Такога бойкага кірмашу, як сёлета, у Камарыне не было даўно

Грамадства

Спрыяла гэтаму цёплае і сонечнае надвор’е, выхадны дзень, падрыхтоўчая работа. Можна было зрабіць запасы раслінаводчай прадукцыі на зіму, прычым па даступных цэнах, купіць па зніжках харчовыя бакалейныя тавары, пасядзець з сябрамі за кубкам чаю, паслухаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў. Проста прагуляцца, падыхаць свежым паветрам у цудоўную пару бабінага лета (пры ўмове, што ўсё неабходнае ўжо набыта, упакавана).

0000_0001

Па словах намесніка старшыні раённага спажывецкага таварыства Аксаны Раманюк, у Камарын аўтамашыны з прадуктамі прыехалі рана. У 7.00 гадзін людзі ўжо былі на плошчы і чакалі, калі пачнецца гандаль. Асаблівым попытам карысталася бульба. Прадстаўнікі “Брагінкі” прадалі яе ў імгненне вока па 25 капеек за кілаграм, як і цыбулю па 48 капеек. І тое, і другое людзі бралі мяхамі.

0000_00060000_0004

Адборныя клубні з адкрытага акцыянернага таварыства “Імя Жукава” купілі оптам. Тым, хто цікавіўся, які гэта сорт, тлумачылі: “Уся бульба прададзена, засталося толькі тры мяшкі зерня”. Не абнадзеілі жадаючых прыехаць у гаспадарку і набыць другі беларускі хлеб на месцы. “Пакуль нічога не прадаём,” – пачулі пакупнікі ў адказ на свой запыт.

ААТ “Брагінскі” прапанавала камарынцам зерне. Нягледзячы на статус гарадскога пасёлка, які мае гэты прыгожы населены пункт над Дняпром, тут многія трымаюць птушку і свіней.

0000_00050000_0002

У восеньскім кірмашы прымала ўдзел фермерская гаспадарка з Хойніцкага раёна. Кошт бульбы ў прыватніка залежаў ад сорту і смакавых якасцяў клубняў.

Вялікія чэргі выстраіліся за садавіной, гароднінай. На прылаўку – апетытныя яблыкі, журавіны, таматы, салодкі перац, салёныя агуркі, сталовыя буракі і інш. Аматары свежамарожанай рыбы маглі выбраць дары мора па сваім гусце і прымальным кошце. Попытам карысталіся кулінарныя вырабы, смак якіх жыхары раёна паспелі ўжо ацаніць.

0000_0003

Да месца на восеньскім кірмашы былі паліцы са спецыяльнай літаратурай “Калейдоскоп хозяйственных премудростей”, адрасаваныя дбайным людзям, уладальнікам асабістых падсобных гаспадарак, садаводам і гароднінаводам. Прываблівалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Камарынскага цэнтра культуры і вольнага часу, Брагінскага і Камарынскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Сваю прадукцыю прапанавалі ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, ААТ “Брагінскі камбінат бытавога абслугоўвання”.

0000_00090000_00070000_0008

Як станоўчы момант неабходна адзначыць добрую арганізацыю кірмашу. Раённае спажывецкае таварыства дапамагло людзям з дастаўкай адборных клубняў (за імі ездзіла ў Альшаны). Не патрэбна было турбавацца, чым завезці сеткі з бульбай да двара. Бралі ж не па адной.

Аналагічныя мерапрыемствы становяцца ўсё больш папулярнымі. Насельніцтва старэе, у вёсках застаецца ўсё менш людзей, якія вырошчваюць на сваіх сотках традыцыйную беларускую культуру. Ды і не кожны год яна родзіць. Надзея ўся на восеньскія кірмашы. Таму і спяшаюцца на іх жыхары пасёлкаў, каб паспець купіць другі хлеб. Ён у народзе ў пашане, мы, беларусы, вельмі любім бульбу і стравы з яе.

Сельгаспрадпрыемствам давядзецца забяспечваць не толькі бальніцы, школьныя і дашкольныя ўстановы, але і грамадзян.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *