Падкормліваем птушак разам 14-15 студзеня і ўсю зіму!

Общество Популярное

Ptiza1

Снегапады і маразы – сапраўднае выпрабаванне для птушак, а для нас з вамі ­ самы час для клопату пра іх!

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае зрабіць гэта разам падчас акцыі «Птушкі ля кармушкі»: удзельнічайце 14-15 студзеня і не спыняйцеся ўсю зіму!

Мэта акцыі – нагадаць усім, як важна падкормліваць птушак у халады.

Чаму менавіта цяпер? Знайсці кормы пад снегам – няпростая задача, да таго ж узімку трэба больш энергіі на абаграванне, а значыць і ежы.

Як прыняць удзел у акцыі? 14 і/ці 15 студзеня палічыце віды і колькасць птушак на кармушцы і адпраўце даныя ў АПБ адным з гэтых спосабаў:

• запоўніце простую форму (адкрыецца 14 студзеня, будзе працаваць да 18.00 16 студзеня);

• напішыце паведамленне ў FB ці ;

• напішыце паведамленне на info@ptushki.org.

ptushki_2

У АПБ будуць рады вашым расказам, назіранням і ўражанням – расмяшчайце свае фатаграфіі ў сацыяльных сетках (FB ці , Instagram) з хэштэгам #птушкілякармушкі.

Фатаграфіі сваіх кармушак можна дадаваць у спецыяльныя альбомы ў FB і VK. За самыя цікавыя здымкі АПБ плануе раздаць сувеніры!

ptushki_3

Калі кармушкі пакуль няма – не бяда. Як яе зрабіць самастойна і хутка? Адказы ў гэтым артыкуле АПБ.

Важна: у кармушках з тэтрапака не забудзьцеся прарабіць некалькі невялікіх адтулін у дне, каб вада ад дажджу і снягі не «затапіла» птушыную сталовую.

Чым падкарміць птушак?

Лепшы корм для вараб’інападобных — чорныя несалёныя і нежараныя семкі. Можна зрабіць сумесь – семкі сланечніка, проса і авёс.

Сініцы і дзятлы будуць рады несалёнаму свежаму салу (яго можна нанізаць на цвікі па краях кармушкі, падвесіць у сетцы, прывязаць да галінкі на дрэве), а вераб’і, зелянушкі, чыжы – несалёнаму нежаранаму арахісу.

Памятаеце: чым больш разнастайны птушыны пачастунак, тым больш відаў птушак можа прыляцець у вашу «сталовую».

ptushki_4

ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае далучацца да акцыі, бо колькі птушак не застануцца галоднымі гэтай зімой, залежыць ад кожнага з нас.



Добавить комментарий