…І гэты ранак развітальны ў школе ўспомніцца на тысячах дарог

Общество

0001

30 мая для юнакоў і дзяўчат, якія ўступаюць у дарослае жыццё, прагучыць апошні званок.

Няхай ім на далейшым шляху спадарожнічае ўдача!

На працягу ўсёй вучнёўскай пары школьны званок клікаў атрымліваць веды і адпускаў на перапынак. А тут… Прагучыць у апошні раз – і цэлая гама пачуццяў запалоніць сэрцы ад такой знакавай падзеі. Час развітвацца са школай, педагогамі, аднакласнікамі, шчаслівым часам дзяцінства. Таму і не дзіўна, што ў кагосьці на вачах з’явяцца няпрошаныя слёзы, а ў думках прамільгне: “Якім недасягальным быў гэты момант 11 гадоў таму!” Ды не спыніць, не затрымаць, не павярнуць назад… Разуменне, што час сапраўды ляціць хутка, прыходзіць і да дзяцей, і да іх бацькоў, і да настаўнікаў менавіта ў такія хвіліны.

Пажаданні выпускнікам – толькі самыя светлыя, а наказы ў дарогу – мудрыя і слушныя: несці ў свет дабро, сумленнасць і высакароднасць, не забываць тых, хто на працягу школьных гадоў быў побач, шчодра дзяліўся ведамі. Па добрай традыцыі заахвочванні атрымаюць асобы, якія парадавалі значнымі творчымі, інтэлектуальнымі і спартыўны- мі дасягненнямі. Цёплыя словы, падзяку за стараннасць зменіць развітальная мелодыя апошняга званка. Але чарговая старонка школьнай гісторыі будзе перагорнута пасля ўручэння пасведчанняў аб базавай і атэстатаў аб сярэдняй адукацыі. Так што цярплівасці, удачы і поспехаў, настойлівасці ў дасягненні мэтаў кожнаму, хто ўступае ў дарослае жыццё.

Сёлета, дарэчы, дзявятыя класы ў нашым раёне заканчваюць 138 вучняў, адзінаццатыя –118. Ёсць сярод іх два прэтэндэнты на атрыманне пасведчанняў асобага ўзору і адзін – на атрыманне залатога медаля. Ва ўсіх наперадзе – абавязковыя выпускныя іспыты: экзаменацыйная кампанія пройдзе з 1 па 8 чэрвеня. Так, пасля завяршэння навучання ў дзявятым класе патрэбна будзе пісьмова здаць рускую і беларускую мовы (дыктанты) і матэматыку (кантрольная работа). У выпускнікоў 11 класа – чатыры экзамены: адна дзяржаўная мова на выбар (у форме пераказу), матэматыка (кантрольная работа), замежная мова і гісторыя Беларусі (у вуснай форме). Цэнтралізаванае тэсціраванне для жадаючых стаць студэнтамі пачнецца з 12 чэрвеня. А некалькімі днямі раней, 9 чэрвеня, у нашых установах адукацыі адбудуцца выпускныя вечары.

…І раскрыюцца дзверы ў свет вялікіх спраў і клопатаў, адкрыццяў і пазнанняў. Верыцца, што ўсе вытрымаюць цяжкасці, здолеюць ажыццявіць свае планы. Няхай накіроўваюць, саграваюць, натхняюць, дапамагаюць мудрыя наказы настаўнікаў, здабытыя веды і сяброўства, тысячы вялікіх і малых падзей, з якіх было саткана школьнае жыццё.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ