У абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды вучаніца Вуглоўскай СШ заняла прызавое месца

Общество

Rodnaya mova

Больш за тысячу вучняў школ, гімназій і ліцэяў Гомельшчыны прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Але пераможцамі сталі толькі самыя старанныя, карпатлівыя, мэтанакіраваныя: дыпломы атрымалі 520 юных інтэлектуалаў, 16 з якіх – вучні сельскіх школ. І ў гэтым ліку значыцца 11-класніца Вуглоўскай СШ Анастасія Захожая.

– Дзяўчынка прыйшла ў нашу ўстанову ў 2013 годзе, калі была спынена дзейнасць Лубяніцкай базавай школы. І за гэты перыяд праявіла сябе як руплівая, працаздольная, кемлівая, надзеленая добрай памяццю вучаніца, паспяваючы літаральна па ўсіх прадметах, – распавядае дырэктар Вуглоўскай СШ Святлана Аляксандраўна Дзегцярэнка.

А ў дадатак падкрэслівае, што Насця яшчэ і вельмі добразычлівая, спагадлівая, ветлівая, дружалюбная асоба. З такой вучаніцай прыемна і цікава працаваць – падкупляе яе шчырае жаданне вучыцца, спасцігаць новае, самаўдасканальвацца. Таму і не дзіўна, што ў скарбонцы поспехаў дзяўчынкі нямала перамог раённага ўзроўню. Напрыклад, у алімпіядах па нямецкай і рускай мовах, конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. А сёлета дадалася яшчэ адна, больш значная і каштоўная – перамога ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове і літаратуры: Насця вярнулася дамоў з дыпломам другой ступені.

У мінулым навучальным годзе, дарэчы, дзяўчынка таксама спрабавала свае сілы на абласным узроўні, але як рускамоўны лідар раёна. І якім жа было расчараванне, калі да прызавога месца ёй не хапіла… усяго аднаго бала. Шкада. Але гэта сведчыла: Насця знаходзіцца ў адным кроку ад перамогі. Таму Святлана Аляксандраўна, якая рыхтавала Насцю да алімпіяды і была ўпэўнена ў яе сілах, магчымасцях і здольнасцях, не губляла надзеі ўбачыць сваю вучаніцу ў ліку дыпламантаў у наступным годзе.

Цяпер, ужо у выпускным класе, юная інтэлектуалка атрымала прапанову паўдзельнічаць у філалагічным спаборніцтве па беларускай мове – з улікам прынятага ёю рашэння здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне менавіта па гэтай дысцыпліне. Так што дадатковыя заняткі, паглыбленыя веды па прадмеце, па меркаванні самой Насці, залішнімі не будуць, і ўжо з верасня яна пачала руплівую падрыхтоўку да іспытаў на чале з педагогам першай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірынай Рыгораўнай Хадасок. Настаўніцай, дарэчы, вопытнай, працалюбівай, здольнай абудзіць цікавасць да роднай мовы і літаратуры, якія яна выкладае, разгледзець у тым ці іншым вучні схільнасці да гэтых прадметаў. І, вядома ж, падтрымаць шчырае жаданне дзіцяці ўдасканальваць свае веды, рухацца далей і дасягаць большага. Нездарма менавіта яе вучаніца Алена Дзегцярэнка, якой дапамагала ўзбагачаць засвоенае на ўроках, пашыраць сферу выкарыстання роднага слова, глыбей пранікаць у яго таямніцы, паклала ў скарбонку Брагіншчыны дыплом трэцяй ступені, атрыманы на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры двума гадамі раней. А сёлета прызавым месцам у аналагічным туры інтэлектуальнага марафону парадавала Анастасія Захожая, якая да таго ж была запрошана прадстаўляць Гомельшчыну ў складзе зборнай каманды вобласці на рэспубліканскім узроўні, але адмовіцца ад такой прапановы прымусіў стан здароўя.

Сама ж дзяўчынка прызнаецца, што перамога ў алімпіядзе для яе, сельскай школьніцы, асабліва каштоўная, бо спаборнічаць давялося ў пераважнай большасці з прадстаўнікамі гімназій і ліцэяў. І каб дасягнуць такога поспеху, давялося шмат працаваць, не адну гадзіну штодня адводзіць сур’ёзнай падрыхтоўцы, адшліфоўванню сваіх ведаў, рабоце над памылкамі. Добра, што побач знаходзілася мудрая, тактоўная, разважлівая настаўніца: Ірына Рыгораўна дбайна, максімальна прадумана падбірала для сваёй вучаніцы заданні, імкнучыся павысіць яе пазнавальны інтарэс, нацэльвала на плённую сумесную дзейнасць. А наколькі важна было навучыцца тонка адчуваць мову, глыбока асэнсоўваць трапныя выразы, спасцігнуць мудрасць сказанага ці напісанага, узбагаціць слоўнікавы запас, вядома, відаць, толькі тым, хто хоць аднойчы спрабаваў свае сілы ў падобным конкурсе.

Заданні алімпіяды прадугледжваюць, як правіла, выяўленне ўзроўню не толькі моўнай і маўленчай падрыхтоўкі вучняў, але і іх агульнага развіцця. Таму і прапаноўваецца некалькі відаў работ. У першы дзень, напрыклад, юныя філолагі пісалі водгук на твор – праца творчая і індывідуальная, з асабістым успрыманнем прачытанага. А ўлічваючы, што менавіта гэтае заданне выклікала ў Насці найбольшае хваляванне, напярэдадні алімпіяды было прынята рашэнне раз у тыдзень працаваць з педагогам-філолагам Буркоўскай школы Мікалаем Рыгоравічам Малочкам – аб транспартным забеспячэнні паклапаціўся аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Кандыдатура, дарэчы, не выпадковая: Мікалай Рыгоравіч – чалавек творчы, эмацыянальны і артыстычны, з выразным маўленнем і здольнасцю пераканаўча ўздзейнічаць на аўдыторыю, таму Насці ў яго было чаму павучыцца. Напрыклад, больш ярка і ўпэўнена разгортваць свае думкі, выкладаючы іх лагічна, цікава і змястоўна.

Потым была комплексная работа, якая дазваляе меркаваць аб сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы і літаратуры. Так што заданні падуладны асобам начытаным і ўсебакова развітым, добра ўзброеным ведамі па двух прадметах. І, нарэшце, трэці дзень – не менш хвалюючы, бо патрэбна выказаць перад слухачамі сваё меркаванне на прапанаваную тэму. А жывое выступленне, калі ў яго не ўкласці душу, уласныя эмоцыі і пачуцці, наўрад ці зацікавіць, засяродзіць увагу аўдыторыі. Думкі перад гэтым конкурсам, як і іншым алімпіяднікам, таксама не давалі спакою. Ды ўсё атрымалася.

Сама ж пераможца зазначае, што веры ў свае сілы ёй прыдавала моцная падтрымка не толькі настаўнікаў, але і сяброў, родных і блізкіх. І хаця Насця плануе атрымліваць вышэйшую адукацыю па эканамічным профілі, хочацца спадзявацца, што любоў ра роднай мовы і літаратуры, без якой нельга б было разлічваць на поспех, яна пранясе праз усё жыццё. Шкада толькі, што яно ўжо праз лічаныя месяцы заявіць: школьныя алімпіяды, інтэлектуальныя паядынкі, конкурсы знатакоў, эрудытаў скончаны. Па іх, як прызналася выпускніца, яна будзе вельмі сумаваць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *