Падлетак і злачынства: супраць бяды – разам

Грамадства

 

cuicid

Падлетак і злачынства – паняцці несумяшчальныя. Але гэта, калі ў ідэале. Практыка паказвае: выкараніць такую з’яву, як парушэнне непаўналетнімі закону, не так проста. І разважаць над пытаннем, што падштурхоўвае юных асоб да здзяйснення супрацьпраўных учынкаў, можна бясконца. Куды эфектыўней пабудаваць работу з падрастаючым пакаленнем так, каб у дзяцей не заставалася часу на свавольствы і неабдуманыя крокі, дзеянні ў разрэз з законам, прынцыпамі бяспекі і нормамі маралі.

Менавіта з такой мэтай і быў распрацаваны ў раёне комплексны план па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, гібелі дзяцей, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх на 2014-2018 гады. А размова аб тым, як ён выконваўся ў 2016-м, ішла на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх з удзелам прадстаўнікоў сельскіх Саветаў, устаноў адукацыі, праваахоўных органаў, іншых зацікаўленых арганізацый і структур. З інфармацыяй перад прысутнымі выступіў старшыня КСН Мікалай Яшчук, які не толькі прааналізаваў сітуацыю з падлеткавай злачыннасцю ў раёне, але і спыніўся на мерах, накіраваных на папярэджанне негатыўных з’яў у дзіцячым асяроддзі. У ліку апошніх, дарэчы, арганізацыя занятасці вучняў у пазаўрочны час і ў перыяд летніх канікулаў, далучэнне падрастаючага пакаленння да працоўных дэсантаў, масавых спартыўных і культурных мерапрыемстваў, маладзёжных акцый і інш.

Дзякуючы прадуманаму падыходу да справы і мэтанакіраваным дзеянням усіх зацікаўленых службаў у раёне назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці злачынстваў сярод непаўналетніх: 2013 год – восем фактаў, 2014 – шэсць, 2015 – чатыры, 2016 – два. Але гэта не павінна даваць падставы для самазаспакаення. У чарговы раз зарэгістраваны выпадак незаконнага абароту наркатычных сродкаў, да якога мае дачыненне непаўналетні юнак. І пайшоў ён на гэта пад уплывам таго ж ядавітага дурману. А другое злачынства – крадзеж – здзейснена падлеткам у стане алкагольнага ап’янення.

Назіраецца зніжэнне з 62-х (у 2015-м) да 45-ці колькасці правапарушэнняў, 24 з якіх – на рахунку вучняў устаноў адукацыі раёна. Па-ранейшаму выклікае трывогу ўжыванне падлеткамі спіртнога ці іх з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, хаця колькасць такіх фактаў і знізілася з 15-ці да дзевяці. Улічым: гэта толькі выяўленыя. А колькі яшчэ падлеткаў за распіццем алкагольнай атруты “не застуканы”?.. Не паддаецца разуменню, калі да “частавання з градусам” дзяцей маюць дачыненне дарослыя: 16 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўцягненне непаў-налетніх у антыграмадскія паводзі-ны. Зарэгістраваны таксама тры факты рэалізацыі алкагольнай прадукцыі асобам да 18 гадоў.
Зменшыўся з трох да аднаго лік дробных крадзяжоў, з дзесяці да пяці – хуліганстваў. А вось парушэнні правілаў дарожнага руху выраслі – восем (у 2015-м – тры). Меў месца выпадак знаходжання дзіцяці ў вячэрні час сутак у грамадскім месцы без суправаджэння бацькоў.

Здавалася б, лічбы, лічбы… Але менавіта яны малююць рэальную карціну негатыўных праяў у падлеткавым асяроддзі, прымушаюць задумацца, дзе назіраюцца недахопы і ўпушчэнні, на што патрэбна скіраваць больш пільную ўвагу ў далейшым.

Спыніўся Мікалай Васільевіч і на станоўчых прыкладах, назваўшы ўстановы, вучні якіх не здзейснілі ніводнага супрацьпраўнага ўчын-ка. Гэта Асарэвіцкі дзіцячы сад – базавая школа, Чамярыскі дзіцячы сад – сярэдняя школа, Мікуліцкая, Буркоўская і Вуглоўская СШ.

Аб выкананні мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку сямейнага недабрабыту, ахову жыцця і здароўя юных асоб, папярэджанне ўжывання непаў-налетнімі алкаголю і наркотыкаў, гаварыла дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Скараход. У бягучым годзе, па яе словах, важная роля будзе адводзіцца рабоце па раннім выяўленні сем’яў, у якіх бацькі неналежным чынам ставяцца да выканання сваіх абавязкаў.

Не менш актуальнае пытанне – бяспека ў дамах, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. Гэтай тэме было прысвечана выступленне старшага інспектара нагляду і прафілактыкі Брагінскага РАНС Аляксандра Чарапанава. У раёне, згодна з прыведзенымі ім данымі, здарылася 15 пажараў, што на 28,6% менш у параўнанні з 2015-м. Не давялося, на жаль, пазбегнуць ахвяр: не стала двух чалавек. А асноўнымі прычынамі ўзгаранняў па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнні правілаў устройства ці эксплуатацыі печаў, электрычнай праводкі і абсталявання. Таму на працягу года рэалізоўваўся комплекс мерапрыемстваў па ўзмацненні пажарна-прафілактычнай работы ў жылым сектары. Наглядальныя камісіі ў мэтах папярэджання вогненнай стыхіі і гібелі ад яе людзей, павышэння адказнасці саміх жыхароў за ўласную і грамадскую бяспеку наведалі больш чым 4000 дамоў і кватэр грамадзян, правялі 5588 інструктажаў. Пад асаблівай увагай знаходзіліся сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці. Прыкметна павялічылася колькасць дамоў з устаноўленымі пажарнымі апавяшчальнікамі.

Аб сістэме работы інспекцыі па справах непаўналетніх з так званымі цяжкімі падлеткамі, ролі ў папярэджанні зла міліцыі расказаў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый Чэкан. А выступленне загадчыка сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Рамана Цеслянка датычыла ў асноўным далучэння маладога пакалення да інфармацыйна-прапагандысцкай, культурнай, творчай дзейнасці. Асобныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі падзяліліся, на што іх калектывы плануюць скіраваць увагу ў рабоце па прадухіленні злачынстваў і правапарушэнняў сярод школьнікаў.
Свае думкі, заўвагі, прапановы наконт арганізацыі прафілактычнай дзейнасці выказалі начальнік раённага аддзела следчага камітэта Сяргей Канцавы і намеснік пракурора Уладзімір Багданаў.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Мікалай Яшчук заклікаў прысутных не паніжаць напал міжведамаснай работы і памятаць, што менавіта ад іх у значнай меры залежыць, па якой дарозе ў будучым пойдзе сённяшні падлетак, ці не пакалечыць бяздумнымі ўчынкамі сваё жыццё.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *