Святлана Баран: у рабоце тэхніка-асемянатара патрэбны і веды, і вопыт

Сельское хозяйство

000001

На раённым конкурсе сярод работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы Святлана Баран з ААТ “Камарынскі” паказала добрыя веды і падзяліла другое месца з Алай Заяц з ААТ “Брагінскі”. Праводзіўся ён у жніўні бягучага года на базе малочнага комплексу “Зарэчча” адкрытага акцыянернага таварыства “Пераможнік”. А на раённых дажынках Святлана Міхайлаўна прымала віншаванні як адна з лепшых сярод людзей гэтай прафесіі. Ёй уручылі Ганаровую грамату і сертыфікат на 110 рублёў. Безумоўна, гэта ганарова і пачэсна, сваёй радасці не хавае і ў той жа час прызнаецца, што ў вытворчых дасягненнях ёсць і заслуга аператараў машыннага даення.

У рабоце тэхніка-асемянатара патрэбны веды, вопыт, але ж без узаемаразумення ў калектыве, падтрымкі тых, хто працуе побач, цяжка было б выйсці на высокія паказчыкі. Анжэла Янчанка і Вера Езянок, лідары сярод аператараў машыннага даення ў раёне, заўсёды падкажуць, на якую рагулю патрэбна звярнуць увагу, назавуць яе нумар, а калі патрэбна – выдзеляць са статка для асемянення. Такой зладжанасці ў рабоце можна па-добраму пазайздросціць. Усе гэтыя жанчыны – з Асарэвіцкай фермы.

За дзесяць месяцаў Святлана Міхайлаўна атрымала 306 цялят, абслугоўвае яна 356 галоў кароў і цялушак. Заробак залежыць ад прыплоду. Чым большы выхад цялят, тым вышэйшая сярэднямесячная выплата. У “Камарынскім” працуе 12 гадоў, тэхнікам-асемянатарам – пяць. Неабходныя веды набывала ў Рэчыцкім каледжы, дзе рыхтуюць работнікаў па штучным асемяненні. Калі ўзнікла вытворчая неабходнасць, перапыніла водпуск, які даецца матулям пасля нараджэнні дзіцяці, і выйшла на працу раней.

Разумела: ад яе ўкладу залежыць прадуктыўнасць жывёлы і вытворчасць малака ў цэлым, эканамічныя паказчыкі галіны. Жадаем Святлане Міхайлаўне новых поспехаў і ўсяго найлепшага.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *