Пасаду галоўнага агранома раёна заняў Максім Каўцэвіч

Общество

agranom

На пасадзе галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максім Каўцэвіч – усяго тыдзень. Да гэтага працаваў аграномам-аграхімікам у ААТ “Пераможнік”. Закончыў Палескі аграрны каледж імя В.Ф. Міцкевіча і паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на аграбіялагічны факультэт. Гады вучобы праляцелі хутка, выпускныя экзамены ўжо здадзены, у снежні – абарона дыплома. Наперадзе ў маладога спецыяліста гады працы па спецыяльнасці.
Сёння ён расказвае пра асеннія палявыя работы, тэмпы іх правядзення, удачы і пралікі:

– Найбольш важнае зараз – сяўба азімых і нарыхтоўка кармоў. Сёлета хлебаробы Брагіншчыны намалацілі каля 50 тысяч тон збожжа (вынікі жніва-2016 яшчэ будуць падведзены і прааналізаваны на абласным і раённым узроўнях). Згодна з планам, азімых зерневых пад ураджай будучага года неабходна пасеяць на 5 тысяч гектараў больш. А ўсяго – 21 тысячу гектараў. На сёння імі занята звыш 50% зямель.
Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах работа вядзецца арганізавана, таму што пад азімыя культуры адводзяцца вялікія плошчы. Зерневы клін у ААТ “Малажынскі” – 4300 гектараў, “Чамярыскі” – 3378. Звыш трох тысяч гектараў неабходна засеяць механізатарам “Камарынскага”. А лідар на сёння – ААТ “Імя Жукава”, дзе насенне азімых загорнута ў глебу на 2654 гектарах, што складае 83% да плана.
Не забываюць аграрыі і пра вітаміны ўрадлівасці. Мінеральныя ўгнаенні ўносяцца сваімі сіламі, а калі іх не хапае, на дапамогу прыходзяць партнёры з абласных арганізацый. Выкананы план па вывазцы арганікі на палі. Мясцовых угнаенняў дастаўлена 50 тысяч тон (113%).
Насенне нездарма называюць залатым фондам ураджаю. Гаспадаркі раёна набываюць эліту ў эксперыментальных базах. У “Крынічным” – азімы трыцікале (звыш 72 тон) і жыта (29 тон). З адкрытага акцыянернага таварыства “Уваравічыэліт” забралі 65 тон азімай пшаніцы і 37,6 – трыцікале. Выдзеленую эліту (100%) пасеюць на палях раёна.
Знайшла трывалую прапіску ў нас кукуруза на зерне. На 18 кастрычніка ўжо намалочана 6343 тоны. Каралеву палёў убіраюць і на сілас. У траншэі яна закладваецца разам з саломай.
Тэхніка па-ранейшаму задзейнічана на палях, бо неабходна не толькі ўбраць тое, што вырасла, але і зяблевае ворыва правесці. Вясной лягчэй будзе выканаць увесь комплекс работ.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий