Умінулую суботу цэнтрам гумару стала Брагінская СШ. Менавіта тут арганізатары турніру – цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – сабралі юных гумарыстаў раёна. А тыя не сталі абыходзіць увагай надзённыя тэмы школьнага жыцця: спявалі, танцавалі, імправізавалі, ззялі акцёрскімі талентамі…
Задавальненне ад таго, што адбывалася на сцэне, атрымлівалі як самі ўдзельнікі, так і іх балельшчыкі, ну і, вядома ж, журы. А ацэньваць узровень гумару былі запрошаны людзі што ні на ёсць самыя сур’ёзныя – намеснік пракурора Брагінскага раёна Уладзімір Багданаў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Даўгулявец, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Раман Цеслянок і метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Марына Кечка.
Пачаўся турнір з традыцыйнай візіткі. У кожнай каманды знайшлося нямала рэпрыз на злобу дня. Аказваецца, смешнага навокал шмат, трэба толькі ўважліва прыгледзецца.
Загадзя падрыхтаваныя жартоўныя пытанні члены журы задавалі камандам падчас размінкі. Заданне патрабавала кемлівасці, хуткасці мыслення і, магчыма, некаму здавалася складаным. Але і тут гумарысты змаглі праявіць сябе. Самыя арыгінальныя адказы, вядома, атрымалі высокія адзнакі.
Напэўна, адзін з любімых конкурсаў – дамашняе заданне. Тут у каманд была магчымасць праявіць музычны талент, калектыўную творчасць і прадэманстраваць індывідуальныя здольнасці.
На працягу мерапрыемства ў зале панавала атмасфера весялосці і ўсмешак. Сваю частку апладысментаў ад удзячных гледачоў атрымалі ўсе каманды. Але ў КВЗ, як і ў кожнай гульні, павінен быць пераможца. І пакуль журы падлічвала балы, гледачам не давалі сумаваць і радавалі іх сваім выступленнем выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
А цяпер – і цырымонія ўзнагароджвання. Першае месца заняла каманда “Оба-на!” (Малажынская СШ), другое – “Прагрэс” (гімназія), трэцяе – “Вясёлыя рабяты” (Брагінская СШ). “Містэрам КВЗ” быў прызнаны Дзяніс Касуха з Малажына, а тытул “Міс КВЗ” дастаўся вучаніцы Хракавіцкай школы Святлане Буйдзенцы.
Усяго ў вясёлым спаборніцтве прынялі ўдзел дзесяць каманд.