Выхаванцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў працягваюць радаваць нас сваімі поспехамі

Грамадства

Чарговыя ўзнагароды прывезены з абласнога і рэгіянальнага творчых конкурсаў.

Мікалай Чубса і Эдуард Парутчыкаў
Мікалай Чубса і Эдуард Парутчыкаў

Каб выявіць лепшых юных выканаўцаў і музыкантаў Гомельшчыны, пад адным дахам сабраліся таленавітыя, адораныя асобы. У калідорах і аўдыторыях Мазырскага музкаледжа луналі натхненне, творчы парыў, дух саперніцтва і, вядома ж, адчувалася хваляванне. На першы адкрыты абласны конкурс музычна-выканаўчага майстэрства выпускнікоў дзіцячых школ мастацтваў і сярэдніх агульнаадукацыйных школ з’ехалася больш чым сто ўдзельнікаў. І ў іх ліку – таленты з Гомеля, Рэчыцы, Бабруйска, Мазыра, Калінкавіч, Жлобіна, Рагачова, Светлагорска… Адны ўражвалі строгае журы чыстымі галасамі, а другія песцілі слых інструментальнымі пералівамі.

Сваё майстэрства ў намінацыі “Баян” прадэманстравалі і выпускнікі Брагінскай музычнай школы мастацтваў Эдуард Парутчыкаў і Мікалай Чубса. Абодва, па словах ды-рэктара ўстановы Анжэлы Бондар, прафарыентаваныя вучні, сёмы год займаюцца па класу баян. Першы – пад кіраўніцтвам Аляксандра Пяхоты, другі – Валянціны Жоравай. І гэта менавіта той выпадак, калі да поспеху прывяло спалучэнне вопыту, таленту, працалюбства і стараннасці.

Аб тым, што сілы і час на падрыхтоўку да адказнага музычнага спаборніцтва былі патрачаны не дарэмна, сведчыць вынік: юныя землякі вярнуліся дамоў з узнагародамі. Эдуард прывёз дыплом за першае месца, а Мікалай – за паспяховае выступленне (такое заахвочванне атрымалі лічаныя ўдзельнікі).

Парадаваў, дарэчы, вучань Аляксандра Рыгоравіча і на шостым адкрытым рэгіянальным конкурсе дзіцячай творчасці імя Уладзіміра Будніка “Залатая нота Палесся”, што адбыўся 22 красавіка ў Жыткавічах. У Эдуарда – чарговы дыплом першай ступені.

10000_02

Выявіць і падтрымаць таленавітых дзяцей, пашырыць сувязі паміж школамі мастацтваў, абмяняцца вопытам у пытаннях удасканалення выканаўчага майстэрства – менавіта такія мэты і задачы ставяць конкурсы з удзелам юных віртуозаў музычных інструментаў. Ды, напэўна, гэтыя асобы, калі толькі пераступілі парог установы, дзе ўладарыць свет мастацтва, нават не ўяўлялі, што пройдзе некалькі год – і іх выступленне будзе прызнана лепшым, а педагогі захочуць убачыць у такіх вучнях сваіх паслядоўнікаў.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *