У Мікулічах на месцы былога храма з’явіцца памятны знак

Грамадства

znak

Упершыню Мікуліцкі прыход узгадваецца ў гістарычных дакументах у 1615 годзе. У 1760-м на месцы старой царквы з’явілася новая, якая ў 1827-м згарэла. Спатрэбілася некалькі гадоў, каб адбудаваць яе. У 1935-м царкву закрылі, а ў 1941-м дазволілі аднавіць дзейнасць і праводзіць богаслужэнні. Працягвалася так да 18 жніўня 1948-га. І ў далейшым лёс Дома Гасподня складваўся драматычна, у 90-я тут быў клуб, які нехта падпаліў.

Іерэй Расціслаў Бандарэнка вырашыў на месцы, дзе быў храм, паставіць памятны знак і на мурмуровай пліце ўвекавечыць імёны святароў, звесткі пра якіх удалося знайсці. Пры правядзенні работ на глыбіні 50 метраў рыдлёўка наткнулася на нейкі цвёрды прадмет. Як высветлілася, гэта быў прастол (стол, які знаходзіцца ў сярэдзіне алтара і асвечаны архіерэем для здзяйснення на ім Еўхарысціі) той вялікай і прыгожай царквы, пра якую жыхары вёскі ведалі ад сваіх продкаў.

Як расказаў айцец Расціслаў, асвячэнне крыжа і пліты адбудзецца 21 лістапада, на Міхайлу (так у народзе называецца дзень памяці Архістраціга Міхаіла). Дарэчы, у Мікулічах – прастольнае свята.

Хіба ж гэта не цуд, што крыж і пліта з’явяцца на тым самым месцы, дзе быў прастол. Сувязь часоў і пакаленняў непарыўная.

Ніна Сінілава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *