Тэма тыдня: візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

Грамадства

belta

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13-16 мая знаходзіўся з рабочым візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. З 13 па 15 мая Аляксандр Лукашэнка прымаў удзел у форуме «Адзін пояс і адзін шлях», мерапрыемствы якога праходзілі ў Пекіне і ў прыгарадзе кітайскай сталіцы. У час выступлення на пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц саміту беларускі лідар звярнуў увагу, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен, і змяненні звязаны з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі. «Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змянення мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне працвітання рэальна толькі ў сумесным мірным узаемавыгадным развіцці», — упэўнены Прэзідэнт.

belta 5Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» — гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый. У сувязі з гэтым беларускі бок прапанаваў краінам прадумаць алгарытмы па спалучэнні сваіх навуковых патэнцыялаў.

У гэтыя дні Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковыя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам і Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Бакі абмеркавалі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах. У прыватнасці, была адзначана неабходнасць актывізаваць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей у Пакістане і Турцыі. Таксама лідары краін грунтоўна разгледзелі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі, міжурадавае і міжпарламенцкае супрацоўніцтва. На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы і з іншымі лідарамі краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. У прыватнасці, Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніцтвам Кеніі, Камбоджы, Эфіопіі і В’етнама.

15 мая адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы са старшынёй праўлення кітайскай карпарацыі «СІЦІК Груп» Чан Чжэньмінам. На перагаворы таксама прыбылі кіраўнікі важнейшых падраздзяленняў кампаніі.

У апошні дзень візіту Прэзідэнт Беларусі сустрэўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі праведзены ў Пекіне форум «Адзін пояс і адзін шлях» і дамовіліся ўсяляк развіваць узаемадзеянне ў фармаце гэтага праекта. Асаблівая ўвага была ўдзелена паглыбленню супрацоўніцтва ў сферы ваеннай бяспекі і па лініі спецыяльных службаў, а таксама ў будаўнічай, інвестыцыйнай, фінансавай, аграпрамысловай, турыстычнай галінах.

Дух Шаўковага шляху стаў вялікім укладам у чалавечую цывілізацыю — Сі Цзіньпін

Міжнародны эканамічны форум «Адзін пояс і адзін шлях» адкрыўся 14 мая ў кітайскай сталіцы выступленнем старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

«На адлегласці тысяч міль, на працягу тысячагоддзяў, старажытныя шаўковыя шляхі фарміравалі дух міру і супрацоўніцтва, адкрытасці і агульнага ўдзелу, узаемнага пазнавання і ўзаемнай выгады», — сказаў Сі Цзіньпін, падкрэсліўшы, што «дух Шаўковага шляху стаў вялікім укладам у чалавечую цывілізацыю».

«Каля 2 тыс. гадоў таму быў адкрыты транскантынентальны праход, які злучае Азію, Еўропу і Афрыку», — адзначыў кітайскі лідар, падкрэсліўшы, што ў наш час ён стаў «увасабленнем міру і кааперацыі, адкрытасці і талерантнасці, узаемаразумення і ўзаемнай выгады». «Гісторыя — наш лепшы настаўнік, і яна нам гаворыць: цывілізацыя развіваецца за кошт адкрытасці, суіснаванне народаў забяспечваецца за кошт іх інтэграцыі», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, апошнім часам сусветнай супольнасці даводзіцца вырашаць шмат праблем комплекснага характару, якія патрабуюць сумесных намаганняў.

Стратэгічная канцэпцыя стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху была вылучана Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у верасні 2013 года. Яна накіравана на распрацоўку інавацыйнай мадэлі ўзаемадзеяння і фарміраванне новага парадку міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Ва ўзаемасувязі з ініцыятывай будаўніцтва Марскога шаўковага шляху XXI стагоддзя аб’яднаная канцэпцыя атрымала назву «Адзін пояс і адзін шлях». Прыярытэтамі гэтай канцэпцыі з’яўляюцца палітычная каардынацыя паміж краінамі, узаемасувязь інфраструктуры, бесперабойны гандаль, свабоднае перамяшчэнне капіталу і ўмацаванне блізкасці паміж народамі.

Беларусь адна з першых падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі гэтага праекта. Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутаў новага сухапутнага Шаўковага шляху.

Лукашэнка на саміце ў Пекіне заклікаў краіны да сумеснага мірнага і ўзаемавыгаднага развіцця

Дасягнуць працвітання дзяржавы могуць толькі ў сумесным мірным і ўзаемавыгадным развіцці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні круглага стала кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс і адзін шлях».

Беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змяненні звязаны з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі.

«Сярод іх — тэрарызм, міграцыйны крызіс, небяспечныя інфекцыйныя захворванні, кліматычныя змяненні і іншыя новыя для сучаснага свету пагрозы бяспецы. Акрамя таго, аслаблены сусветны эканамічны рост аказвае прыкметны ўплыў на паглыбленне адрозненняў паміж краінамі. Часта супярэчнасці вырашаюцца з прымяненнем зброі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змянення мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне працвітання рэальна толькі ў сучасным мірным узаемавыгадным развіцці».

Прэзідэнт падкрэсліў, што глабальныя ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» і «Супольніцтва адзінага лёсу», вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, — гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб’яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва.

«Пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязвання інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў дзяржавы. Кітай прыходзіць — і ў гэтым унікальная асаблівасць — як дружалюбная краіна, прапануючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця», — сказаў беларускі лідар.

Праект «Адзін пояс і адзін шлях» не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя кропкі росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя паверх блокаў, прызначаная гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і ліквідаваць бар’еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей.

«Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху па шэрагу напрамкаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Так, рэалізуючы прынцыпы пабудовы «Супольніцтва адзінага лёсу», Беларусь і Кітай разам развіваюць праект індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Ён будуецца як горад будучага — экалагічны, інавацыйны і камфортны для работы і для жыцця. Глыбіня праекта ў тым, што дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру, але і законы, па якіх развіваецца гэта вузлавая пляцоўка эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

«Яшчэ раз падкрэслю, што Беларусь з’яўляецца надзейным, адказным партнёрам Кітая. Аб гэтым сведчыць устанаўленне асаблівага ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі — усебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Мы адкрытая краіна. Жыццёвы прынцып беларусаў — добрасуседства. Беларусь гатова да ўзаемадзеяння ў мэтах міжнароднага развіцця. Тут і цяпер мы павінны думаць аб сучасным пакаленні і несці адказнасць за нашых дзяцей і ўнукаў», — заклікаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларусь прапануе краінам Шаўковага шляху спалучыць навуковыя патэнцыялы для сумеснага стварэння інавацый

«Беларусь захавала і паспяхова развівае школы дакладных навук і лічбавых тэхналогій. Прапануем усім дзяржавам-удзельніцам прадумаць алгарытмы па спалучэнні сваіх навуковых патэнцыялаў. На міждзяржаўным узроўні і з дзяржаўнай падтрымкай фарміраваць цэнтры даследаванняў і навуковых абменаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама, упэўнены беларускі лідар, неабходна скаардынаваць намаганні па абароне стратэгічна важнай інфраструктуры ўрадавых і камерцыйных баз даных. «Сёння гэта пытанне бяспекі захавання суверэнітэту кожнай дзяржавы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» — гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый.

«Мы цалкам падтрымліваем думку, выказаную паважаным Старшынёй Сі Цзіньпінам, аб неабходнасці стварэння ўласных тэхналогій на аснове нацыянальных распрацовак і кіруемся заяўленым ім прынцыпам — «Нельга будаваць сваю будучыню на аснове мінулых чужых дасягненняў», — звярнуў увагу ён.

Лукашэнка бачыць вялікія перспектывы для дзейнасці кітайскай карпарацыі «СІЦІК Груп» у Беларусі

Для дзейнасці кітайскай карпарацыі «СІЦІК Груп» у Беларусі ёсць вялікія перспектывы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй праўлення кампаніі Чан Чжэньмінам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі шмат чуў аб карпарацыі «СІЦІК Груп» і азнаёміўся з яе многімі добрымі праектамі, аднак заўсёды задаецца пытаннем, чаму кампанія не поўнасцю ўключана ў бізнес у Беларусі.

«Так, вы ажыццяўляеце праекты ў нашай краіне. Я добра ведаю іх, на некаторыя вашы работы гляджу кожны дзень па два разы, праязджаючы міма будоўлі. Тым не менш для такой велізарнай кампаніі, як ваша «СІЦІК Груп», гэта кропля ў моры», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву карпарацыі разгледзець розныя варыянты вядзення бізнесу ў Беларусі, разгарнуць які можна ў бліжэйшы час. «Скажыце, што мы павінны зрабіць? — спытаў ён. — Ёсць невялікія праблемы па тых праектах, над якімі мы працуем з вамі. Вы павінны сказаць, у чым гэтыя праблемы з вашага пункту гледжання».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо абмеркаваў сённяшнюю сустрэчу са Старшынёй КНР і разлічвае на дасягненне канкрэтных дамоўленасцей.

У сваю чаргу Чан Чжэньмін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца, нягледзячы на напружаны графік Прэзідэнта. На перагаворы прыбылі кіраўнікі важнейшых падраздзяленняў карпарацыі.

Кітайская карпарацыя «СІЦІК Груп» інвесціруе каля $1,5 млрд у рэалізацыю новых праектаў у Беларусі

Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні праўлення, прэзідэнт карпарацыі «СІЦІК Груп» Ван Цзюн па выніках перагавораў прадстаўнікоў кампаніі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Першая наша задача ў тым, каб завяршыць рэалізацыю ў Беларусі бягучых праектаў. З моманту майго апошняга візіту ў вашу краіну мінуў год, і мы бачым магчымасці для запуску новых бізнес-ідэй, — сказаў Ван Цзюн. — Мы ўжо дамовіліся аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці спецыяльных робатаў, таксама пачынаем рэалізацыю праектаў у прамысловай, сельскагаспадарчай і нафтахімічнай сферах. Аб’ём інвестыцый складае амаль $1,5 млрд».

Кіраўнік карпарацыі адзначыў, што Беларусь стварыла для яго кампаніі вельмі добры бізнес-клімат.

У «СІЦІК Груп» упэўнены ў поспехах узаемавыгаднага супрацоўніцтва. «Тым больш Прэзідэнт Беларусі аказвае ўсебаковую падтрымку ў рэалізацыі праектаў у розных сферах. Мы абсалютна перакананы ў будучых поспехах», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка падзяліўся з Сі Цзіньпінам уражаннямі ад форуму «Адзін пояс і адзін шлях»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 мая на сустрэчы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам ва ўрадавай рэзідэнцыі «Дзяаюйтай» падзяліўся з ім уражаннямі ад удзелу ў форуме «Адзін пояс і адзін шлях».

«Перш за ўсё хачу адзначыць, што тое маштабнае мерапрыемства, якое вы правялі, заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. Гэта мерапрыемства ўжо абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Думаю, што ўсё яшчэ наперадзе. Гэта вельмі моцны крок, які вы змаглі зрабіць, і самае галоўнае — прыцягнуць да гэтага больш за 100 краін нашай планеты. Мы ганарымся тым, што былі першыя ў Еўропе і адны з першых у свеце, хто не проста падтрымаў ідэю «Аднаго пояса і аднаго шляху», а пачаў рэалізацыю гэтага маштабнага праекта на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца самога мерапрыемства, кіраўнік дзяржавы расказаў, што абмяркоўваў яго правядзенне з прадстаўнікамі многіх краін. «Самым яркім і самым моцным (я за 20 з нечым гадоў работы Прэзідэнтам такога не бачыў) было ваша ўступнае слова. Мы ўзялі гэта выступленне і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта было маштабнае і вельмі канкрэтнае выступленне, — падкрэсліў ён. — Гавару не для ліслівасці. Гэта сапраўды меркаванне не толькі маё».

Прэзідэнт таксама адзначыў цікавую форму правядзення мерапрыемства і яго маштабнасць, яркую праграму для ўдзельнікаў і магчымасць правесці двухбаковыя перагаворы. «Ніхто тут часу дарэмна не марнаваў», — заявіў ён.

Лукашэнка: аб перспектыўнасці адносін з Кітаем у Беларусі ведае кожны

«Вы сапраўды дарагі друг нашай Беларусі. Напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які не ведае пра нашы адносіны, пра нашы перспектывы, пра вас як пра Старшыню гэтай вялікай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што рады сустрэчы, паколькі кожная з іх па-свойму асаблівая, сённяшняя не выключэнне. Дадатковую ўрачыстасць ёй надае той факт, што яна праводзіцца ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі.

Упершыню Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Кітай у якасці кіраўніка дзяржавы ў 1995 годзе, і цяперашні візіт стаў юбілейным — дзясятым.

У сваю чаргу Старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што Беларусь і Кітай дабіліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях.

«Я ўпэўнены ў добрай будучыні нашых адносін», — заявіў ён.

Кітай прадоўжыць аказваць Беларусі дапамогу па будаўніцтве сацыяльнага жылля

Такое рашэнне было прынята ў час перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне.

Дамоўленасць была замацавана ў міжурадавым пагадненні аб тэхніка-эканамічнай дапамозе. Дакумент быў падпісаны ў прысутнасці лідараў дзвюх краін. З беларускага боку свой подпіс на ім паставіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. «Гэта прадаўжэнне тэхнічнай дапамогі па будаўніцтве сацыяльнага жылля», — растлумачыў кіраўнік ведамства.

Па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў таксама было заключана міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Беларусь і Кітай маюць намер стварыць рабочую групу па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і тэрарызмам

Гэта пытанне абмяркоўваласяна сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне.

Сумеснае развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканамічнай і інвестыцыйнай сферамі. Так, Беларусь усяляк падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце. «Прыкладам гэтага з’яўляюцца ўзаемаадносіны нашых краін у галіне забеспячэння бяспекі, ваеннай сферы і па лініі спецыяльных службаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Стварэнне сумеснай пастаянна дзеючай рабочай групы па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і процідзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму надасць новы імпульс узаемадзеянню ў гэтых сферах».

Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Паланэз», распрацоўцы сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іншай экспартна арыентаванай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.

Акрамя таго, сёння Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Беларусі і Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая выходзяць на падпісанне новых пагадненняў, якія будуць садзейнічаць наладжванню больш цесных кантактаў па такіх важных напрамках, як следчая і экспертная работа, узгодненая міграцыйная палітыка.

«Наша ўзаемадзеянне ў галіне бяспекі ў поўнай меры адлюстроўвае ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь і Кітай вывучаюць магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён

Гэта тэма абмяркоўвалася на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне.

У час перагавораў было адзначана, што такая магчымасць існуе. Кіраўнікі дзяржаў даручылі кампетэнтным органам дзвюх краін прадметна прапрацаваць гэту магчымасць.

Цяпер паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпламатычных або службовых пашпартоў, а таксама турыстычных груп. Акрамя таго, існуюць адпаведныя дамоўленасці аб кароткіх паездках у некаторыя гарады Кітая. КНР таксама ўваходзіць у спіс 80 краін, грамадзянам якіх можна знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу пяці дзён.

Кітай можа выдзеліць Беларусі $1 млрд для завяршэння мадэрнізацыі НПЗ

Аб гэтым заявіў Старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Пекіне.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, Кітай мае магчымасць аказаць Беларусі садзейнічанне ў гэтым пытанні. У сувязі з гэтым ён даручыў кіраўнікам профільных ведамстваў прапрацаваць гэта пытанне.

Праекты па мадэрнізацыі беларускіх НПЗ тэхнічна складаныя. Уладальнікі тэхналогій — у асноўным еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, таму ад магчымасці прадастаўлення нязвязаных крэдытаў залежыць паспяховасць і эфектыўнасць іх рэалізацыі.

Паводле ацэнак спецыялістаў, неабходная сума складае амаль $1 млрд.

Беларусь і Кітай дамовіліся аб ключавых умовах дзейнасці сумеснага венчурнага фонду

Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі, інвестыцыйная кампанія «Чайна Мерчантс Капітал» і СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» падпісалі пагадненне аб ключавых умовах дагавора аб стварэнні кітайска-беларускага венчурнага фонду «Вялікі камень». Подпісы пад дакументам паставілі старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін, генеральны дырэктар «Чайна Мерчантс Капітал» Чжан Жыжуон і намеснік генеральнага дырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка Сюй Баамінь.

Згодна з дакументам заснавальнікамі фонду выступяць: Беларускі інавацыйны фонд (45 працэнтаў), Кітайска-Беларускі прамысловы інвестыцыйны фонд (45 працэнтаў) і Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка (10 працэнтаў). Памер фонду складзе не менш як $20 млн. Прадугледжваецца, што інвестыцыі будуць накіраваны ў галіну высокіх тэхналогій (высокатэхналагічныя, інавацыйныя прадукты, інавацыі ў традыцыйных сектарах эканомікі).

Тэрмін функцыянавання фонду складзе 6 гадоў: з іх 4 гады з’яўляюцца інвестыцыйным перыядам, апошнія 2 гады — перыядам выхаду. Пасля заканчэння шасцігадовага перыяду фонд можа быць ліквідаваны. Рашэнне аб гэтым прымае агульны сход акцыянераў.

Беларусь і Кітай разлічваюць стварыць сумесны венчурны фонд да восені 2017 года.

БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *