Трактар, які выдзелілі ААТ «Камарынскі» на «Дажынках», перадалі ў рукі Віталя Сафіенкі

Сельское хозяйство

1_-046

У гэтыя зімовыя дні адзін з лепшых механізатараў ААТ “Камарынскі” Віталь Сафіенка знаходзіцца ў водпуску. Месяцы напружанай работы на палях, пачынаючы з вясны, далі добры плён і яму, і сельгаспрадпрыемству. Як ужо паведамлялася ў друку, сёлета камарынцы сабралі высокі ўраджай зерневых і зернебабовых. Па словах дырэктара гаспадаркі Рыгора Анапрэенкі, такога валавога збору не атрымлівалі на працягу двух дзесяцігоддзяў. Дасягнутыя поспехі былі адзначаны на абласным узроўні. Новы трактар айчыннай вытворчасці, які выдзелілі “Камарынскаму”, перадалі ў рукі Віталя Сафіенкі.

У якасці трактарыста-машыніста ён працуе тут з 12 мая 2008 года. Работу выконвае адказную: уносіць мінеральныя ўгнаенні, а ў час жніва, як і большасць яго калег, садзіцца за штурвал стэпавага карабля. Пад зерневыя ў гаспадарцы было адведзена больш чым дзве тысячы гектараў, якія ўбіралі шэсць экіпажаў на тэхніцы айчыннай вытворчасці. Як паказваюць канчатковыя вынікі, справіліся.

Ці будзе ў наступным годзе колас кланяцца ў пояс працаўнікам ААТ “Камарынскі”, пакажа час. Вельмі хацелася б, каб сёлетні поспех паўтарыўся, бо для гэтага яны робяць усё магчымае. Падмурак закладзены з восені, а з наступленнем цёплых веснавых дзён выйдуць у поле аднымі з першых. Гэта заўсёды азначае, што адказная сельскагаспадарчая кампанія ў раёне пачалася.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *