Жыхарцы Брагінскага раёна Алене Цямляк — сто гадоў!

Праздники и будни

100_1

Па-сапраўднаму зімовым і вельмі прыгожым выдаўся той дзень. Лёгкі мароз і яркае сонца стваралі добры настрой, а мэта візіту ўсяляла аптымізм і веру ў жыццё.

У сярэдзіне студзеня цэлая дэлегацыя наведалася ў дом да Праскоўі Каржанеўскай. Гэтую жанчыну чытачы павінны ведаць па нашых публікацыях. Да пенсіі – адна з лепшых аператараў машыннага даення ў раёне. Але на гэты раз мы завіталі да маці гаспадыні: Алены Яўціхіеўны Цямляк, якая сустрэла адметны юбілей.

Сто гадоў – гэта шмат нават для гісторыі, лёс жанчыны ўвабраў у сябе нямала. Яна нарадзілася 15 студзеня ў рэвалюцыйны сямнаццаты ў вёсцы Дзяражычы суседняга Лоеўскага раёна. Яе жыццё – гэта шчаслівае даваеннае юнацтва, потым – акупацыя, аднаўленне калгаса. Працалюбства, аптымізм і мудрасць дапамаглі прайсці праз усе выпрабаванні.

100_2

“Як мы спявалі… Як спявалі, – успамінае жанчына, паслухаўшы ўдзельнікаў ансамбля «Бліскавіца» Брагінскага РДК. – Мы і ў вобласці, і ў рэспубліцы лепшымі былі. Наш хор у Маскву планавалі везці, але вайна перашкодзіла”. На светлы твар набягае цень смутку: “У вайну немцы ўсё: і хату, і хлявы, і двор з агародам абшукалі-перарылі. Але ж не знайшлі тое, што шукалі: сцяг, які з канторы мясцовага калгаса перадалі ў нашу хату. Я захавала яго на гарышчы, пад лежаком печы. Каб знайшлі – у жывых не пакінулі б”.

У памяці жанчыны ажывае ліхалецце: дапамагала партызанам, пякла хлеб. Так і дачакалася вызвалення.

А пасля вайны на мясцовай ферме была даяркай. Гэта цяжкая фізічная праца – накарміць жывёлу, пачысціць хлявы, уручную падаіць дваццаць кароў, перанесці малако. Але ўспамінае пра ўсё са светлай усмешкай. Яно і зразумела – гэта яе маладосць.

Любіла Алена Яўціхіеўна і вышываць. Зараз яе работы радуць вока.

100_3

У святочны дзень стогадовую юбілярку прыехалі павіншаваць Любоў Дзяркач, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Ганна Бабрынёва, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, Віктар Балобан, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, Ігар Самбук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Шчырыя словы віншаванняў, пажаданні, падарункі – усё ў адрас гэтай жанчыны, побач з якой адчуваеш прыгажосць чалавечай душы.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *