Механізатарам ААТ “Чамярыскі” па выніках работы на пасяўной уручылі граматы і падарункі

Грамадства

Анатоль Ціханчук
Анатоль Ціханчук

Механізатараў ААТ “Чамярыскі”, якім па выніках работы на пасяўной павінны былі ўручыць граматы і падарункі, давялося шукаць па ўсёй гаспадарцы.

Анатоль Ціханчук, напрыклад, каля Хракавіч трамбаваў зялёную масу. Яе дастаўлялі з поля тры аўтамашыны. У мінулыя гады эканамічная служба гаспадаркі распрацоўвала меры матэрыяльнага стымулявання, заахвочвала ўдзельнікаў зялёнага жніва ў зладжанай і эфектыўнай рабоце. Сянажныя ёмістасці, незалежна ад іх умяшчальнасці, неабходна было запоўніць за кароткі тэрмін, каб атрымаць якасны корм. Па словах маладога агранома Уладзіслава Трафімовіча, стараюцца людзі і зараз. За два дні ў траншэю паступіла 625 тон здробненай травы. Задача Анатоля Рыгоравіча – дбайна ўтрамбаваць яе.

У час веснавых палявых работ вопытнаму механізатару даручылі пагрузку арганікі. Выпрацоўкі ён дасягнуў высокай, за што і быў адзначаны. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан цёпла павіншаваў хлебароба з працоўнымі поспехамі і пажадаў моцнага здароўя і новых поспехаў. Зялёнае жніво набірае тэмпы, так што Анатоля Рыгоравіча чакаюць напружаныя будні.
Вялікія надзеі ўскладвалі сёлета на новы “Кіравец” і яго гаспадара Сяргея Фалея. І тэхніка, і чалавек не падвялі, сумленна адпрацавалі на пасяўной. Уладарыць на палях магутная тэхніка і ў гэтыя дні.

Сяргей Фалей
Сяргей Фалей

Выкарчаваныя ўчасткі пад сяўбу Сяргей Рыгоравіч рыхтуе з дыскатарам “Цігель”. Прадназначаны ён для глыбокай апрацоўкі глебы. З механізатарам мы сустрэліся на тэрыторыі машыннага двара. Лідар прафсаюзнай арганізацыі падзякаваў Сяргею Рыгоравічу за працу.

Ліст з падзякай і падарунак павінен быў атрымаць яшчэ адзін трактарыст з “Чамярыскага” – Пётр Ефіменка. Яго прозвішча значылася сярод тых, хто ўносіў арганічныя ўгнаенні. Павінша-ваць Пятра Фёда-равіча асабіста ў той дзень не атрымалася, бо ён паехаў у Хойніцкі раён. Добра, што паміж аграрыямі дзейнічае прынцып узаемавыручкі. Калі тэрмінова спатрэбілася запчастка, а яе ў наяўнасці ў сваёй гаспадарцы няма, выручаць суседзі. Так было і на гэты раз. Пётр Фёдаравіч задзейнічаны цяпер на культывацыі глебы.

Chemerisy_3

Як расказала старшыня прафкама адкрытага акцыянернага таварыства Людміла Какалава, для ўдзельнікаў корманарыхтоўкі арганізавана гарачае харчаванне. Абеды, якія рыхтуе Наталля Пяхота, дастаўляе ў поле і раздае Святлана Фалей. Дарэчы, атрымліваюць іх вяскоўцы бясплатна. Дырэкцыя сельгаспрадпрыемства паклапацілася аб рамонце сталовай у Хракавічах, што дазволіла сэканоміць немалыя сумы грошай. А галоўнае – людзі задаволены.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Галіны ШАЎЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *