У Камарыне адбудзецца спектакль па п’есе ўраджэнца вёскі Гдзень Юрыя Максіменкі

Общество Популярное

8 красавіка ў Камарынскім культурна-спартыўным цэнтры народны аматарскі тэатр “Гракі” Гомельскай абласной бібліятэкі пры падтрымцы Беларускага зялёнага крыжа прадставіць спектакль “Далёкі дзівосны свет” па п’есе ўраджэнца вёскі Гдзень Юрыя Максіменкі, вучонага сакратара абласной бібліятэкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пачатак – у 16.00.

Maksimenka

Юрый Максіменка нарадзіўся 9 снежня 1964 года ў вёсцы Гдзень Брагінскага раёна. Скончыў Гдзенскую васьмігадовую і Камарынскую сярэднюю школы, Мінскі інстытут культуры. З 1989 года працуе ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы.

Літаратурнай творчасцю пачаў займацца яшчэ са школьных гадоў. Вершы і проза публікаваліся ў газетах “Гомельская праўда”, “Гомельскія ведамасці”, “Савецкі раён”, “Знамя юности” і інш. У 1993 годзе выдадзена кніга для дзяцей “Казкі старога дома”, у 2012-м – кніга вершаў і прозы “Ікс і Ігрэк”, у 2014-м – кніга для дзяцей “СнегаВіцёк – мой сябар”.

У 2001 годзе стаў лаўрэатам літаратурнага конкурсу “Памяці І.П. Мележа”, абвешчанага газетай “Гомельская праўда” і Гомельскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. З’яўляецца лаўрэатам разнастайных міжнародных конкурсаў.

З 2007 года актыўна займаецца драматургіяй.

Слова – аўтару п’есы:

– Спектакль – пра чарнобыльскіх самасёлаў, якія пасля адсялення паблукалі па свеце ды вярнуліся ў родную палескую вёску на Брагіншчыне. Гэта звычайныя сельскія людзі з выдуманымі абагульненымі вобразамі. Але ў большасці з іх ёсць свой рэальны прататып. Маю на ўвазе і сваіх маці, бацьку. I многія сюжэтныя гісторыі – таксама рэальныя.

Так што ў пэўнай ступені п’еса ўтрымлівае біяграфічныя моманты майго роду. Для прыкладу, маці галоўнага героя згадвае, як у маладосці яе човен ад хвалі перакуліўся і яна паплына не да берага, а на сярэдзіну ракі, за згубленым чырвонцам… Пра гэта мне расказвала мая мама. Як і пра тое, як я вучыўся хадзіць, адчуваць свет і радавацца жыццю. Тыя расповеды я ўключыў у п’есу. Але і выдуманага шмат. Герой вяртаецца на радзіму, якую не бачыў шмат гадоў. Ужо здарылася чарнобыльская бяда, ужо няма Савецкага Саюза. Яго сустракае зу-сім іншы свет.

Вёска з п’есы Вялікія Іваны мае правобраз на Брагіншчыне – вёску Гдзень. Гэта мая радзіма. Падчас аварыі на ЧАЭС я вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры, быў у Мінску. А вёску маю, маму, тату ўвесну 1986-га адсялілі. Бацькі жылі на кватэры ў чужых людзей. Летам пасля працы ў студэнцкім будаўнічым атрадзе я наведаў іх, адчуў і зразумеў іх настрой. Яны не хацелі жыць за чужы кошт, не бачылі перспектыў, вельмі перажывалі. Не надта здзівіўся, калі ці не ўсе мае землякі недзе восенню вярнуліся назад у Гдзень.

У чым ідэйны змест п’есы? Далёкі дзівосны свет – гэта і шчаслівае бясхмарнае дачарнобыльскае мінулае, і неўміручая светлая надзея на тое, што гэткай жа бяспечнай будзе і будучыня…

kimpress.by

Maksimenka2



2 комментария по теме “У Камарыне адбудзецца спектакль па п’есе ўраджэнца вёскі Гдзень Юрыя Максіменкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *