, будзем працягваць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *