Сакрэты рукатворнага майстэрства ў сям’і Ніны Шубянок перадаваліся з пакалення ў пакаленне

Грамадства

V_00001

Куды ні кінь погляд – усюды ручныя работы: на канапе, сценах, ложках, крэслах… І нават на падлозе. Так Ніна Іосіфаўна Шубянок з вёскі Каманова аздобіла свае пакоі. У адных выпадках гэта своеасаблівы жывапіс на тканіне з дапамогай іголкі і нітак, у другіх – вырабы, плеценыя з абрэзкаў матэрыі. Усё спыняе на сабе позірк і зачароўвае разнастайнасцю сюжэтаў, прыводзіць у захапленне. І, вядома ж, напаўняе дом атмасферай асаблівай утульнасці. Ці не ад таго, што кожная рэч захоўвае цеплыню далоняў, пазітыўную энергетыку самабытнай майстрыхі, перадае веліч і паэтыку жаночай душы?

Нават у свае паважаныя семдзесят сем вясковая жыхарка не страціла жадання ствараць унікальныя творы з непаўторнай гамай колераў і адценняў. Вышыванне для яе – стыхія, якая бярэ ў палон, дорыць асалоду і дапамагае бавіць час з карысцю, прыводзіць думкі ў парадак. Таму зноў і зноў, з нястрымнай радасцю і шчырым задавальненнем, бярэ ў рукі пяльцы, каб уключыцца ў творчы працэс. Фантазіруе, прыдумвае новыя матывы для вышыўкі, уяўляе, як будзе выглядаць чарговы шэдэўр, старанна падбірае ніткі па колеры. А потым – шматдзённая карпатлівая праца. І камусьці, напэўна, яна здаецца нуднай, нецікавай – толькі не Ніне Іосіфаўне. Яна не разумее, як можна не стаць прыхільнікам гэтага віду мастацтва. Магчыма, таму, што сама – з пакалення, калі кожная дзяўчына з маленства далучалася да рукатворных спраў.

Час быў такі, што жыццё прымушала жанчын шмат чаго рабіць самім. І шыць, і вязаць, і расквечваць ручнікі, абрусы ды фіранкі, іншыя рэчы цудоўнымі ўзорамі – чалавек імкнуўся да прыгажосці заўсёды. Так і ў мнагадзетнай сям’і, дзе выхоўвалася Ніна, маці старалася навучыць дзяўчынак усяму, што ўмела сама. Таямніцы ўзораў, сакрэты рукатворнага майстэрства перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Добра памятае сённяшняя пенсіянерка і бабуля чатырох унукаў, як узялася за іголку з ніткай яшчэ ў падлеткавым узросце. І першым чынам асвоіла тэхніку вышывання гладдзю – упрыгожыла традыцыйнымі матывамі ручнік, што прызначаўся для пакрывання святых абразоў. Вынік не толькі парадаваў, але і натхніў на ўдасканаленне майстэрства, далейшыя спробы ў народным рамястве. З цягам часу спасцігла сакрэты вышывання крыжыкам, навучылася вязаць, плесці з абрэзкаў тканіны практычныя дыванкі. Усё спатрэбіцца потым і як гаспадыні, і як маці, з-пад рук якой будуць выходзіць цёплыя шкарпэткі, світэры, пуловеры, безрукаўкі для сваіх дзяцей.

Здавалася б, калі знаходзіла час, каб садзіцца за такую скурпулёзную работу, аддавацца захапленню, ствараць ад душы і для душы – жыццё было нялёгкім. Пасля заканчэння сямі класаў прыступіла да працы на роўных з дарослымі ў калгасе. Больш чым трыццаць гадоў даглядала жывёлу, даіла кароў на фермах. Далучылася да сельскагаспадарчых клопатаў яшчэ ў родным пасёлку Рагазін, а прадоўжыла нялёгкую справу ўжо на новым месцы жыхарства – у Каманове.

Зразумела, што хапала і сямейных, хатніх турбот: падрастала двое сыноў, на падворку трымала дзве каровы і столькі ж свінней, цялят, птушку, працавітых рук патрабаваў зямельны ўчастак. І як жа ў гэтай штодзённай мітусні, жыццёвай кругаверці спыніцца, перавесці дух? Пераключыцца на любімы занятак Ніна Іосіфаўна звычайна магла толькі познім вечарам, а то і ўвогуле ноччу. Дзеля завяршэння пачатай справы, бывала, ахвяравала сном – так хацелася як мага хутчэй убачыць вынікі сваёй творчасці.

V_00002V_00003V_00004V_00005

Калі выйшла на заслужаны адпачынак, вольнага часу, зразумела, стала больш. Таму колькасць мастацкіх вырабаў, асабліва вышытых, павялічылася. І цяпер яны звяртаюць на сябе ўвагу не толькі багаццем фарбаў, але і разнастайнасцю тэматыкі. Адны зачароўваюць яркімі кветкамі і непаўторнымі узорамі, другія – маляўнічымі пейзажамі, знаёмымі казачнымі ці біблейскімі сюжэтамі, уменнем творцы адлюстроўваць вобразы святых. Ідэі ў асноўным жанчына чэрпае з часопісаў, але бывае, што прыўносіць у іх нешта сваё, смела камбінуе і эксперыментуе, праяўляючы фантазію. І ў выніку карціны, дываны, іншыя рэчы набываюць адметныя аўтарскія рысы, вызначаюцца ўласным почыркам.

Мякка і лёгка, як і дзясяткі гадоў таму, бегаюць па тканіне рукі. А погляд дабрэе, з’яўляецца задаволеная ўсмешка на твары – хутка можна будзе любавацца новай работай, у якую народная ўмеліца абавязкова ўкладзе сваю любоў, цеплыню, мудрасць і пяшчоту.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *