Тэма тыдня: Прэзідэнт аб актуальных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі

Грамадства

luka

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна з пачатку года, гатоўнасцю вобласці да вясенніх палявых работ.

Прэзідэнту далажылі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», прыцягненні замежных інвестыцый і іх ролі ў развіцці рэгіёна, а таксама па стварэнні ў рэспубліцы ўмоў для прыцягнення ўнутраных і знешніх інвестыцый і па развіцці СЭЗ.

Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Кранаспан ОСБ», азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці арыентавана-стружкавых пліт і выстаўкай вырабляемай прадукцыі, адказаў на пытанні прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан».

«Вельмі далёкія яны ад народа» — Лукашэнка аб актывізацыі ў Беларусі неканструктыўнай апазіцыі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прычынах актывізацыі ў Беларусі розных апазіцыйных структур, у тым ліку прадстаўнікоў так званай пятай калоны.

«Вы не хвалюйцеся, краіну мы нікому не аддадзім. Мы яе будзем трымаць разам з вамі, — сказаў Прэзідэнт. — Самы вялікі недахоп нашай так званай пятай калоны — яны вельмі ўжо далёкія ад народа».

«Ім трэба ўзбунтаваць краіну. Мара — разбурыць уладу і скінуць Прэзідэнта. Чаму — а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысвоіш, прыватнай уласнасці на зямлю не ўводзіць…», — адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб актывізацыі ў Беларусі апазіцыйных структур, Прэзідэнт адзначыў, што гэта здарылася ў тым ліку пасля яго сустрэчы з галоўным рэдактарам апазіцыйнай газеты «Народная воля» Іосіфам Сярэдзічам, які прапанаваў сесці за агульны стол з апазіцыяй і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў прынцыпе не адхіліў гэту ідэю, але яго прынцыповая пазіцыя заключаецца ў тым, што за такім сталом павінны прысутнічаць прадстаўнікі патрыятычнай апазіцыі, якая любіць свой народ і краіну. «З іншымі я размаўляць не буду — з правакатарамі. Калі Прэзідэнт у Палац Незалежнасці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэту апазіцыйную клааку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да Прэзідэнта яны не трапяць, а за стол сядуць іншыя».

«Як іншыя? Мы — начальнікі, нам адтуль грошы плацяць. А калі іншыя, значыць, іншым будуць плаціць, — расказаў кіраўнік дзяржавы аб разважаннях шэрага апазіцыйных прадстаўнікоў. — Гэта — глыбінная прычына, чаму раптам апазіцыя так моцна ў нас узбудзілася. Зразумела, яшчэ і вясенняе абвастрэнне ў некаторых».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што заходнія арганізацыі, якія фінансуюць апазіцыю ў Беларусі, гатовы даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў. «Патрэбны мардабой, кроў», — сказаў ён. Што датычыцца дэкрэта нумар 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з пратэстам выступаюць і тыя, каго ў першую чаргу павінны датычыцца нормы адпаведнага дакумента.

«Вось яны — прычыны ўзбуджэння нашай пятай калоны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі кантралюемая і дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне не будзе дапушчана.

Лукашэнка: пятая калона спрабуе ўзарваць абстаноўку ў Беларусі

Прадстаўнікі так званай пятай калоны робяць спробы ўзарваць абстаноўку ў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў у час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан» у Магілёве.

«Такія людзі ёсць, якім трэба ўзарваць абстаноўку ў краіне. Я іх называю пятай калонай. Ніякая гэта не апазіцыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тэма бяспекі і абароны знаходзіцца выключна ў рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. «Я ўдзяляю гэтаму вельмі сур’ёзную ўвагу», — сказаў ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб шэрагу сур’ёзных інцыдэнтаў, што адбыліся на дзяржаўнай граніцы за апошні час. «Я за свае гады не помню такой ночы, каб было пяць вялікіх здарэнняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Насцярожвае тое, што як толькі ў нас заварушылася пятая калона… Яны і самі клічуць, і жадаючыя з’явіліся арганізаваць нам тут заварушку, — адзначыў беларускі лідар. — Вы павінны разумець, што ў свеце такіх людзей не сотні тысяч, але тысячы ёсць, — спецыялістаў, якія ўчыняюць правакацыі. Імі, вядома ж, кіруюць спецслужбы пэўных дзяржаў». Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Украіны: «Гэтыя правакатары звычайна запатрабаваны там, дзе гарачыя кропкі. Гэта яны стралялі, заводзілі натоўп. Пачынаецца паніка, таўкатня, людзі адзін на аднаго ўзлуюцца і, як снежны камяк, пачынаецца гэта абурэнне. Тады чалавеку падсоўваюць зброю пачынаючы ад нажа і заканчваючы стралковай. І звычайны чалавек, які нібы прыйшоў патрабаваць сваё, становіцца баевіком. Гэта цэлая тэхналогія каляровых рэвалюцый».

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што нехта палічыў, што Беларусь гатова для каляровай рэвалюцыі. «Выйшлі ў Магілёве 200 чалавек на плошчу на работу прасіцца. Калі ім прапанавалі работу, яны ўсе разбегліся. Гэта значыць, ім работа была не патрэбна. Арганізавалі людзей разам з пятай калонай, і пайшла гэта хваля па буйных гарадах», — заявіў Прэзідэнт.

«Там (за мяжой. — Заўвага БЕЛТА) убачылі, што ёсць попыт на правакатараў. Цяпер следства разбярэцца. Узбуджана крымінальная справа. Яны ўсяляк спрабуюць прарвацца на нашу тэрыторыю. Гэта не адзінкавы выпадак, не ў гэтым толькі годзе. Яны пастаянна то пісталеты, то кулямёты, то гранаты завозяць унутр Беларусі, — сказаў Прэзідэнт. — Я паглядзеў гэты сюжэт — там не ўсё паказалі. Мяне насцярожыла, што знойдзены аўтамат без нумара».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што такая зброя была выраблена падпольна і пры выкарыстанні было б практычна немагчыма высветліць яе паходжанне. «Значыць, гэта бандыцкая зброя. Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае», — сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй

Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў аб прычынах актывізацыі апошнім часам так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант».

«Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповіч. Астатнія лагеры — ва Украіне. Па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Прэзідэнт адзначыў, што ў далейшым грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб гэтым факце. Ён таксама расказаў аб тым, як праваахоўнікам удалося даведацца аб існаванні такіх планаў. «Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія, знаходзячыся за мяжой — у Еўрасаюзе, папярэдзілі нас. Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала пісьмо: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер трэба дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы спыняць любую проціпраўную дзейнасць і бандытызм.

«Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэта вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе — у першай шарэнзе пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на ганьбу нікому не аддадзім», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка: дэкрэт нумар 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў

«Як бы ні было непапулярна: дэкрэт нумар 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт нумар 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінавата была (панакіроўвалі гэтыя «пісьмы шчасця» каму трэба і каму не трэба), — прыпыніць выплату на бягучы год. Але за гэты час мы выверым усе спісы. Крайні тэрмін — 1 кастрычніка», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што лічыць ненармальнай сітуацыю, калі мільёны людзей працуюць, а 300-350 тыс. бадзяюцца незразумела дзе. «350 тыс., якія павінны працаваць і не працуюць. І не нясуць ніякай нагрузкі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вы павінны ведаць, што я ад гэтага не адступлю. Мы павінны навесці ў краіне парадак. Настаў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасцю людзей».

Сярод станоўчых вынікаў прымянення дэкрэта Аляксандр Лукашэнка прыгадаў тое, што людзі пачалі больш даражыць рабочымі месцамі, узрасла колькасць зваротаў у службы занятасці. «Гэты дэкрэт — лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Ён высвеціў вельмі многія негатыўныя пытанні. Мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзём усё ў парадак, каб людзі не крыўдзіліся», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка забараніў звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка забараніў праводзіць скарачэнні на прадпрыемствах і ў арганізацыях і звальняць работнікаў без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.

«Ні ў якім разе нельга скарачаць і звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады», — заявіў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што гэта рашэнне прадыктавана не намерам застопарыць працэс звальненняў і прыёму на работу. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ёсць і нядобрасумленныя работнікі, якія не трымаюцца за работу. «Зразумела, кіраўнік такіх людзей трымаць не будзе. І не трэба. А сёння, калі я патрабую сярэднюю зарплату Br1 тыс., ужо некаторыя падумваюць: так, дадзім Br1 тыс., але скароцім энную колькасць людзей, у тым ліку нармальных работнікаў, — адзначыў Прэзідэнт. — Вось гэтага без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады рабіць нельга».

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што гэта звязана з неабходнасцю працаўладкавання вызваляемых работнікаў у іншым месцы.

«Нельга ў цяжкі час выкідваць людзей на вуліцу. Гэта няправільна. Няхай гэта не рыначна, але пакуль мы будзем дзейнічаць такім чынам», — падкрэсліў беларускі лідар.

Адсочваць цэнаўтварэнне ў Беларусі будуць вельмі сур’ёзна — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што справядлівае цэнаўтварэнне — адно з важнейшых пытанняў для краіны, і яго будуць адсочваць вельмі сур’ёзна.

Прэзідэнт задаўся пытаннем, чаму цэны на цукар, калі не хлусіць статыстыка, выраслі на 20-25 працэнтаў? «Адкуль? У нас жа свае заводы, мы вырабляем цукру ў два разы больш, чым нам трэба. Адзіная можа быць прычына, што высокія цэны на цукар у Расіі, Украіне, — вакол. Тады нікуды не дзенешся, трэба, каб была роўная цана. Калі яна будзе вельмі нізкая, цукар увесь вывезуць, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Але мне кажуць, што ўжо ў Беларусі цукар вышэйшы па кошце, чым у Расіі».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы дадаў, што дэфляцыя — гэта небяспечны працэс. «Калі цэны падаюць, адразу ж затаварваецца вытворчасць, збыту прадукцыі няма, попыту на прадукцыю няма. А значыць, прадпрыемства не плаціць заработную плату і з цягам часу закрываецца», — адзначыў ён.

Немалаважнымі пытаннямі, якія патрабуюць вырашэння, Аляксандр Лукашэнка таксама назваў неабходнасць павышэння заработнай платы і працоўную занятасць.

«Для нас вельмі важна занятасць менавіта на новых прадпрыемствах, вось такіх прадпрыемствах. Але я не супраць, калі будуць стварацца маленькія прадпрыемствы: 3, 5, 10, 15, 40, 50 чалавек — няважна. І на такіх прадпрыемствах павінны людзі працаваць, — упэўнены беларускі лідар. — Потым я абсалютна не супраць, калі на старых прадпрыемствах будуць стварацца вытворчасці і там будуць задзейнічаны людзі. Галоўнае, каб гэта была нармальная работа».

Лукашэнка: у Беларусі ў сферы ІТ-тэхналогій будзе ўзрыў

Упэўненасць у гэтым выказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь таксама прывабная для інвестараў з-за наяўнасці працоўных рэсурсаў, высокага ўзроўню адукацыі. Таму ў краіне створаны ўмовы для развіцця розных галін — ад дрэваапрацоўкі да ІТ-тэхналогій.

«З айцішнікамі нядаўна сустракаўся. Пагледзіце: у Беларусі па ІТ-тэхналогіях будзе ўзрыў. Мы прайшлі першы этап, калі да нас прыязджалі, заказвалі ўсялякую драбязу і мы на некага працавалі, — сказаў Прэзідэнт. — Цяпер пастаўлена задача: тут распрацоўваем праграмнае забеспячэнне, тут ствараем вытворчасць і прадаём гатовы прадукт».

Лукашэнка: лякарства ад раку і ўнікальная энергакрыніца сталі б прарывам у беларускай навуцы

«Я вельмі хацеў бы, каб наша навука зрабіла прарыў у лячэнні людзей, і самае галоўнае, каб мы нарэшце перамаглі гэту страшную чуму, страшную хваробу, з якой мы не можам справіцца. Калі б тут быў прарыў, і мы навучыліся лячыць ракавыя пухліны, як звычайную хваробу, гэта было б шчасце», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне даўно вядуцца навуковыя даследаванні ў гэтым напрамку. Беларускія медыкі ўжо зрабілі нямала, навучыліся дыягнаставаць захворванне на ранняй стадыі і праводзіць унікальныя аперацыі.

«Яшчэ я хацеў бы, каб нашы вучоныя вынайшлі нейкую новую крыніцу энергіі, каб мы на каленях не поўзалі нават перад нашымі братамі, молячы іх і выпрошваючы тону нафты або кубаметр газу», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларускія вучоныя перыядычна ствараюць важныя распрацоўкі, аднак на прадпрыемствах іх укараняць адмаўляюцца. На думку кіраўніка дзяржавы, так быць не павінна — ўсе вынаходкі, якія могуць удасканаліць і спрасціць працэс вытворчасці, неабходна абавязкова выкарыстоўваць.

«Яны не могуць з намі канкурыраваць» — Лукашэнка растлумачыў цяжкасці з пастаўкамі прадукцыі ў Расію

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пэўныя цяжкасці з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання на расійскі рынак звязаны не з іх якасцю, а з тым, што вытворцы з суседняй краіны часам не вытрымліваюць канкурэнцыі.

«Яны не могуць з намі канкурыраваць, таму што мы стварылі добрыя прадпрыемствы. Вазьміце «Бабуліну крынку» — магілёўскую кампанію. Гэта брэнд Беларусі, адна з лепшых сусветных кампаній. Яны ж вырабляюць проста цудоўную прадукцыю. Гэта выдатнае прадпрыемства, і ў нас такіх шмат. У кожнай вобласці створаны кампаніі, у некаторых — па дзве. Таму яны не могуць з намі канкурыраваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама дадаў, што калі ў Расіі здарыліся эканамічныя праблемы, то яны паўплываюць і на Беларусь, паколькі значная частка прадукцыі пастаўляецца менавіта туды. «Усё ад нас не залежыць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь будзе і ў далейшым падтрымліваць добрасумленных інвестараў

Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе прадпрыемства расказаў, што інвестары ў Беларусі могуць скарыстацца рознымі льготамі і паслабленнямі. У прыватнасці, калі кампанія завазіла ў краіну нямецкае абсталяванне, яна не плаціла ўвазную пошліну і ПДВ. Усяго сума такіх ільгот склала амаль $100 млн.

«Калі яны, як ваша прадпрыемства, працуюць сумленна, я ім паабяцаў: падтрымаем яшчэ па нейкіх напрамках. І я, і члены ўрада, і міністры ўнікаюць у сітуацыю і робяць насустрач адпаведныя рухі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў.

«Я не ведаю, што яшчэ зрабіць, каб лішні раз даказаць, што тут для ўкладвання інвестыцый створаны спрыяльныя ўмовы. У нас стабільнае грамадства, у нас ціхая, спакойная краіна. У нас улада (дзесьці яна памыляецца, дзесьці дапускае памылкі, і я магу рабіць памылкі, я ж таксама чалавек), згадзіцеся, не горшая. Мы не раскралі краіну, не дапусцілі абвалу. Тыя ж бяспека і стабільнасць вынікаюць з дзейнасці ўлады», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі адсутнічае праблема хабарніцтва, а адзінкавыя выпадкі, якія і бываюць, адразу ж выяўляюцца і спыняюцца. Замежныя інвестары прызнаюць, што ў гэтай сферы наведзены парадак, і прыходзяць у краіну.

Акрамя таго, Беларусь прывабная для інвестараў высокакваліфікаванымі кадрамі, якаснай і адначасова недарагой сыравінай. «Калі ёсць гэта сыравінная база і рабочыя рэсурсы, інвестар прыйдзе. А па падатках мы дамовімся з кожным персанальна, хто хоча прыйсці сюды працаваць. Калі спачатку для яго і паніжаныя падаткі сур’ёзныя, мы дамовімся. Мы часта так робім. Але галоўнае — гэта бяспека і цішыня», — упэўнены Прэзідэнт.

Дзяржава таксама гатова стварыць неабходныя ўмовы і для развіцця зусім невялікіх прадпрыемстваў. «Сёння мы вам дапаможам, знізім падаткі, заўтра вы працаўладкуеце дзясятак-другі чалавек, будзеце плаціць ім добрую зарплату. Калі станеце на ногі, будзеце плаціць падаткі, як усе», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу ўладальнік групы кампаній «Кранаспан» Пітэр Кайндл заявіў, што для развіцця яго прадпрыемстваў у Беларусі былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы. Таму кампанія вырашыла значна павялічыць аб’ём сваіх інвестыцый. Так, першапачаткова па інвестыцыйным дагаворы кампанія абавязалася ўкласці ў вытворчасці $150 млн і стварыць 150 рабочых месц. Але ўжо ў 2017 годзе аб’ём інвестыцый павінен перасягнуць $1 млрд, а за 2010-2016 гады было створана больш за 1 тыс. рабочых месц.

Паводле слоў бізнесмена, яго кампанія таксама прапануе беларускаму ўраду стварыць у Шклове завод па вытворчасці дэкаратыўнай паперы.

«У Беларусі нас прывабліваюць матэрыялы, сыравіна, высокаадукаваныя кадры і тыя эканамічныя ўмовы, якія стварае ўрад, — яны ідэальныя. Беларусь таксама мае ідэальнае месцазнаходжанне для арганізацыі лагістыкі. Немалаважны фактар — стабільнасць у краіне», — падкрэсліў Пітэр Кайндл.

Прэзідэнту далажылі аб перспектывах развіцця прадпрыемстваў кампаніі «Кранаспан» у Беларусі, інвестыцыйных праектаў, рэалізаваных і прапанаваных для рэалізацыі. У час рабочай паездкі кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з сацыяльна-эканамічным развіццём Магілёўскай вобласці, дзейнасцю СЭЗ «Магілёў», яму далажылі аб гатоўнасці і пачатку вясенніх палявых работ у рэгіёне.

Наведваннем названых прадпрыемстваў рабочая паездка кіраўніка дзяржавы не завяршылася. Ён накіраваўся ў гарадскі пасёлак Копысь, дзе асабіста пракантраляваў ход сельскагаспадарчага эксперымента, аб якім гаварылася на нарадзе восенню мінулага года. Тады, нагадаем, размова ішла аб аб’яднанні некалькіх аграгарадкоў у экспартна арыентаваны высокатэхналагічны холдынг з поўным цыклам вытворчасці.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *