І смачна, і каларыйна гатуюць для ўдзельнікаў пасяўной у ААТ “Імя Жукава” і “Брагінка”

Сельское хозяйство

Расказваючы пра герояў жніва, лепшых механізатараў на корманарыхтоўцы, мы неяк абыходзілі ўвагай тых, хто гатуе для іх, клапоціцца пра быт. Гэта – повары і іх памочнікі, вадзіцелі, якія дастаўляюць абеды ў поле. Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктарам Балобанам на гэты раз накіраваліся спачатку не на поле, а ў сталовую ААТ “Імя Жукава”, каб высветліць, як арганізавана гарачае харчаванне, што ў меню хлебаробаў. Хацелася сустрэцца з людзьмі, пра якіх мужчыны гаварылі з павагай. І не толькі трактарысты і вадзіцелі, але і жывёлаводы, для якіх у летне-пашавы перыяд абеды гатуюць таксама.

Марыя Сінькевіч і Ніна Коваль
Марыя Сінькевіч і Ніна Коваль

Як высветлілася, повар Ніна Коваль працуе ў сталовай (знаходзіцца яна ў Мікулічах) з 2005-га. Яна памятае, якой была гэтая кропка грамадскага харчавання да 1986-га года. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, калі вясковыя жыхары спяшаліся пакінуць забруджаную тэрыторыю, памяшканне прыстасавалі пад магазін. Пасля рамонту тут зноў адкрылі сталовую. Побач з Нінай Уладзіміраўнай працуе яе памочніца Марыя Сінькевіч. Як расказвала напярэдадні старшыня райкама прафсаюза сельгаспрадпрыемства Галіна Прахарэнка, удзельнікаў пасяўной кормяць два разы ў дзень. Калі ўзнікне вытворчая неабходнасць і механізатары палічаць неабходным, арганізуюць і трохразовае харчаванне.

Галоўнае – людзям падабаецца, як жанчыны гатуюць. Абеды смачныя, каларыйныя, разнастайныя. Хто працуе паблізу, прыязджае падсілкавацца ў сталовую, невялікую, але ўтульную. Да астатніх Ніна Уладзіміраўна і Марыя Васільеўна разам з вадзіцелем Уладзімірам Жураўскім едуць самі. Механізатары адзначылі, што жанчыны стараюцца ўлічваць густы і апетыт кожнага. Прадукты завозяцца сюды свежыя, якасныя. Акрамя ўсяго, выдаюць працаўнікам і па бутэльцы вады.

Аляксандр Раманюк
Аляксандр Раманюк

І ўсё ж не пабываць на месцы, дзе закладваецца зараз падмурак будучаму ўраджаю, мы не маглі. Аляксандр Раманюк на энерганасычаным трактары “Беларус-3522” дыскаваў глебу. У гаспадарцы паспеў папрацаваць на МТЗ-82 да службы ў арміі. Пасля вяртання ў родныя мясціны сеў за баранку аўтамабіля, а калі пачала паступаць новая магутная тэхніка, асвоіў і яе.

Людміла Салодкіна
Людміла Салодкіна

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Брагінка” таксама ёсць свая сталовая. І гаспадыня тут – дбайная. Гэта Людміла Салодкіна. Сёмы год корміць яна механізатараў і вадзіцеляў гарачымі абедамі, клапоціцца, каб у невялікай зале было прыгожа і чыста. Усё неабходнае для прыгатавання першых і другіх страў завозяць з фірменнай гандлёвай кропкі “Дары ад Зары”, астатняе набываюць у магазіне. З пачаткам веснавых палявых работ наступаюць адказныя будні і ў Людмілы Сямёнаўны. Закончыцца пасяўная, потым пачнецца нарыхтоўка кармоў, якая будзе доўжыцца да халадоў, жніво. І ўвесь гэты час яна будзе стаяць каля пліты, каб унесці свой уклад у агульны каравай.

Па словах Віктара Іванавіча, аб гарачым харчаванні паклапаціліся і ў іншых гаспадарках. У ААТ “Малажынскі” гэтая справа даручана Наталлі і Жанне Краўчанкам і вадзіцелю Руслану Чарнянку. У “Чамярыскім” абеды гатуе Наталля Пяхота, развозіць іх Пётр Малочка, а раздае Святлалана Фалей.

Як прызнаўся прафсаюзны лідар, яго непакоіць, што ў ААТ “Брагінскі” не паклапаціліся пра людзей. Гэта адзіная гаспадарка ў раёне, дзе ўдзельнікі адказнай кампаніі не атрымліваюць гарачыя абеды, хаця працуюць з не меншым стараннем і адказнасцю. Не да канца вырашана пытанне і ў “Пераможніку”. Зразумела імкненне маладога дырэктара наладзіць харчаванне на высокім узроўні, адкрыць сталовую, якая б адпавядала ўсім патрабаванням. Але ж хлебаробы з-за гэтага не павінны быць заложнікамі. Памятаецца, і ў “Камарынскім” не адразу купілі тэрмасы для дастаўкі першых і другіх страў. Усё робіцца паступова.

На галодны страўнік дрэнна працуецца – пра гэта ведалі ў народзе, таму стараліся ў першую чаргу накарміць людзей. Трымае пытанне на кантролі і прафсаюзная арганізацыя.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *