Брагінскі вытворчы ўчастак “Энергазбыт”: кілаваты патрабуюць кантролю

Праздники и будни

Так гістарычна склалася, што віншаванні з прафесійным святам энергетыкі прымаюць у самы кароткі дзень. Калі, дарэчы, людзі ў найбольшай ступені адчуваюць патрэбу ў святле і цеплыні. Ды гэтыя выгоды ўжо настолькі сталі для нас звыклымі, што на іх многія нават не звяртаюць увагі. А між тым дастаткова перапыніць хаця б на некалькі гадзін паток электраэнергіі – і ніякага камфорту ў дамах, вытворчага працэсу, развіцця тэхналогій… Краіна пагрузіцца ў стан “клінічнай смерці”.

На шчасце, ёсць прафесіяналы, дзякуючы нястомнай працы якіх забяспечваецца нармальнае функцыянаванне і аб’ектаў народнай гаспадаркі, і жыллёвай сферы. Іх задача – якасна, надзейна, бесперабойна несці людзям даброты цывілізацыі, ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі роднага краю.

Электраманцёры Аляксандр Гарэленка і Васіль Шылец,  лінейны кантралёр Рыгор Плюшчай
Электраманцёры Аляксандр Гарэленка і Васіль Шылец,
лінейны кантралёр Рыгор Плюшчай

І сапраўды, ніхто не стане аспрэчваць, што электрычнасць – гэта ўжо не проста неабходнасць, а рухавік прагрэсу. Таму ў сучасных умовах найбольшую значнасць набывае пытанне яе рацыянальнага выкарыстання: энергазберажэнне і энергаэфектыўнасць – патрабаванні часу, і перадавыя тэхналогіі накіраваны менавіта на аптымізацыю затрат.

Сёння, згадзіцеся, даволі складана ўявіць жыццё без даброт, якія ўносяць у наш быт зручнасць: па два-тры тэлевізары і халадзільнікі на сям’ю – справа звычайная. А да гэтага дададзім чайнік, мікрахвалёўку, мульціварку, пыласос… І ўжо набягае значная сума “за святло”. Зразумела, што і тут дзейнічаюць свае нормы і правілы. Не мудрагелістыя, а цалкам заканамерныя: за выкарыстанае патрэбна разлічвацца. А не маеш магчымасці плаціць многа – навучысь эканоміць. На гэта нацэльвае спажыўцоў і Брагінскі вытворчы ўчастак “Энергазбыт”.

На яго абслугоўванні, па словах начальніка Ігара Краўчанкі, знаходзяцца 6503 бытавыя абаненты і больш чым 100 прадпрыемстваў, арганізацый і індывідуаль-ных прадпрымальнікаў. Штогод яны выкарыстоўваюць звыш 20 мільёнаў кілават-гадзін. А сярэднямесячнае спажыванне на аднаго абанента складае 115 кілават-гадзін.

Задача калектыву нумар адзін – дакладны ўлік і якасны кантроль. Таму ў першую чаргу даводзіцца сачыць за расходам электраэнергіі, змагацца з праблемамі крадзяжоў і запазычанасці, несвоечасовасцю ў разліках. Агульныя страты кілават-гадзін у бягучым годзе не павінны перавысіць 10,2 працэнта.

Інжынер-інспектар Пётр Кур’ян
Інжынер-інспектар Пётр Кур’ян

Нямала намаганняў, дасканалых ведаў і пільнасці спецыялістаў патрабуюць і іншыя пытанні. Адны датычаць эксплуатацыі прыбораў уліку, другія – выканання ўмоў заключаных дагавораў, трэція – прадухілення перагрузак у электрасетках… Кола клопатаў і спраў даволі шырокае.

А вось будучыня “Энергазбыту”, па меркаванні Ігара Мікалаевіча, – за выкарыстаннем электронных улікаў з магчымасцю аўтаматызаванай перадачы даных у агульную базу. Такая сістэма кантролю не толькі дазволіць мінімізаваць затраты на электрычную энергію і дасць эканамічны эфект, але і павысіць адказнасць спажыўцоў за выкарыстанае, пабудзіць іх да беражлівасці.

Каб паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі і здзяйсняць задуманае, у галіне энергетыкі павінны працаваць людзі адказныя і дысцыплінаваныя, здольныя і асвойваць сучасныя тэхналогіі, новыя віды абсталявання, і даходліва тлумачыць, знаходзіць агульную мову з людзьмі. Многіх, дарэчы, жыхары раёна добра ведаюць – рэгулярна наносяць візіты сваім абанентам.

Калі патрэбна замяніць прыбор уліку, на дапамогу прыходзяць электраманцёры Васіль Шылец і Аляксандр Гарэленка, якія знаходзяцца ў падначаленні тэхніка абанентскай службы Таццяны Рудзянок. Колькі той ці іншы жыхар раёна “наматаў святла” і як разлічваецца за выкарыстанае, ведаюць лінейныя кантралёры Уладзімір Галяк і Рыгор Плюшчай. Яны гатовы і пракансультаваць бытавых абанентаў па пытаннях, звязаных з выкарыстаннем электраэнергіі.
Выяўленне фактаў безуліковага расходавання кілават-гадзін, кантроль за рэжымам электраспажывання, рэгуляванне дагаворных адносін – даволі не поўны пералік клопатаў інжынера-інспектара Пятра Кур’яна. Тэхнічны стан і якасць работы электралічыльнікаў знаходзяцца ў полі зроку майстра Рыгора Гатальскага. Як ніхто іншы, ведаюць кожны населены пункт раёна вадзіцелі Сяргей Машкоўскі і Мікалай Навумаў. Марына Максіменка, Валянціна Аруцюнава – кантралёры абанентскай службы.

Тэхнік абаненскай службы Таццяна Рудзянок і кантралёр ПВМ Валянціна Аруцюнава
Тэхнік абаненскай службы Таццяна Рудзянок і кантралёр ПВМ Валянціна Аруцюнава

Ад умелай работы кожнага, адказнасці да даручанага, імкнення ўласнымі намаганнямі ўмацоўваць аўтарытэт арганізацыі залежыць і агульны поспех, і пазітыўны настрой усяго калектыву. А так як сваё прафесійнае свята энергетыкі па традыцыі сустракаюць напрыканцы года, падстава павіншаваць калектыў у кіраўніка – двайная.

– Няхай надыходзячы 2017 год прынясе ўсім новыя працоўныя здабыткі, здзяйсненне самых смелых ідэй і задумак, адкрые новыя перспектывы і магчымасці. Калегам – упэўненасці ў сваіх сілах, росту прафесійнага майстэрства і пачуцця гонару за абраную прафесію, а спажыўцам электраэнергіі – моцнага здароўя, асабістага шчасця, святла ў дамах. І, вядома ж, фінансавай стабільнасці, якая б дазваляла без праблем разлічвацца за атрыманыя даброты цывілізацыі, – звярнуўся да падначаленых і абанентаў Ігар Мікалаевіч.

Да ўсяго патрэбна дадаць, што сёлетняе прафесійнае свята работнікі Брагінскага ўчастка “Энергазбыт” сустракаюць у абноўленых памяшканнях: зроблены рамонт, з’явілася сучасная мэбля, а з камфортнымі ўмовамі для працы і настрой – адпаведны.

Душэўнага камфорту, радасці і пазітыву, аптымізму і ўдачы ўсім, хто на наступным тыдні, 22 снежня, будзе адзначаць Дзень энергетыка!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий