Эдуард Парутчыкаў стаў пераможцам VII адкрытага рэгіянальнага конкурсу дзіцячай творчасці

Грамадства

0000-01

Адразу дзвюмя ўзнагародамі папоўнілі скарбонку творчых поспехаў раёна выхаванцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў, якія прывезлі дыпломы з конкурсаў “Маленькі прынц-2017” і “Карагод сяброў”.

Такой прыемнай навіной падзялілася дырэктар установы Анжэла Бондар. І гэта, безумоўна, не магло не парадаваць: любая перамога – вынік руплівай працы, стараннасці і настойлівасці ў дасягненні мэтаў. А калі яна на рахунку юных асоб, гонар адчуваецца ўдвая. Як за падрастаючае пакаленне, што ўражвае нас, прыводзіць у захапленне сваімі ўменнямі і здольнасцямі, так і за тых, хто дапамагае яму паверыць у жыватворную сілу мастацтва, умее запаліць у дзіцячай душы іскрынку творчасці, развіць у хлопчыкаў і дзяўчынак іх талент.

Эдуард Парутчыкаў, дарэчы, паспяхова займаецца ў Брагінскай дзіцячай школе мастацтваў па класу баяна ўжо сёмы год – ігру на гэтым інструменце асвойвае пад кіраўніцтвам Аляксандра Пяхоты. І тут яго характарызуюць не толькі як здольнага, але і як працалюбівага, мэтанакіраванага, стараннага, дысцыплінаванага вучня. Ён плануе звязаць сваё далейшае жыццё з музыкай. Таму і не дзіўна, што Эдуард з’яўляецца частым удзельнікам канцэртаў – яго прозвішча добра вядома мясцовым жыхарам. Ды і за межамі раёна ён паспеў праявіць сябе з найлепшага боку.

Калі Аляксандр Рыгоравіч даведаўся пра правядзенне ў Светлагорску VII адкрытага рэгіянальнага конкурсу дзіцячай творчасці вучняў ДШМ, жаданне прыняць у ім удзел апанавала адразу: Эдуард атрымаў прапанову паспрабаваць свае сілы ў намінацыі “Сольнае інструментальнае выкананне”. Але да адказнага мерапрыемства заставалася няпоўныя два тыдні, таму рыхтавацца давялося нават падчас веснавых канікулаў. Тым больш што ў спісе абавязковых твораў, прадугледжаных умовамі конкурсу, значылася п’еса, якую патрэбна было развучваць з нуля. А другі твор выносіўся на суд журы па выбары ўдзельніка, і ў выніку наш зямляк вярнуўся 30 сакавіка з конкурсу з дыпломам першай ступені, перавысіўшы ў майстэрстве сваіх сапернікаў з Мазыра, Магілёва, Бабруйска, Светлагорска, Рэчыцы, Хойнік і іншых гарадоў. Усяго ў рэгіянальным спаборніцтве прынялі ўдзел 22 школы мастацтваў.

А некалькімі тыднямі раней, 17 лютага, віншаванні прымаў узорны харэаграфічны калектыў “Брагінка”, кіраўнікамі якога з’яўляюцца Алена Цярэшчанка і Таццяна Чырык. Ён прадставіў дзве танцавальныя кампазіцыі (“Алоўкі” і “Дожджык”) на першым абласным конкурсе “Карагод сяброў” сярод школ мастацтваў, які прайшоў у сценах Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, і заняў трэцяе месца ў намінацыі “Эстрадны танец” (сярэдняя група).

0000-02

Гонар раёна абаранялі 16 юных талентаў ва ўзросце 7-10 гадоў, а ў ліку крытэрыяў ацэнкі значыліся не толькі ўзровень выканаўчага майстэрства, але і артыстызм, сцэнічная культура ўдзельнікаў конкурсу, кампазіцыйная пабудова нумароў. І так як аснова танцам ужо была пакладзена, галоўны ўпор кіраўнікі калектыву зрабілі на ўдасканаленне харэаграфічных навыкаў сваіх вучняў, сінхроннасць рухаў.

Каб мастацкі змест музычнага твора адпавядаў танцавальнай трактоўцы, немалаважную ролю іграла і наяўнасць сцэнічных касцюмаў. Заслуга ў гэтым, па словах Анжэлы Анатольеўны, агульная: работнікаў ДШМ, кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, бацькоў. А вось увасабленне творчай ідэі ў рэальнасць, пашыў адзення для выступлення на сцэне – справа ўмелых рук Вольгі Вырадавай, супрацоўніцы Брагінскага РДК.

Удзел у такіх конкурсах – гэта, бясспрэчна, добрая магчымасць для нашых юных землякоў праявіць сябе, а для іх настаўнікаў – пашырыць сувязі паміж калегамі, абмяняцца вопытам работы з таленавітымі дзецьмі. Таму няхай будуць на сумесным творчым шляху новыя поспехі, цікавыя сустрэчы і знаходкі, жадаемыя вынікі, а кожная перамога дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах і з’яўляецца стымулам для росту выканаўчага майстэрства.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *