Стыль работы — быць першымі

Грамадства

Генадзь Чарнічэнка.
Генадзь Чарнічэнка.

Каб дабівацца высокіх намалотаў, патрэбна вырасціць важкі колас. Якія агратэхнічныя прыёмы будуць для гэтага прыменены, якія метады выкарыстаны – справа агранамічнай службы. 

У адной звязцы з ёй працуюць трактарысты і вадзіцелі. Кожнаму тэхнолагу палёў хочацца, каб гэта былі прафесіяналы высокага класа. Таму калі ў спісе лепшых механізатараў раёна, занятых на падкормцы зерневых, убачылі прозвішча Аляксандра Мішчанкі з ААТ “Камарынскі”, не здзівіліся. Як сведчаць статыстычныя даныя, на яго рахунку – больш чым тры тысячы падсілкаваных гектараў зерневых. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан прыехаў у гаспадарку, каб падзякаваць Аляксандру Сяргеевічу за сумленную працу, уручыць падарунак.

Аляксандр Мішчанка
Аляксандр Мішчанка

“Ён зараз праводзіць хімпраполку пасеваў, – расказаў галоўны аграном “Камарынскага” Аляксандр Петруненка. – Адпачываць нам няма калі, работы ў полі зараз шмат”.

Нягледзячы на вялікі працоўны стаж, а ён у праслаўленага хлебароба пачаўся з 17 гадоў, Аляксандр Мішчанка спаборнічае з маладымі механізатарамі. 31-гадовага ўзросту не дасягнуў, хаця паспеў зрабіць для гаспадаркі за гэты час нямала. Разам з жонкай выхоўваюць дачку і сына. Лепшы спосаб для гэтага – асабісты прыклад. Бацьку пастаянна адзначаюць на раённым і абласным узроўнях, узнагароджваюць, выплачваюць прэміі. Раўняцца ёсць на каго.

Мікалай Удод
Мікалай Удод

Віншаванні ў той дзень прымалі таксама Мікалай Удод і Генадзь Чарнічэнка. Першы з іх быў заняты на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых на трактары МТЗ-3022 і з самага пачатку веснавой пасяўной кампаніі выйшаў у лідары. На энерганасычаным трактары працаваў і Генадзь Леанідавіч. Адносна новы МТЗ-3022 (пяць гадоў) дазваляе пры ўмелай эксплуатацыі дабівацца высокай выпрацоўкі.
Каб дабрацца да ўчастка, дзе ўладарыла магутная тэхніка, сустрэцца з механізатарамі, давялося прайсці пагранічны кантроль і заехаць у Ніжнія Жары. Будні ў працаўнікоў вёскі напружаныя, хацелася б, каб намаганні іх далі добры плён. Камарынскім землям патрэбна доўгачаканая вільгаць. Усё, што можна было для добрага ўраджаю зерневых, людзі зрабілі: пасеялі, падсілкавалі, прапалолі.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *