19 лютага споўнілася 85 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара Брагінскай раённай газеты

Грамадства

Gazeta

З’яўляючыся своеасаблівым летапісцам гісторыі раёна, калектыў рэдакцыі не забываецца і пра ўласную гісторыю. У далёкім 1932 годзе жыхары нашага, тады балоцістага, краю атрымалі першы нумар раённага выдання, якое называлася “Трыбуна калгасніка”. Зараз ён захоўваецца ў кніжнай палаце ў Маскве.

Газета падпарадкоўвалася райкаму КП(б)Б і раённаму Савету дэпутатаў працоўных. На яе старонках супрацоўнікі ўсебакова асвятлялі калгаснае будаўніцтва, прамысловасць, культурна-масавую работу ў раёне. Выходзіла два разы на тыдзень фарматам ¼ друкаванага аркуша – гэта палова старонкі сучаснага нумара. Працавала і друкарня, дзе займаліся выпускам дробнай бланачнай прадукцыі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у перыяд акупацыі дзейнасць выдання была часова прыпынена. Яшчэ ў руінах ляжала гаспадарка, людзі не да канца паверылі ў вызваленне, а 23 снежня 1943 года, менш чым праз месяц пасля выгнання ворага, паштальёны разнеслі першую пасляваенную раёнку. Не хапала паперы, і некаторыя нумары выходзілі ў зменшаным фармаце.

Разбураная краіна ўзнаўлялася неверагоднымі па хуткасці тэмпамі. Разам з ёй мацнеў і раён. Вядома ж, наша выданне не заставалася ў баку ад гэтага вірлівага жыцця. У 1955 годзе фармат газеты павялічыўся да паловы друкаванага аркуша, і яна пачала выходзіць тройчы ў тыдзень.
У 1962-ім праходзіць рэарганізацыя ў сельскай гаспадарцы. Некаторыя калгасы ператвараюцца ў саўгасы, трэцяя частка земляробаў раёна становіцца рабочымі ў сумесных гаспадарках. І назва “Трыбуна калгасніка” перастае адпавядаць зместу газеты. Рашэннем бюро райкама КПБ выданне змяняе назву на “Прамень камунізму”. У гэтым жа годзе ў Хойніках на базе трох раёнаў (дадаюцца Брагінскі і Камарынскі) ствараецца калгасна-саўгаснае ўпраўленне. Выпуск раённай газеты спыніўся.Але ненадоўга. У 1963 годзе гэтае ўпраўленне было раздзелена на два, створаны Хойніцкі і Брагінскі раёны. 16 сакавіка выйшла ў свет раённая газета, якая называлася “Маяк Палесся”.
У часы перабудовы і крызісаў, развалу і безуладдзя мясцовае выданне працягвала прыходзіць да чытача. Хаця тады нешматлікі калектыў рэдакцыі не атрымліваў зарплаты часам па два месяцы.
24 лютага 1995 года засна-вальнікамі газеты сталі раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў, працоўны калектыў рэдакцыі.

Нягледзячы на тое што журналістыка з’яўляецца публіч-най прафесіяй, далёка не ўсе чытачы, гартаючы старонкі на-шага выдання, ведаюць, хто стварае газету. Некаторым, праўда, шчасціць быць знаёмымі з нашымі супрацоўнікамі.

А людзі ў калектыве асаблівыя. Цёплыя словы ў першую чаргу хочацца выказаць ў адрас Ніны Сінілавай. Яна працуе на пасадзе загадчыцы аддзела сельскай гаспадаркі, з самаадданасцю і прафесіяналізмам выконвае свае абавязкі і з ёй камфортна працаваць людзям любога ўзрос-ту. Можна быць упэўненым, што калі за справу бярэцца Ніна Міхайлаўна, усё будзе бездакорна.
Загадчыцу аддзела пісьмаў Валянціну Бельчанку таксама добра ведаюць у раёне. Аптымістычная і разважлівая, яна заўсёды імкнецца нешта падказаць і параіць і нашым пазаштатным аўтарам, і калегам. Яна мае права і пакрытыкаваць, і даць настаўленні. Любая тэма ёй падуладна, а матэрыялы цікавыя, якас-ныя і насычаныя.

Вольга Паляшчук – наш нязменны фотакарэспандэнт. Яна актыўная, заўсёды ў руху, мае юрыдычную адукацыю, што дазваляе ёй пісаць на правахоўную тэматыку і тым самым садзейнічаць прафілак-тыцы правапарушэнняў у раёне.

Не раз маглі бачыць на рознага роду мерапрыемствах нашага маладога супрацоўніка Ірыну Стычынскую. Яна прыйшла ў рэдакцыю газеты нядаўна, але ўжо літаральна зраднілася з калектывам.
Сучасны выгляд выдання шмат у чым залежыць ад працы Ніны Каленчанкі, якая займаецца працэсам набору і вёрсткі, прапаноўвае добрыя ідэі па ўдасканаленні знешняга вобліку газеты.
Журналісты – народ творчы, часам летуценны, а галоўны бухгалтар Ларыса Каленчанка трымае на кантролі ўсю фінансавую дзейнасць, грашовыя паступленні, расходы і раіць, якім чынам зрабіць прыбытковым фінансавае становішча рэдакцыі.

Восемдзесят пяць гадоў –гэта толькі пачатак. Калектыў рэдакцыі будзе імкнуцца рабіць нашу газету яшчэ больш цікавай і прыгожай, працуючы з любоўю да Брагіншчыны і з клопатам пра чытача.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *