Вёскі на Брагіншчыне з кожным годам становяцца прыгажэйшымі

Грамадства

00-1

За акном – зіма, а на фотаздымках, што былі прадстаўлены на конкурс па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва сярод сельскіх Саветаў Гомельшчыны, – усе колеры лета. У сонечных абдымках купаюцца сядзібы, палі і лугі, родныя прасторы. А сакавітыя фарбы, стракатыя кветкі, малыя архітэктурныя формы, якімі вяскоўцы дадалі выразнасці сваім уладанням, сведчаць: любоў да роднай зямлі пацвярджаецца нястомнымі клопатамі пра яе, узорамі гаспадарлівасці.

В.а. старшыні Вуглоўскага сельскага Савета Святлана Протчанка прыступіла да працы на гэтай пасадзе толькі з канца лістапада 2015-га. Таму не ўтойвае: калі з пачаткам наступнага года прагучала прапанова паўдзельнічаць у абласным конкурсе, не ведала, што і рабіць, разгубілася. З аднаго боку – недаравальна было б не паказаць асабісты ўклад насельніцтва ў добраўпарадкаванне родных вёсак, таго, што з душой рабілі дзеля захавання мясцовай гісторыі і культуры, паляпшэння ўмоў жыцця і працы папярэднікі. А з другога – узнікала пытанне: як пацвердзіць вынікі стараннасці людзей фотаздымкамі, калі за акном ужо ляжыць снег? Матэрыялы на конкурс патрэбна было накіраваць да 10 сакавіка.

00-5

 

00-6

Доўга не раздумваючы, звярнулася да працоўных калектываў з просьбай дапамагчы, ведаючы, што кожная з размешчаных на тэрыторыі Савета ўстаноў і арганізацый штогод клапоціцца пра чысціню, парадак і прыгажосць вакол сваіх будынкаў. На прылеглых участках у цёплую пару года красуюцца арыгінальныя клумбы, звяртаюць на сябе ўвагу рознакаляровыя карагоды кветак. Ды і сядзіб яркіх, дагледжаных, з удалым мастацкім афармленнем нямала. Магчыма, нехта паспеў яшчэ ў перыяд росквіту прыроды такія моманты зафіксаваць?

І сапраўды, на выручку прыйшлі работнікі мясцовых дзіцячых садкоў, школы, цэнтра культуры і вольнага часу, лясніцтва, сельгаспрадпрыемстваў. Разам не толькі сабралі інфармацыю аб мінулым і сучасным сельсавета, дзейнасці на яго тэрыторыі арганізацый і ўстаноў, зменах у жыцці вяскоўцаў, але і наглядна гэта прадэманстравалі. Усе звесткі і фотаматэрыялы Святлана Іванаўна паклала ў аснову маляўнічага альбома.

Да ведама:

Вуглоўскі сельскі Савет быў утвораны 8 снежня 1926 года ў Брагінскім раёне Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927-га – у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня таго ж года ліквідаваны, тэрыторыя ўключана ў Шкуратоўскі сельскі Савет. 16 ліпеня 1954-га ўтвораны шляхам аб’яднання Лубяніцкага і Шкуратоўскага сельскіх Саветаў народных дэпутатаў.

Зараз у яго ведамстве – 341 га зямлі. На тэрыторыі знаходзяцца чатыры помнікі ў гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут пахавана 246 воінаў, партызан і мірных жыхароў.

У складзе Савета – 11 населеных пунктаў. Налічваецца 393 домаўладанні, пражывае 945 чалавек, 113 сем’яў з дзецьмі.

На тэрыторыі дзейнічаюць ААТ «Брагінскі» і «Брагінка», сярэдняя школа, два дзіцячыя садкі, цэнтр культуры і вольнага часу, сельская бібліятэка і сельскі клуб-бібліятэка, два фельчарска-акушэрскія пункты, аддзяленне сувязі, комплексна-прыёмны пункт, лясніцтва, чатыры магазіны, царква.

Заўважу: добраўпарадкаванне населеных пунктаў і аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-бытавога прызначэння – не адзіны напрамак дзейнасці, што ўлічваўся пры падвядзенні вынікаў конкурсу. Пад увагу бралася і работа, звязаная з выкананнем рэгіянальных праграм, сацыяльных стандартаў, скарачэннем пустуючых дамоў, вырашэннем праблем грамадзян… Зразумела, што органы мясцовай улады з’яўляюцца той першай інстанцыяй, куды звычайна звяртаецца чалавек з надзеяй на разуменне, падтрымку, дапамогу. І якой жа радаснай была навіна, калі менавіта Вуглоўскі сельскі Савет быў прызнаны лепшым у сваёй групе (з колькасцю насельніцтва ад 800 да 1100 чалавек) – заняў на абласным узроўні трэцяе месца.

00-9

У дадатак да дыплома ён атрымаў грашовае заахвочванне ў памеры 21 000 рублёў, што дало магчымасць набыць аўтамабіль, кустарэз, мотакасу, бензапілу і запасныя часткі да іх. Заслуга ў гэтым, як лічыць Святлана Іванаўна, усіх, хто не толькі жыве і працуе на тэрыторыі Савета, але і дбае пра яго ўтульнасць, клапоціцца пра дабрабыт людзей, імкнецца працягваць добрыя традыцыі папярэднікаў, хварэе за агульную справу душой. А палепшаная дзякуючы агульным намаганням матэрыяльна-тэхнічная база толькі ўзмоцніць напал работы па далейшым добраўпарадкаванні вёсак.

За 2016 год, дарэчы, спраў таксама здзейснена нямала: устаноўлена 200 і адрамантавана 250 пагонных метраў агароджы, 2080 м2 – афарбавана. Знесена сем непрыдатных для жылля дамоў, а вызваленыя зямельныя ўчасткі перададзены сельгаспрадпрыемствам і ўведзены ў севазварот. Ліквідавана пяць несанкцыянаваных смеццезвалак, з’явілася пяць новых клумбаў і восем архітэктурных формаў. Прыведзены ў парадак восем могілак. Усяго на гэтыя і іншыя работы па добраўпарадкаванні пайшло 50 000 рублёў. І яшчэ 12 000 рублёў накіравана на абрэзку, фармоўку і спілоўванне аварыйных дрэў.

00-300-2

00-7

На дапамогу ў цяжкія хвіліны, пры напружаным рытме працы неаднаразова прыходзілі падшэфныя арганізацыі, у ліку якіх – раённы аддзел унутраных спраў, цэнтр падрыхтоўкі кадраў для АПК, налогавая інспекцыя, разлікова-касавы цэнтр №36 філіяла ААТ «Белаграпрамбанк», раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, ДРБУ-155.

Ужо распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па добраўпарадкаванні на бягучы год, якія будуць актывізаваны з першым цяплом. У планах – павялічыць на тэрыторыі сельсавета колькасць малых архітэктурных формаў, замяніць забор пры ўездзе ў аграгарадок Вуглы. Ёсць таксама задума знесці былы будынак клуба ў Шкуратах і абсталяваць на гэтым месцы гульнявую пляцоўку для дзяцей. Іншымі словамі, як толькі за акном усталюецца спрыяльнае надвор’е – зноў за справу. З энтузіязмам і натхненнем, згуртавана і дружна, на карысць роднага краю. І няхай ад агульнай стараннасці, заўзятай працы, клапатлівых рук гаспадароў нашы вёскі з кожным годам становяцца прыгажэйшымі, а душа напаўняецца гонарам за месцы, дзе нарадзіліся, працуем і жывём.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *