У Мікуліцкай школе прайшоў традыцыйны тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Грамадства

DIGITAL CAMERA

І сёлета яго адметнасць заключалася ў тым, што адно мерапрыемства патрэбна было правесці ў адкрытым фармаце. Таму мы запрасілі гасцей на “Вячоркі ў Паўлінкі”. Свята атрымалася вельмі запамінальным і цікавым: апранутыя ў нацыянальныя касцюмы вучні спявалі і чыталі па-беларуску, выконвалі народныя танцы. Госці здзейснілі экскурсію ў кабінет беларускай мовы і літаратуры, дзе можна было глыбей пранікнуцца пачуццём нацыянальнай годнасці, адчуць хараство, красу і сілу роднага слова. Каля стэнда “Гомельшчына літаратурная” вучні правялі завочнае падарожжа па таленавітай палескай зямлі. А потым адбылася дэгустацыя страў нацыянальнай кухні. І гэта толькі адзін дзень – тыдзень беларускай мовы і літаратуры прадугледжваў куды больш тэматычных мерапрыемстваў.

DIGITAL CAMERA

Кожны дзень, дарэчы, праходзіў пад сваім дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”, “Роднаму слову – прызнанне ў любові”, “…Мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!” Дзеці прынялі ўдзел у акцыі “Любімае роднае слова”, конкурсах чытальнікаў вершаў і выканаўцаў песень на роднай мове, прэзентацыі “Чалавек у будні і святы”, лінгвістычным конкурсе і ў іншых мерапрыемствах.

Вельмі радасна і прыемна, калі затрачаныя намаганні даюць свой плён: дзеці больш даведваюцца пра родную мову і побыт народа, запамінаюць прыказкі і прымаўкі, загадкі і фразеалагізмы, чытаюць вершы і спяваюць песні па-беларуску. Наша мова сапраўды заслугоўвае, каб яе шанавалі, любілі, ёю ганарыліся і на ёй гаварылі.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўніца беларускай
мовы і літаратуры ДУА “Мікуліцкая сярэдняя школа”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *