Механізатары атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК

Сельское хозяйство

Вынік працы Руслана Нікалаева з ААТ “Брагінка” ў гэтую веснавую кампанію – 584 гектары зерневых і 384 – кукурузы.
Вынік працы Руслана Нікалаева з ААТ “Брагінка” ў гэтую веснавую кампанію – 584 гектары зерневых і 384 – кукурузы.

Кандыдатуры механізатараў, якія вызначыліся на веснавых палявых работах і якім будуць уручаны лісты з падзякай і падарункі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Балобан заўсёды ўзгадняе з кіраўніцтвам і прафсаюзнымі лідарамі сельгаспрадпрыемстваў. Хаця і без гэтага можна здагадацца, каго з іх будуць ушаноўваць у полі.

Прозвішчы лепшых хлебаробаў у раёне добра вядомы, бо за плячыма ў кожнага – гады сумленнай працы на зямлі і майстэрства, адданасць прафесіі. Яны – гонар Брагіншчыны. У ААТ “Пераможнік” у ліку такіх – Сяргей Сідарок і Аляксей Ціханчук. Першы з іх рыхтуе зараз да жніва зернеўборачны камбайн.

Віншаванні прымае Сяргей Сідарок
Віншаванні прымае Сяргей Сідарок

Сёлетняй вясной Сяргей Рыгоравіч пасеяў 562 гектары кукурузы, 370 – аднагадовых траў і 186 – шматгадовых (люцэрны і канюшыны), а таксама 579 гектараў зерневых і зернебабвых. Яго стаж у адкрытым акцыянерным таварыстве пачаўся 27 гадоў таму. Ніхто не падлічваў, колькі гектараў зямлі ён апрацаваў за гэты час, колькі зерня намалаціў. Зразумела і так: для ўмацавання эканомікі гаспадаркі зроблена нямала. Спадзяёмся сустрэцца з ім у час уборкі хлеба.

Аляксей Ціханчук быў заняты рамонтам трактара. Надышла пара сенакашэння. Рыхтаваць кармы для грамадскага статка будзе і Аляксей Віктаравіч. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Анатоля Панчанкі, вечарам тэхніка будзе ўжо на сенажацях. Да гэтай адказнай кампаніі механізатар паспеў пасеяць 1100 гектараў кукурузы.

Павіншаваўшы трактарыстаў “Пераможніка”, накіроўваемся ў ААТ “Брагінскі” да наступнага лідара пасяўной. Гэта Аляксандр Заранік. Ён загарнуў у глебу насенне зерневых на плошчы 1870 гектараў і абышоў сапернікаў. Дарэчы, і зараз працуе на ўраджай, дыскуе поле, на якім расло проса. Сяўба для Аляксандра Віктаравіча не закончылася.

Аляксандр Заранік
Аляксандр Заранік

Шмат клопатаў у гэтыя дні і ў Сяргея Журава, чалавека прынцыповага і неабыякавага да лёсу прадпрыемства, адданага справе. Высокай выпрацоўкі Сяргей Іванавіч дабіўся на пагрузцы арганікі. Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК адзначылі іх уклад у будучы каравай. Віктар Іванавіч уручыў трактарыстам лісты з падзякай і падарункі.

Іх таксама атрымаў Руслан Нікалаеў з ААТ “Брагінка”. Праўда, пакуль ён пад’едзе да нас з другога канца поля, давялося пачакаць. Гэты механізатар з ліку тых, хто не любіць спешкі ў рабоце, усе заданні выконвае грунтоўна і якасна. У асноўным працуе з сеялкай. Яравыя і азімыя зерневыя і зернебабовыя, што наліваюцца пад сонцам, – яго рук справа. Вынік яго плёну ў гэтую веснавую кампанію – 584 гектары зерневых і 384 – кукурузы. Няхай шчодрымі будуць яны на аддачу.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *