Пасеяць кукурузу гаспадаркам раёна неабходна да 10 мая

Сельское хозяйство

semenakuku

Па словах галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максіма Каўцэвіча, сяўбу ранніх яравых зерневых гаспадаркі нашага раёна завяршылі аднымі з першых у вобласці. Надышла чарга каралевы палёў, пасеяць якую неабходна да 10 мая. Стратэгічна важная ў кармавым звяне культура зойме сёлета 13 492 гектары, з якіх 1915 – на зерне, 690 – на насенне, астатнія плошчы будуць заняты кукурузай на сілас.

Справіцца з пастаўленай задачай і ўкласціся ў адведзеныя тэрміны дапаможа дакладная арганізацыя працы на палях. У сельгаспрадпрыемствах ёсць у наяўнасці 19 сеялак, набытых для гэтай каштоўнай культуры. На 2 мая яе насенне загорнута ў глебу на плошчы 4528 гектараў (34% да плана).

Забяспечанасць насенным матэрыялам – стопрацэнтная, прычым палову яго складаюць гібрыды айчыннай селекцыі першага пакалення, завезеныя з РСУП “Эксперыментальная база “Крынічнае”. Астатняе закуплена ў Малдове і Украіне.

Паралельна з сяўбой яравых вядзецца паўторная падкормка азімых азотнымі ўгнаеннямі. Вітаміны ў наяўнасці ёсць, работа выконваецца згодна з графікам. Азімыя не толькі сілкуюцца, але і праполваюцца з дапамогай гербіцыдаў.

Вырошчваннем бульбы займаюцца ў раёне толькі дзве гаспадаркі: ААТ “Імя Жукава” і “Брагінка”. Другому беларускаму хлебу тут адведзена па 20 гектараў, якія ўжо засаджаны клубнямі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *