З бадзёрасцю і энергіяй ідзе па жыцці настаўніца Іялчанскай школы Марыя Пінчук

Праздники и будни

000_1000_5398

Змяняе колеры, чаруе фарбамі, вабіць красой шыкоўная, ярка-задуменная восень. Так, відаць, прыбралася, да сустрэчы чарговай важнай даты ў календары: у першую нядзелю кастрычніка мы адзначаем Дзень настаўніка. Ці не добрая нагода прыгадаць родную школу, любімых педагогаў, падзякаваць ім? Не толькі за веды, але і за дабрыню, сардэчнасць, душэўную шчодрасць, неабыякавае стаўленне да нашых лёсаў. Як жа шмат патрэбна зрабіць, каб адчуць павагу і любоў сваіх вучняў, гонар за іх поспехі, гуманныя ўчынкі, пахвальныя намеры!

Толькі чалавек, які выбраў педагагічны шлях асэнсавана і для якога настаўнік – не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця і думак, можа заставацца верным гэтай адказнай справе на працягу паўстагоддзя. Менавіта такім адрэзкам часу вымяраецца працоўная дзейнасць Марыі Кузьмінічны Пінчук.

Першае ўражанне ад сустрэчы з ёй: кіпучай энергіі, бадзёрасці духу, пачуццю гумару жанчыны ў паважаным узросце можна па-добраму пазайздросціць. Ад такіх людзей і сам атрымліваеш зарад аптымізму, добрага настрою. Нездарма кажуць: пакуль чалавек займаецца сваёй справай, ён поўны жыццёвых сіл і заўсёды добра выглядае. Любімая праца – рэцэпт і ад нуды, і ад дрэнных думак, і ад хвароб. Яна дапамагае быць у тонусе, з’яўляецца добрай эмацыянальнай падсілкоўкай. А калі яшчэ побач дзеці – ніколі не сумуеш і заўсёды адчуваеш сябе маладым.

Пра педагагічную дзейнась, як зазначае Марыя Кузьмінічна, марыла з дзяцінста. Што паўплывала на выбар? З аднаго боку, вялікая папулярнасць прафесіі – большасць тагачасных дзяўчынак хацелі стаць менавіта настаўніцамі, з другога – любоў да дакладных навук. Таму і аддала перавагу матэматычнаму факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Добра памятае, як яшчэ зусім маладая, нявопытная прыступіла да працы ў Піркаўскай сярэдняй школе. Не перадаць хвалявання, трывогі ў сэрцы, калі ўпершыню пераступіла парог класа як настаўніца. Ці будуць паважаць, разумець цябе, да нядаўняга часу – такую ж вучаніцу? Усё, на шчасце, атрымалася. І не магло быць інакш, калі настаўнік паўстае перад дзецьмі як прыклад інтэлігентнасці, высокай маральнасці і культуры.

Адразу ж пасябравала і змагла наладзіць даверлівыя адносіны са сваім пятым «Б», дзе стала класным кіраўніком. Вучні палюбілі маладую настаўніцу за яе шчырасць і дабрыню, уменне не толькі зацікавіць сваім прадметам, але і натхніць на творчыя, карысныя справы. Не па натуры Марыі Кузьмінічне было проста правесці ўрокі і пайсці дамоў – авалодвалі энергія і рухавасць дзяцей, якіх хацелася заняць і пасля школы. Таму разам, часам – да позняга вечара, «варажылі» над мерапрыемствамі, а на дапамогу маглі прыйсці тады толькі асабістая ініцыятыва, інтэлектуальныя здольнасці, багатая фантазія ды творчы настрой. Век камп’ютарных тэхналогій настане, вядома, потым, і пакуль усе спадзяванні – на сплаў энергіі і таленту маладога педагога і вучняў.

…Колькі за 50 гадоў настаўніцкай дзейнасці праведзена ўрокаў, наладжана цікавых сустрэч і пазакласных мерапрыемстваў, выве-дзена на вялікі жыццёвы прастор вучняў! А душа па-ранейшаму маладая, позірк – такі ж светлы і чысты. Гэта можна прыкмеціць і без слоў – сціплая натура Марыя Кузьмінічны не дазваляе шмат гаварыць пра сябе. Затое пра калег, людзей, з якімі яе звёў лёс, гатова распавядаць бясконца. І калі б не адчувалася ўласнай запатрабаванасці, той цеплыні і добразычлівасці, з якімі дагэтуль сустракаюць у калектыве, работа не з’яўлялася б для яе цэнтрам прыцягнення. Ужо больш за сорак гадоў Марыя Кузьмінічна выкладае матэматыку ў Іялчанскай сярэдняй школе. Не злічыць выпускнікоў, якія застаюцца ёй удзячнымі за веды, урокі дабрыні і мудрасці. Ёсць сярод іх і такія, каму дапамагла вызначыцца з прафесіяй, хто пайшоў па слядах сваёй настаўніцы. Як, напрыклад, Алена Уладзіміраўна Сачава, што ў гэтай жа ўстанове таксама прывівае любоў дзецям да дакладных навук.

Быць на адной хвалі з вучнямі, сваім калектывам, адчуваць радасць зносін з імі – вось што значыць для нашай гераіні праца педагога, прафесія мудрых, шчодрых і цярплівых.

Моцнага Вам здароўя, нястомнасці ў справах, добра-зычлівых людзей побач, творчага запалу і пабольш нагод для радасці, паважаная Марыя Кузьмінічна! Няхай і ў жыцці, як і ў матэматыцы, кожная задача будзе вырашальнай!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *