Вучні пятых класаў Брагінскай школы пазнаёміліся з банкаўскай сістэмай

Грамадства

0Bank-25_1

У верасні 2016-га ААТ “Белаграпрамбанк” адзначыў сваё дваццаціпяцігоддзе. З гэтай нагоды па ўсёй краіне прайшоў шэраг мерапрыемстваў і акцый. Адна з іх – “Твае першыя фінансы”.

Адзінаццатага студзеня ў актавай зале Брагінскай сярэдняй школы спецыялісты “Белаграпрамбанка” сустрэліся з вучнямі пятых класаў, каб пазнаёміць іх з банкаўскай сістэмай. Начальнік аддзела рознічных паслуг Наталля Плюшчай з мэтай павышэння фінансавай граматнасці дзяцей расказала ім пра грашовы абарот, уклады і магчымасці, якія банк дае сваім кліентам. А дапамог ёй у гэтым Агрык – істота бела-аранжавага колеру з шырокай усмешкай, якая з’яўляецца сімвалам дзіцячай ашчаднай праграмы “Расці вялікі”. Дзякуючы ёй кліентам банка можа стаць кожнае дзіця, незалежна ад узросту, вядома, па ініцыятыве бацькоў. Мультыплікацыйная стужка з казачным героем у галоўнай ролі прыцягнула ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак да такой сур’ёзнай тэмы.

0Bank-25_2

Таксама пяцікласнікі атрымалі паветраныя шары з лагатыпам банка і яркія, маляўнічыя кнігі па фінансавай граматнасці, якія пазнаёмяць іх з грашовым абаротам і дадуць базавыя веды ў гэтай галіне. Ужо знаёмы нам Агрык разам з Алесем і Стэфкай, галоўнымі героямі казачных твораў, дапамогуць хлопчыкам і дзяўчынкам у даступнай і займальнай форме знайсці адказы на пытанні: “Што такое банк?”, “Адкуль узяліся грошы?”, “Што такое валюта?”, “Навошта патрэбны банкаўскія плацёжныя карткі?”, “Дзе захоўваць грошы?”, “Што такое крэдыт?” і шмат іншых. Гэта сустрэча знайшла водгук у кожнага з прысутных, яскравае падцвярджэнне чаму – пытанні, якія школьнікі наперабой імкнуліся задаць спе-цыялістам банка.

Азы фінансавай граматнасці, якія дзеці спасцігнуць, дазволяць закласці падмурак для паспяховага жыцця ў будучым, таму вельмі важна навучыцца правільна карыстацца грашыма ўжо сёння.

Ірына СТЫЧЫНСКАЯ

0Bank-25_3



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *