Жывёлаводы Брагіншчыны працягваюць прымаць лісты з падзякай і падарункі

Сельское хозяйство

P_000000_01

Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод” заканчваецца 1 красавіка. А пакуль лепшыя працаўнікі ферм Брагіншчыны прымаюць лісты з падзякай, падарункі і прэміі. Каб уручыць іх, у раён прыехалі намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Канстанцін Лебедзеў і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Яцэвіч.

У суправаджэнні першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Шэйкі і старшыні райкама прафсаюза Віктара Балобана яны адразу накіраваліся на Асарэвіцкую ферму ААТ “Камарынскі”. Менавіта тут працуюць неаднаразовыя пераможцы раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення кароў Анжэла Янчанка і Вера Езянок. Пакуль ішло абедзеннае даенне, госці пазнаёміліся з умовамі працы і быту людзей. Загадчык фермы Васіль Чарнянок расказаў аб рэканструкцыі памяшканняў, дасягненнях невялікага калектыву. Да слова, у 1981-м годзе, калі ён прыйшоў сюды, на вытворчасці было 44 даяркі, зараз – пяць (адна з іх – падменная). Пусцеюць вёскі, змяншаецца і колькасць працуючых у АПК. Даводзіцца падбіраць кадры ў суседніх вёсках і дастаўляць іх на работу аўтатранспартам.

P_000000_02P_000000_03

Дырэктар “Камарынскага” Рыгор Анапрэенка падкрэсліў, што жанчыны жывуць за 30 км адсюль. Штодня на дарогу з Верхніх Жароў у Асарэвічы і назад затрачваецца пэўны час. Дзевяць гадзін займае трохразовае даенне, бо ўдваіх абслугоўваюць больш чым 200 галоў. А ў жанчын – сем’і, гаспадарка, якія таксама патрабуюць увагі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у мінулым годзе надаілі па 7200 літраў малака на карову.

“Мы прыехалі да вас, каб выказаць словы падзякі за нялёгкую і самаадданую працу, – звярнуўся да прысутных Канстанцін Георгіевіч. – Звычайна ўшаноўваем механізатараў, камбайнераў, а жывёлаводы застаюцца ў цяні. Гэта няправільна, таму што асноўную частку таварнай прадукцыі прыносіць жывёлагадоўчая галіна. Глыбокай павагі заслугоўваюць людзі, якія тут заняты”.

Ліст з падзякай ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, грашовую прэмію Канстанцін Лебедзеў уручыў Анжэле Янчанцы.

Даяркі прызналіся, што немалая заслуга ў высокіх вытвочых паказчыках калектыву МТФ і іх асабіста належыць брыгадзіру Васілю Чарнянку. Аб гэтым ведаюць і ў вобласці, таму падзяку і прэмію абласнога камітэта прафсаюза вырашана было адрасаваць Васілю Васільевічу. З узнагародай яго павіншаваў Васіль Яцэвіч.

Вера Езянок прымала ліст з падзякай і падарунак з рук Васіля Шэйкі. Яе праца адзначана на раённым узроўні.

На новым комплексе ААТ “Брагінка”, які знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, усё па-сучаснаму. Дырэктар Тамара Кудан паказала, як з дапамогай камп’ютара яна можа прасачыць, у колькі гадзін пачалося даенне, ці не спазніліся ўключыць устаноўку, колькі малака дае першацёлка і г.д. У прысутнасці ўсяго калектыву Канстанцін Лебедзеў уручыў ліст з падзякай і прэмію цялятніцы Ірыне Карсак. Атрымаў іх і загадчык комплексу Валерый Леўкавец, якога прэміраваў абласны камітэт па сельскай гаспадарцы і абкам прафсаюза. Разам са словамі віншавання Васіль Іванавіч выказаў пажаданне работнікам гаспадаркі раўняцца на лепшых і прымнажаць свае здабыткі, бо на Гомельшчыне ёсць нямала жывёлаводаў, якія дасягнулі рэкордных надояў.

P_000000_04

P_000000_06P_000000_05

Віктар Балобан адзначыў за сумленную работу даглядчыка Віктара Сабаленку.

Блізіцца да завяршэння акцыя, у час правядзення якой адбыліся цёплыя сустрэчы з людзьмі. Кожная пакінула добрае ўражанне, выклікала пачуццё павагі да тых, хто ў няпростых умовах паказвае ўзоры сумленнага служэння справе, імкнецца да самаўдасканалення, каб забяспечыць нас прадуктамі харчавання.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *