23 красавіка стартуе міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка”

Грамадства Спорт

cport

У дванаццаты раз прыхільнікаў спорту  і здаровага ладу жыцця збярэ міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка”.

Сёлета традыцыйныя спаборніцтвы на дыстанцыях ад 60 да 10 000 метраў разгорнуцца ў райцэнтры 23 красавіка. Чакаецца, што ўдзел у іх прыме як мінімум 300 чалавек, у тым ліку аматары бегу з Расіі, Украіны, Германіі.

Перад стартам (у 10.30) адбудзецца мітынг, прысвечаны трагічнай даце – чарговай гадавіне чарнобыльскай катастрофы. Ён пройдзе, як і заўсёды, каля помніка ў гонар нашага земляка Васіля Ігнаценкі – аднаго з тых, хто абараніў цяперашняе і будучыя пакаленні ад нябачнай стыхіі. А спартыўны марафон у чарговы раз пацвердзіць сваю галоўную мэту: не толькі папулярызаваць здаровы лад жыцця і карысць аздараўляльнага бегу, але і захоўваць памяць аб трагічнай падзеі ў нашай гісторыі, умацоўваць сяброўскія адносіны паміж спартсменамі розных краін.

Заахвочванні, як і ў папярэднія гады, прадугледжаны для пераможцаў і прызёраў, а таксама самых юных і самых старэйшых удзельнікаў “Брагінскай дзясяткі”, бегуноў з ліку ліквідатараў паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Далучайцеся да ўдзельнікаў і балельшчыкаў!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *