Ганна Агароднік з ААТ “Пераможнік” заўсёды адносіцца да справы з душой

Сельское хозяйство

peramozhnik

Ганна Агароднік і яе муж Андрэй даглядаюць больш чым трыста галоў цялят ад 21-дзённага ўзросту да чатырох месяцаў. У ААТ “Пераможнік” працуюць не першы год, і па ўсім відаць, што іх тут паважаюць. Можна з замілаваннем назіраць, як маладая жанчына размаўляе са сваімі падапечнымі. Яны рэагуюць на яе спакойны і мяккі голас, а любімая Ластаўка (так называе маленькую цялушку) падбягае і пачынае лашчыцца, нібы малое дзіця.

Ганна расказвае, які маладняк паступіў да іх нядаўна, а які ўжо гадуецца не першы месяц. Якому яшчэ малако патрэбна (бярэ яго ў радзільным аддзяленні), а якому дастаткова камбікармоў і сена. Галоўнае ў іх рабоце – не дапусціць ніводнага выпадку паморку. Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Алены Федарэнкі, гэта ім удаецца. Даводзіцца прыкладваць шмат намаганняў, бо пераважае ў асноўным ручная праца, але ж вынік атрымліваецца добры.

У Ганны і Андрэя чацвёра дзяцей. Летам яны з татам і мамай таксама прыходзяць на ферму, па меры сіл дапамагаюць бацькам. І што немалаважна, вучацца любіць усё жывое, з маленства спасцігаюць асноўны жыццёвы ўрок: дабрабыт даецца нялёгка.

Няхай у гэтай сям’і складваецца ўсё паспяхова, здаровымі і паслухмянымі растуць дзеці, а іх падапечныя на малочна-таварным комплексе хутка прыбаўляюць у вазе і папаўняюць асноўны статак.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *